Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Пётры Крэчэўскага


Магіла Пётры Крэчэўскага на Альшанскіх могілках у Празе

Падзеі 7 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

7 жніўня 1879 году нарадзіўся Пётра Крачэўскі (Крэчэўскі), палітык, пісьменьнік, гісторык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, дзеяч даваеннай эміграцыі ў Літве і Чэхаславаччыне, у 1919— 1928 гадах старшыня Рады БНР.


Трапіўшы ў Прагу, дасьведчаны беларускі падарожнік абавязкова наведае адзін зь яе найбуйнейшых нэкропаляў — Альшанскія могілкі.

Паміж шыхтоў надмагільных помнікаў шматлікім «белым» генэралам і казацкім палкоўнікам, паўзь месца апошняга прыстанку маці Ўладзімера Набокава ўтравелая сьцежка прывядзе да плітаў з надпісамі па-беларуску.

Тут пахаваныя Старшыня Рады БНР Васіль Захарка з жонкаю і геніяльны опэрны тэнар Міхал Забэйда-Суміцкі.

Непадалёку, праваруч ад праваслаўнае царквы пад помнікам з Пагоняю, спачывае прах яшчэ аднаго Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — Пётры Крачэўскага.

У 1917-м ён, выпускнік Віленскай духоўнай сэмінарыі, потым настаўнік, банкаўскі службовец і вайсковец, бярэ ўдзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе й абіраецца сябрам яго выканкаму.

Праз два гады Крачэўскі ўзначаліў Раду БНР, што ў тых палітычных умовах прывяло да непазьбежнай эміграцыі — спачатку ў Літву, а затым у Чэхаславаччыну.

Пётра знаходзіўся ў ліку палітыкаў, якія выступілі супраць пастановаў Бэрлінскай Усебеларускай канфэрэнцыі, дзе Менск быў прызнаны адзіным цэнтрам нацыянальна- дзяржаўнага Адраджэньня Беларусі і дзе прагучаў заклік вяртацца ў савецкую Беларусь.

Пяру Пётры Крачэўскага належаць паэтычныя й драматургічныя творы, але найперш ягоны талент удумлівага гісторыка і літаратара выявіўся ў эсэ й артыкулах, прысьвечаных асобам і падзеям беларускай мінуўшчыны.

У адным зь іх — эсэ «Скарына і незалежнасьць» — Старшыня Рады БНР напісаў словы, сэнс якіх непадуладны часу: «Бяз мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і ня можа быць Незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.126-127.

Таксама ў гэты дзень

1819 — войска Сімона Балівара перамагло гішпанцаў у бітве на рацэ Баяка.

1915 — выйшаў апошні нумар купалаўскай газэты «Наша Ніва».

1930 — апошні суд Лінча ў ЗША.

1999 — уварваньне злучэньняў ісламістаў у Дагестан, пачатак Другой чачэнскай вайны.

2008 — пачалася вайна ў Паўднёвай Асэтыі.

У гэты дзень нарадзіліся

1837 — Баляслаў Калышка, адзін з кіраўнікоў нацыянальнавызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў.

У лютым 1863-га ён апошні раз зьявіўся ў Лідзе і ваколіцах, каб разьвітацца з сваякамі. Баляслаў атрымаў ад паўстанцкага кіраўніцтва прызначэньне ў Жамойць.

Хутка ягоны аддзел налічваў ужо некалькі сотняў стрэльбаў і косаў. Калі ён прывёў сваіх людзей да Зыгмунта Серакоўскага, што меў званьне літоўскага ваяводы, той уражана ўсклікнуў: «Каб ня бачыў вас перад сабою, ня даў бы веры, што вы жывы, бо з столькіх небясьпекаў хіба па небе можна вырвацца!»

Аднак у змаганьні з рэгулярнай арміяй імпэрыі паўстанцы маглі дасягнуць адно часовых посьпехаў.

У красавіцкіх баях пад Біржамі жамойцкія інсургенты, на чале якіх, як і ў выпадку з Калышкам, часта стаялі ліцьвіны-беларусы, прадэманстравалі сапраўдны гераізм. Ды сілы былі няроўныя. Асабліва цяжкай для змагароў стратаю быў захоп у палон камандзіраў — Калышкі й самога ваяводы Серакоўскага...

Баляслаў, як і Каліноўскі, назаўсёды застаўся дваццацішасьцігадовым.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.63-64.

1910 — Генадзь Цітовіч, музыказнаўца, этнограф, заснавальнік Дзяржаўнага народнага хору Беларусі, народны артыст Беларусі.

1932 — Адам Мальдзіс, беларускі літаратуразнавец і гісторык літаратуры, пісьменьнік.

Адам Мальдзіс
Адам Мальдзіс

1954 — Алег Трусаў, беларускі археоляг, гісторык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га кліканьня, былы старшыня Таварыства беларускай мовы.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

1955 — Алесь Жамойцін, беларускі паэт

1958 — Віктар Манаеў, беларускі актор.

Віктар Манаеў у ролі караля Ліра
Віктар Манаеў у ролі караля Ліра

У памяці

1921 — Аляксандар Блок, расейскі паэт-сымбаліст.

Аляксандар Блок
Аляксандар Блок

1941 — Рабіндранат Тагор, індыйскі пісьменьнік, філёзаф, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 1913 год.

Рабіндранат Тагор, скульптура Заіра Азгура
Рабіндранат Тагор, скульптура Заіра Азгура

1995 — Максім Танк, народны паэт Беларусі, грамадзкі дзяяч.

Максім Танк
Максім Танк

2007 — Уладзімер Буднік, беларускі кампазытар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG