Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Вячаслава Дубінкі, клясыка беларускай выцінанкі


Вячаслаў Дубінка

Падзеі 10 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 жніўня 1927 году ў Менску зьезд праваслаўных сьвятароў і вернікаў абвясьціў Беларускую аўтакефальную царкву. У 1930-я гады ў БССР усе біскупы і сьвятары, якія падтрымалі аўтакефалію, былі рэпрэсаваныя.

Таксама ў гэты дзень

1914 — у ходзе Першай сусьветнай вайны Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Расеі.

1919 — быў створаны Часовы беларускі нацыянальны камітэт: беларуская грамадзка-палітычная арганізацыя, каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху ў час польска-савецкай вайны 1919-20 гадоў на тэрыторыі, падкантрольнай польскім вайсковым фармаваньням.

У гэты дзень нарадзіліся

1788 — у Вялікіх Грынявічах на Падляшшы нарадзіўся Ігнат Даніловіч, беларускі ўніяцкі і праваслаўны сьвятар, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, правазнаўца і гісторык. Падрыхтаваў першае навуковае выданьне статуту Статуту ВКЛ 1529 году. Разам з прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту Міхалам Баброўскім у бібліятэцы Супрасьлеўскага манастыра адкрыў гэтак званы Літоўскі летапіс 1446 году.

1878 — Еўсьцігней Міровіч, беларускі драматург і тэатральны рэжысэр.

1878 — Альфрэд Дэблін, нямецкі пісьменьнік.

1929 — нарадзіўся Алесь Ставер, беларускі паэт, празаік, драматург, аўтар тэксту песьняў «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Касіў Ясь канюшыну» і іншых.

У памяці

2010 — памёр Вячаслаў Дубінка, беларускі пісьменьнік, фатограф, журналіст, мастак, клясык беларускай выцінанкі.

Народжанаму 17 сьнежня 1941 году ў вальналюбным Слуцку хлапчуку, сыну «антысаветчыка» (той восем гадоў мусіў прабавіць у Варкуце і вярнуўся адно пасьля сьмерці Сталіна), зь юных гадоў праглася рассунуць межы ўласнага сьвету. У сёмым клясе ён абтрос у суседа яблыньку, атрымаў на сокавыціскальным заводзіку чырвонец, купіў білет на цягнік, дакуль хапіла грошай, а далей на даху вагону даехаў да Адэсы, — каб убачыць мора і гэткім самым чынам ірвануць назад — насустрач матуліным кухталям.

Былы заўсёднік сустрэчаў у нонканфармісцкім асяродку «На Паддашку», Дубінка застанецца ўнікальным для Беларусі творцам. За тое, каб выдаць яму пасьведчаньне сябра, галасавалі прыёмныя камісіі чатырох творчых саюзаў — журналістаў, пісьменьнікаў, мастакоў і народных майстроў.

Ягоныя вандроўныя нарысы прыводзяць на памяць творы Рышарда Капусьцінскага. Прасякнутыя незьнішчальнай іроніяй кнігі «Браты сьвятой ночы» і «Сындыкат Мані Дулі», як і «Ня плач, душа мая», маглі б стаць літаратурным грунтам для авантурных сэрыялаў.

Але найбольшую славу прынесла Дубінку старадаўняе беларускае мастацтва выцінанкі, якое мяноўна ён вярнуў зь нябыту. Выцінанкі Вячаслава Дубінкі ілюструюць многія беларускія кніжкі, дапамагаюць мультыплікатарам здабываць міжнародныя прэміі, проста захапляюць сваёй сьціплай геніяльнасьцю. Знайдзіце, да прыкладу, у альбомах твор пад назовам «Пеўні ловяць сэрцам дух прыгожы».

Міліцыя колькі разоў затрымлівала «ненармальнага» з нажніцамі і паперай на вакзалах і ў аэрапортах. А пісаць, ізноў прыцягваючы ўвагу пільных ахоўнікаў парадку, ён найбольш любіў на менскім паштамце.

Ягонае сэрца спынілася на паўдарозе, на паўслове, на паўсправе. Рыхтаваў да друку кнігу прозы. Пісаў пра «другое слуцкае паўстаньне», што выбухнула ў 1967-м супраць няправеднага савецкага суда…

Заходзячы на паштамт, я дагэтуль наструньваюся: а раптам у чалавечым тлуме сустрэну ўважлівы цёплы позірк ягоных неўміручых у памяці вачэй?..

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с. 598–599.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG