Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць у кайданках. Як год таму ў Гомлі загінуў Аляксандар Віхор. Фільм Свабоды


На магіле Аляксандра Віхора

У гадавіну сьмерці Аляксандра Віхора Радыё Свабода пагаварыла з роднымі, прачытала сьведчаньні тых, хто быў побач з маладым чалавекам апошнія тры дні ягонага жыцьця, і вывучыла матэрыялы праверкі Сьледчага камітэту.

12 жніўня 2020 году ў Гомлі загінуў 25-гадовы Аляксандр Віхор. Вечарам 9 жніўня яго па дарозе дадому затрымаў АМАП. Тры дні маці нічога не магла даведацца пра сына. 12 жніўня міліцыя паведаміла, што Аляксандр памёр у рэанімацыі.

Спачатку распаўсюдзілі плёткі, што Аляксандар нібыта быў наркаманам. Экспэрты прыйшлі да высновы, што ані алькаголю, ані наркотыкаў у крыві маладога чалавека не было. Праверка цягнулася да вясны 2021 году. Па выніках бацькі атрымалі адказ, што ніхто не вінаваты ў сьмерці сына.

Афіцыйна: «У Віхора востра ўзьнікла парушэньне сардэчнага рытму». А цялесныя пашкоджаньні — шматлікія гематомы, пераламаныя рэбры і грудзіна, а таксама «недахопы ў аказаньні мэдычнай дапамогі», «у прычынна-выніковай сувязі не знаходзяцца».

Што паказала закрытая праверка Сьледчага камітэту

Увесну маці вывучыла і перапісала ад рукі шэсьць тамоў праверкі Сьледчага камітэта. Кожны — каля 250 старонак. Больш ніхто не атрымаў доступу да гэтых дакумэнтаў.

З праверкі стала вядома, што сьведкі затрыманьня казалі пра тое, што Аляксандра моцна білі супрацоўнікі міліцыі і АМАП, што ён прасіў мэдычнай дапамогі, а ў адказ атрымліваў чарговыя ўдары, што ён траціў прытомнасьць і трызьніў, што пры чарговым пагаршэньні ягонага стану міліцыянты запырскалі Аляксандра пярцовым газам.

«А што рабіць з гэтым?», — спытаўся адзін міліцыянт у другога, маючы на ўвазе Аляксандра Віхора, які ляжаў без прытомнасьці ў аўтазаку. «Хай здыхае», — адказаў міліцыянт», — расказаў Свабодзе адзін са сьведкаў, які быў разам з Віхорам у аўтазаку.

Пахаваньне Аляксандра Віхора
Пахаваньне Аляксандра Віхора

Калі Аляксандра прывезьлі ў псыхіятрычны шпіталь у ноч з 11 на 12 жніўня, то супрацоўнікі міліцыі таксама паведамілі лекару, што ён «пад наркотыкамі». Калі Аляксандру зрабілася яшчэ горш, ён фактычна паміраў, міліцыянты нарэшце выклікалі «хуткую» і паведамілі праз тэлефон пра Віхора: «Вкусняшек наелся», пэўна, маючы на ўвазе наркатычнае атручэньне.

«Сын паміраў у канвульсіях на падлозе псыхіятрычнага шпіталю, куды яго прывезьлі міліцыянты, а яны здымалі гэта на тэлефон і суправаджалі зьняважлівымі камэнтарамі! Час ішоў, а міліцыянты не хацелі везьці Сашу ў рэанімацыю на сваім аўтамабілі, бо баяліся, што ён памрэ, і чакалі „хуткую“», — расказвала Свабодзе Сьвятлана Віхор, маці загінулага.

Улётка, прысьвечанага забітаму ў Гомлі Аляксандру Віхору.
Улётка, прысьвечанага забітаму ў Гомлі Аляксандру Віхору.

І праз год родныя ня вераць у афіцыйную вэрсію і ўпэўненыя, што іх блізкі чалавек памёр ад пабіцьця і гвалту. «Выходзіць, вінаватых няма... Я хацела бы паглядзець у вочы тым міліцыянтам... У іх жа таксама ёсьць дзеці, дочкі, сыны», — кажа Вольга Віхор, сястра Аляксандра.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG