Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Якуба Коласа


Якуб Колас. 1950-я гады.

Падзеі 13 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

13 жніўня 1956 году памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас, а таксама грамадзкі дзяяч, перакладчык, пэдагог. Колас лічыцца аднім з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.

Я налічыў дзесяць знаёмых, якія ведаюць на памяць ягоную «Новую зямлю». Коштам мяне гэты сьпіс не папоўніцца, бо я ў свой час вывучыў ня менш геніяльнага, але бліжэйшага маёй гарадзкой душы «Сымона-музыку»:

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад сьветлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей...

Пад гоман бароў, у сям’і лесьніка Міхала Міцкевіча, што служыў у князёў Радзівілаў, ён і зьявіўся на сьвет.

Зьдзейсьніўшы яшчэ ў студэнцкія гады паломніцтва ў тыя наднёманскія мясьціны, я знайшоў у кнігарні томік з «Сымонам» і ўжо праз тыдзень мог дэклямаваць паэму зь любой страфы.

Даводзілася сустракацца з думкаю, што, параўнаўча з бунтоўным Купалам, Колас быў па-мужыцку абачлівейшы і «спакайнейшы». Факты пярэчаць: за ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе й антыўрадавую дзейнасьць Якуб Колас быў у 1908‑м на тры гады ўвязьнены ў менскім астрозе. Якраз тады выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Песьні жальбы».

У сьвятле дакумэнтальных сьведчаньняў руйнуецца й міт пра заўсёдную ляяльнасьць Коласа да савецкай улады. На Рыскую дамову 1921 году паміж Польшчай і савецкай Расеяй, якія разарвалі Беларусь, ён адгукнуўся забароненым на дзесяцігодзьдзі вершам «Беларускаму люду»: «Нас падзялілі – хто? Чужаніцы, / Цёмных дарог махляры...».

Дзядзька Якуб сябраваў з «нацдэмам» Юркам Лістападам, працэс якога прагрымеў у сярэдзіне 1920‑х. Колас праходзіў у справе сьведкам і мусіў перажыць ператрус з рэвальвэрам, прыстаўленым яму да скроні. У 1938 годзе ён некалькі гадзінаў – пакуль у доме доўжыўся новы татальны ператрус – стаяў з паднятымі рукамі тварам да сьцяны.

У апошні дзень жыцьця народны паэт пайшоў у ЦК КПБ зь лістом у абарону беларускай мовы. Партыйны сакратар Цімафей Гарбуноў не прыняў Коласа. Той ліст цяпер зрабіўся ці не актуальнейшым: «Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, не гавораць з наведнікамі... Акадэмія навук не карыстаецца беларускай моваю... Студыя «Беларусьфільм» здымае фільмы на рускай мове. Такім шляхам нацыянальную кінэматаграфію ня створыш...». Апрача таго Колас напісаў ліст пра жудасны стан беларускіх могілак.

Ёсьць зьвесткі, што з ЦК паэт папрасіў шофэра завезьці яго ў Курапаты, дзе доўга аб нечым маўчаў.

Беларусь разьвітвалася з Коласам тры дні: праз Палац прафсаюзаў плыла несканчоная людзкая рака.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.254-255.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00
Наўпроставы лінк

Таксама ў гэты дзень

1654 — пасьля працяглае аблогі горад Гомель захапілі казакі Івана Залатарэнкі. Залатарэнка прывёў у Беларусь сваё 20-тысячнае войска пры падтрымцы маскоўскага цара.

1920 — падчас польска-савецкай вайны пачалася Варшаўская бітва, у якой польскія сілы пад камандаваньнем Юзэфа Пілсудзкага затрымалі бальшавікоў каля Варшавы, а потым разьбілі іх і прымусілі да адступленьня. Шэраг польскіх перамогаў, якія адбыліся пасьля Варшаўскай бітвы, прывялі да мірнай польска-савецкай дамовы 1921 году ў Рызе. У выніку гэтай дамовы Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы.

У гэты дзень нарадзіліся

1899 — клясык амэрыканскіх фільмаў жаху Альфрэд Хічкок.

1913 — беларускі кампазытар Анатоль Багатыроў, адзін з заснавальнікаў беларускай опэры. Сярод іншага, ён напісаў музыку да опэры «У пушчах Палесься», абапёртай на аповесьці «Дрыгва» Якуба Коласа (пастаноўка 1939 году).

1926 — камуністычны дыктатар Кубы Фідэль Кастра. Ён кіраваў краінай з 1959 па 2006 год, калі перастаў зьяўляцца на публіцы і перадаў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы малодшаму брату Раулю.

У памяці

1946 — памёр Гербэрт Уэлс, ангельскі пісьменьнік.

1995 – забіты Аляксей Мельнікаў, гісторык і літаратар.

Ён быў з тых, пра каго кажуць: як ня з гэтага сьвету. Гаворачы зь ім у бібліятэцы, за каваю або на кіназдымках, я ня раз лавіў сябе на адчуваньні, што ён тут, побач са мной, і ў той самы момант недзе ў іншым вымярэньні.

Мы затаварышавалі з Аляксеем падчас працы над фільмам «Эўфрасіньня Полацкая», які ў 1989-м паводле майго сцэнару здымала ў Полацку і Кіеве кінастудыя «Летапіс». Мельнікава, які толькі што пераехаў у Менск і стаў супрацоўнікам акадэмічнага Інстытуту літаратуры, запрасілі навуковым кансультантам.

Лепшай кандыдатуры нельга было і ўявіць. Аляксей якраз падрыхтаваў да абароны дысэртацыю, прысьвечаную жыцьцяпісам беларускіх сьвятых.

Дзякуюч ы яму ўпершыню загучалі па-беларуску «Жыці і» Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрама і Мэркура Смаленскіх...

Аляксей быў глыбокім дасьледнікам і ня менш глыбокім хрысьціянінам. Нягледзячы на сваю навуковасьць, яго рукапісы й кнігі, якіх Аляксей ужо не пасьпеў убачыць, — «Найпадобнейшая Эўфрасіньня Полацкая» і «Кірыл, япіскап Тураўскі: жыцьцё, спадчына, сьветапогляд» — чытаюцца лёгка й захапляльна. За імі паўстае высакародны элегантны вобраз маладога вучонага, бліскучага палеміста, вытанчанага эстэта. Адна з нашых агульных сябровак напісала ў успамінах пра Аляксеева ўменьне апранацца, як «лёнданскі дэндзі». Насамрэч гэты дэндзі быў менскі — у белым гарнітуры і сьнежнай кашулі зь яркім чырвоным гальштукам.

Неяк у маёй зь ім спрэчцы Аляксей урэшце пагадзіўся з думкаю, што маральнага прагрэсу не існуе. Я, памятаецца, казаў пра матрыцу гісторыі, якая ўдрукоўвае адны й тыя ж сытуацыі ў розныя эпохі, а чалавек, што апынаецца перад маральным выбарам, — той самы.

Ужо па сыходзе Аляксея ў іншасьвет я адшукаў у адным зь ягоных тэкстаў афарыстычнае рэзюмэ да той нашай размовы: «Сапраўды, гісторыя — гэта мы самі, але вельмі даўно».

У Хрыстовым веку яго знайшлі забітым у сьценах уласнай кватэры.

Сьвятло таленту Аляксея працягвае ісьці да нас. Выдавецтва «Чатыры чвэрці» выпусьціла важкі
том «Зь неапублікаванай спадчыны», куды, апрача манаграфій і артыкулаў, увайшлі ягоныя напоўненыя прадчуваньнем трагедыi вершы:

Госпад ішоў супакоеным горадам,
сіняю замецьцю, шляхам нябачным:
небам, азораным зорамі, зорамі;
сьветам, асьвечаным плачамі, плачамі.

Позьні вандроўнік, вар’ят і паэта,
гнаны ў бяссоньне натхнёнаю марай,
убачыў, адзіны, пайшоў за ім сьледам,
сьветла ўздыхнуўшы: «Нарэшце, Ўладару!»

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.419-419

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG