Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль узяўся каранавірус, або Навошта Кітаю фэйкавы швайцарскі навуковец


Ілюстрацыйнае фота

Нейкі швайцарскі біёляг рэзка скрытыкаваў ЗША і САЗ, аспрэчыўшы тэзіс пра лябараторнае паходжаньне каранавірусу. Яго шырока цытавалі кітайскія СМІ. Высьветлілася, што такога навукоўца не існуе.

Гэтую паказальную гісторыю расказалі журналісты DW.

Нэўтральнасьць, надзейнасьць і карэктнасьць — з гэтымі трыма паняцьцямі асацыюецца Швайцарыя ў большасьці людзей у сьвеце. А швайцарскія навукоўцы для многіх — жывое ўвасабленьне гэтых якасьцяў. Так што пост у Facebook біёляга з Бэрнскага ўнівэрсытэту Ўілсана Эдвардса, дзе ён пісаў пра ціск і нават запалохваньні з боку Злучаных Штатаў і некаторых СМІ на адрас ягоных калег-навукоўцаў, якія спрабуюць выявіць паходжаньне каранавірусу, выглядаў цалкам рэальным.

Дзяржаўныя кітайскія СМІ і інтэрнэт-плятформы шырока цытавалі паведамленьне швайцарскага біёляга, бо яно пацьвярджала заявы афіцыйнага Пэкіна пра тое, што ўсе вэрсіі наконт узьнікненьня каранавірусу ў лябараторыі ва Ўхані — гэта паклёп з боку ЗША, які ня мае пад сабой навуковых доказаў.

Са спасылкай на выказваньні вучонага з Бэрну кітайскія СМІ называлі амэрыканскія здагадкі пра нібыта штучнае паходжаньне каранавірусу клясычным прыкладам фальшывых навінаў і прапаганды.

Уілсану Эдвардсу дзякавалі за навукова абгрунтаваныя тлумачэньні і захапляліся ягонай сумленнасьцю і мужнасьцю ў разьвенчваньні «альтэрнатыўных фактаў».

Амбасада Швайцарыі ў Кітаі шукае Ўілсана Эдвардса

10 жніўня пасольства Швайцарыі ў Пэкіне, якое звычайна не адзначаецца асаблівым пачуцьцём гумару, разьмясьціла на сваёй старонцы ў Twitter і ў ягоным кітайскім аналягу Weibo пост наступнага зьместу: «Уілсан Эдвардс, калі вы сапраўды існуяце, будзем рады з вамі пазнаёміцца».

Далейшыя пошукі паказалі, што пад гэтым імем у Швайцарыі не зарэгістраваны ніводзін чалавек і не была апублікаваная ніводная навуковая праца. Швайцарская амбасада патрабавала ад кітайскіх СМІ выдаліць усе матэрыялы са згадкай пра няіснага навукоўца з Бэрну.

Пасьля гэтага артыкулы пра швайцарскага біёляга былі выдаленыя са стужкі дзяржаўнага інфармагенцтва «Сіньхуа» і з інтэрнэт-старонак газэт China Daily і Global Times, якія выходзяць на ангельскай мове. Зьнікла і старонка ўяўнага Ўілсана Эдвардса на Facebook, створаная, як выглядае, дзеля аднаго "выкрывальнага" поста. Тым часам кітайскамоўныя СМІ, якія рэгулярна вінавацяць заходнія масмэдыя ў распаўсюдзе фэйкавых навінаў, выдаляць спасылкі на «бэрнскага навукоўца» не сьпяшаюцца — цытаты няіснага экспэрта да гэтага часу можна знайсьці на некаторых сайтах.

Фэйкавыя сайты для кітайскай прапаганды

Зусім нядаўна брытанская няўрадавая арганізацыя Centre for Information Resilience апублікавала вынікі новага дасьледаваньня, падчас якога ў сацыяльных сетках было выяўлена больш як 350 фэйкавых профіляў, што распаўсюджваюць кітайскую дзяржаўную прапаганду.

У іх абмяркоўваліся такія тэмы, як каранавірус, парушэньні правоў чалавека ў Сіньцзяне або расізм. Мэтай гэтых пастоў было накіраваць дыскусію ў патрэбнае Пэкіну рэчышча і дыскрэдытаваць урады заходніх дзяржаў, гаворыцца ў дасьледаваньні.


Выпадак з Уілсанам Эдвардсам паказвае, наколькі палітызаванымі сталі спробы ўстанавіць прыроду паходжаньня каранавірусу — асабліва для Кітаю. ЗША і САЗ па-ранейшаму не адмаўляюцца ад тэорыі лябараторнага стварэньня SARS-CoV-2. І пакуль гэтая вэрсія застаецца ў сіле, Пэкін адмаўляецца ўдзельнічаць ва ўсіх далейшых расьсьледаваньнях — пры неабходнасьці паклікаўшы на дапамогу няіснага кітайскага навукоўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG