Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня выйсьці мэдыкі не маглі». Лекары пра год, які зьмяніў усё


Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Віцебску. 13 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.

Год таму прайшлі першыя акцыі пратэсту, ланцугі салідарнасьці мэдыкаў Беларусі. Сярод палітвязьняў Беларусі каля 10 мэдыкаў. Шмат дактароў зьехалі з краіны празь перасьлед. Як зьмянілася мэдычная супольнасьць Беларусі за гэты год? Абмеркаваньне на youtube-канале «Свабода Premium».

Удзельнічаюць

  • Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка, якая цяпер працуе ва Ўкраіне, а раней загадвала аддзяленьнем эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Лідзія зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну летась праз палітычную сытуацыю ў краіне.
  • Дзіцячы анколяг Надзея Пятроўская, якая працуе паводле спэцыяльнасьці ў Чэскім Крумлаве. Надзея загадвала аддзяленьнем РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, увосень звольнілася на знак пратэсту, калі ў РПНЦ насуперак волі пэрсаналу зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі.
  • Урач-пэрфузіёляг Віктар Лагацкі, які працаваў у Цэнтры дзіцячай хірургіі ў Менску, цяпер працуе ў Чэскім Крумлаве. Звольніўся і зьехаў празь небясьпеку, бо выказваў сваю пазыцыю як мэдык і музыка падчас пратэстаў.

Глядзіце дыскусію на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«Было адчуваньне гуманітарнай катастрофы»

Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Малінаўцы, 12 жніўня
Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Малінаўцы, 12 жніўня

Надзея Пятроўская: У мяне не было ілюзій, што ўсё адбудзецца хутка, але калі пабачыла, што выраблялі сілавікі пасьля выбараў, то гэта было па-за межамі разуменьня дабра і зла. Гэта быў шок, нягледзячы на тое, што я разумела, што не аддадуць уладу дэмакратычным сілам. Але такога тэрору ніхто не чакаў. Было адчуваньне гуманітарнай катастрофы.

Маім самым яркім успамінам стала 9 жніўня, калі людзі сабраліся каля стэлы. Людзі ішлі з чатырох кірункаў. Калі я ішла з боку Машэрава, адчувалася, што людзей шмат, але ня вельмі. І калі мы ўключылі ліхтарыкі на мабільных тэлефонах, то пабачылі, што на ўсіх іншых кірунках людзі таксама ўключылі ліхтарыкі. Стала зразумела, што нас вельмі шмат. І ў гэты момант пачалі выкарыстоўваць сьвятлашумавыя гранаты, пачалося ўжываньне сілы брутальнымі мэтадамі. І тады былі першыя параненыя, першыя хуткія дапамогі, шмат маіх калегаў аказвалі першую дапамогу.

«Першая патрэба мэдыкаў — дапамагаць»

Віцебск, ланцуг салідарнасьці лекараў, 15 жніўня 2020
Віцебск, ланцуг салідарнасьці лекараў, 15 жніўня 2020

Віктар Лагацкі: Пасьля першых пратэстаў людзей пачалі жорстка зьбіваць, мэдыкі не змаглі заставацца ўбаку. Пачалі стыхійна зьяўляцца ланцугі салідарнасьці. Ня выйсьці мэдыкі не маглі. І пачалася ланцуговая рэакцыя, пачалі выходзіць адны за адным. Кожны быў там, дзе лічыў патрэбным быць. Неяк адразу пачалі каардынавацца. Атрымаўся вір падзеяў. Увесь жнівень адбываліся акцыі, выходзілі ў ланцугі, хадзілі ўвечары і ўдзень. Ранкам сустракаліся, адносілі мэдыкамэнты, вырашалі, што далей рабіць, падтрымлівалі тых, хто выходзіў да Белтэлерадыёкампаніі ці ў іншых месцах. Можа, цяпер ужо не такія эмоцыі, але ўсё роўна ты знаходзісься ў гэтым стане ўжо цэлы год.

Чаму менавіта мэдыкі так зьяднана заявілі пра сябе ў часе пратэстаў? Таму што гэта першая патрэба мэдыкаў — дапамагаць. Таму і такая кансалідацыя атрымалася. Я лічу, што мэдыкі даволі добра кансалідаваліся. Гэта не магло ня зьдзейсьніцца. Гэта наш абавязак і наша ўнутраная сіла — у тым, каб быць разам і дапамагаць людзям. Толькі так можна было зрабіць дзейнае і эфэктыўнае, і працягваць рабіць і цяпер.

«Я асабіста ні пра што не шкадую»

Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Малінаўцы, 12 жніўня
Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Малінаўцы, 12 жніўня

Лідзія Тарасенка: У мяне ніколі не было ілюзіяў пра цяперашнюю ўладу. Мне падавалася, што ўсім павінна было быць відавочна, што мы жывём пры хунце. Я ніколі не сумнявалася ў іх здольнасьці тварыць якую заўгодна дзіч. Адная справа меркаваць пра гэта тэарэтычна, іншая — сутыкнуцца з гэтым у рэальнасьці. Чаго я не чакала, гэта што народ так ускалыхнецца. 9 жніўня нас адразу схапілі. Мая гісторыя — з тых «ідыёцкіх», калі «мне пашанцавала, мяне ня білі». Зьбівалі людзей вакол мяне. Мяне адпусьцілі ў РУУС праз 12 гадзін. Не магу сказаць за ўсіх, за пакалечаных, за зьняволеных, але я асабіста ні пра што не шкадую.

Як зьмянілася мэдычная супольнасьць Беларусі за гэты год

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: Кожны зрабіў свой экзыстэнцыйны выбар. Я звольнілася на знак пратэсту. Потым зьехала. Кожны прыняў нейкі бок для самога сябе. Ня часта адбываюцца ў жыцьці падзеі, калі можна праверыць, наколькі ты чалавек. Глыбокае філязофскае пытаньне для кожнага чалавека. Лекары заўсёды былі людзьмі, якія думаюць крытычна. Быць настолькі недальнабачнымі, каб рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, ці падтрымліваць гэта? На мой погляд, гэта недапушчальна і немагчыма, але гэта мае месца. Мэдычная супольнасьць расслаілася. Але я ганаруся калегамі, зь якімі давялося быць апошні год, і таксама ні пра што не шкадую.

Віктар Лагацкі
Віктар Лагацкі

Віктар Лагацкі: Нягледзячы на тое, колькі кадраў страціла беларуская мэдычная супольнасьць, колькі людзей ад’ехалі ці зьбіраюцца адʼехаць, галоўнае, і гэта тычыцца ня толькі мэдычнай супольнасьці, — усе сталі бліжэй адзін да аднаго. Раней усе сядзелі па сваіх хатках. Цяпер ёсьць разуменьне таго, што Беларусь — адзін агульны дом, у якім жывём мы ўсе. Усе розныя, але ўсё ж мы разам. І гэта галоўнае. Беларусь жыве, і жыве мэдычная сфэра, як і іншыя сфэры.

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

Лідзія Тарасенка: Нягледзячы на жах і кашмар, што адбываецца, беларусы ўрэшце адчулі сябе беларусамі. Ва Ўкраіне можна адчуць, як масава зьяжджаюць беларусы. І мы адрозьніваемся ад папярэдніх хваляў эміграцыі, калі людзі проста раствараліся ў грамадзтве, у якім аказваліся. Цяпер беларусы сталі падобнымі да беларусаў і ні да кога болей. Мы сапраўды абʼядналіся і навучыліся ўзаемадзейнічаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG