Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбачоў заявіў, што ўрокі путчу 91-га актуальныя і сёньня — трэба адстойваць дэмакратыю і выключыць магчымасьць узурпацыі ўлады


Міхаіл Гарбачоў, 2021 год

Дэмакратычны шлях разьвіцьця Расеі — адзіна правільны, толькі на гэтым шляху краіна можа разьвівацца і вырашаць любыя праблемы, — сказаў былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў у заяве з нагоды 30-й гадавіны жнівеньскага путчу 1991 году.

«Лічу, што ўрокі тых дзён актуальныя сёньня. Адстойваць прынцыпы дэмакратыі і прававой дзяржавы, выключыць любую магчымасьць узурпацыі ўлады, авантурных дзеяньняў — гэта заўсёды павінна быць клопатам грамадзтва і дзяржавы», — цытуе Гарбачова «Настоящее время».

У жніўні 1991 году ў СССР была зьдзейсьненая спроба дзяржаўнага перавароту, так званы «жнівеньскі путч». У гэты дзень Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП) абвясьціў пра ўвод войскаў у Маскву, увядзеньне жорсткай цэнзуры ў СМІ і пра адмену шэрагу канстытуцыйных правоў грамадзян. Дзеля «стабілізацыі становішча ў краіне» і ратаваньня Савецкага Саюзу ад распаду прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў быў ізаляваны. Пасьля сутыкненьняў ГКЧП фактычна прызнаў сваю паразу і быў распушчаны, Гарбачоў вярнуўся ў Маскву.

Гарбачоў назваў дзеяньні путчыстаў «авантурай», якая «была асуджаная дзякуючы цьвёрдай пазыцыі прэзыдэнта СССР, прэзыдэнта Расіі, мужнасьці тысяч масквічоў, многіх грамадзкіх дзеячаў, дэпутатаў». Паводле яго слоў, людзі не хацелі вяртаньня да ранейшых парадкаў, а створаныя ў выніку перабудовы дэмакратычныя інстытуты ў цэлым вытрымалі выпрабаваньне.

Як вынікае з апытаньня «Левада-Цэнтру», 43 адсоткі расейцаў ацэньваюць падзеі жніўня 1991 году як трагічныя і згубныя для краіны. Гэты пункт гледжаньня найбольш папулярны сярод рэспандэнтаў ад 40 да 55 гадоў і старэйшых. У гэтых узроставых групах так лічыць амаль палова апытаных, адзначаюць сацыёлягі. 40 адсоткаў рэспандэнтаў ацэньваюць падзеі жніўня 1991 году як барацьбу за ўладу. Яшчэ 10 працэнтаў апытаных лічаць тое, што адбылося, «перамогай дэмакратычнай рэвалюцыі, якая скончыла з уладай КПСС».

Міхаіл Гарбачоў атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за намаганьні спыніць халодную вайну. 90-гадовы палітык цяпер жыве ў службовым доме пад Масквой. Яго дачка і ўнукі жывуць у Нямеччыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG