Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: год таму Ціханоўская заклікала эўрапейскіх лідэраў не прызнаваць выбараў


Падзеі 19 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 жніўня 1991 году ў Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту ў СССР: змоўнікі (так званы ГКЧП) адхілілі ад улады прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова і заявілі аб увядзеньні надзвычайнага становішча.

У Менску дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі заяву з асуджэньнем путчу, патрабаваньнем скліканьня нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету. Увечары на плошчы перад Домам ураду Беларускі Народны Фронт правёў мітынг пратэсту.


У гэты дзень год назад

  • Лукашэнка на пасяджэньні Савету бясьпекі распарадзіўся, сярод іншага, узмацніць ахову мяжы па ўсім пэрымэтры, сачыць за перамяшчэньнем войскаў NATO на тэрыторыі Польшчы і Літвы, спыніць «беспарадкі ў Менску», выкрыць «каналы фінансаваньня» пратэстаў і гарантаваць функцыянаваньне прадпрыемстваў.
  • Сьвятлана Ціханоўская ў відэазвароце заклікала эўрапейскіх лідэраў не прызнаваць выбараў у Беларусі.
  • Некалькі тысяч чалавек пратэставалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
  • ААТ «Беларуськалій», у штаце якога каля 15 тысяч супрацоўнікаў, — адзінае буйное прадпрыемства Беларусі, дзе спынілі вытворчасьць.

Таксама ў гэты дзень

1562 — пад Невелем аддзел войскаў ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым разьбіў маскоўскае войска на чале з Андрэем Курбскім.

1587Жыгімонт Ваза стаў вялікім князем літоўскім. Перад гэтым яго прагналі са швэдзкага пасаду тамтэйшыя пратэстанты. У беларускую гісторыю Жыгімонт Ваза ўвайшоў тым, што садзейнічаў Берасьцейскай царкоўнай уніі і адваяваў у Расеі Смаленшчыну.

1888 — у Бэльгіі прайшоў першы ў сьвеце конкурс прыгажосьці.

1925 — у Вільні пачалося выданьне газэты «Жыцьцё Беларуса».

1989 — прэзыдэнт Польшчы Войцех Ярузэльскі прызначыў прэмʼер-міністрам сябра «Салідарнасьці» Тадэвуша Мазавецкага.

У гэты дзень нарадзіліся

1831 Зыгмунт Чаховіч, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1883 Габрыэль «Како» Шанэль, француская куцюр’е і заканадаўца моды.

1893Баляслаў Слосканс, каталіцкі біскуп, рэлігійны і грамадзкі дзеяч беларускага замежжа.

1896 Жан Піяжэ, швэйцарскі псыхоляг.

1912 Барыс Мікуліч, беларускі пісьменьнік.

У памяці

1662 — памёр Блез Паскаль, францускі навуковец.

1819 — памёр Джэймс Ват, шатляндзкі інжынэр, вынаходнік-мэханік.

1929 — памёр Сяргей Дзягілеў, расейскі мастацкі і тэатральны дзеяч.

1936 — памёр Фэдэрыка Гарсія Лорка, гішпанскі паэт і драматург.

1977 — памёр Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.

2004 Купрэеў Мікола, пісьменьнік.

Мікола Купрэеў, «Палеская элегія», Аповесьці — Менск, «Літаратура і мастацтва», 200
Мікола Купрэеў, «Палеская элегія», Аповесьці — Менск, «Літаратура і мастацтва», 200


Ёсьць у мяне здавён такі крытэр ацэнкі паэзіі: калі з кніжкі ўразіць хоць адзiн радок, запамінаю імя аўтара і чакаю наступнае сустрэчы.

Калісьці, на пачатку 1970-х, дзякуючы сябру-аднакурсьнiку да маіх рук патрапіў паэтычны зборнік, які пачынаўся неяк нязвыкла-даверліва: «Я хацеў вам сказаць...»

Кніжка называлася «Непазьбежнасьць». Яна была ў папяровай вокладцы, выдадзеная абы-як, але затое — абцёрханая і з загнутымі сям-там краямі старонак, бо відавочна мела нямала чытачоў.

Да іх ліку далучыўся яшчэ адзін, пагатоў, акрамя першага радка, мяне (можа, нейкім эпічным размахам?) зачапілі й іншыя:

Стаю над Дняпром.
На сьлядах сваіх продкаў
Стаю...

Аўтара зборніка звалі Мікола Купрэеў. Год прамінаў за годам, яго даўнія радкі ня вялі ў памяці, а новых
кніжак усё не зьяўлялася.

Другая — «Правінцыйныя фантазіі» — выйшла амаль праз трыццаць гадоў, у 1995-м, і адразу была вылучаная на Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы. Камісія па прэміях аднагалосна выказалася «за», але знайшліся рупліўцы, якія настукалі куды трэба, што Купрэеў зганьбіць годнасьць ляўрэата, бо ён — «бомж», ды, апрача ўсяго, у адным зь вершаў згадаў неласкавым словам самога прэзыдэнта.

Саюз пісьменьнікаў даў Купрэеву сваю прэмію — імя Аркадзя Куляшова, а абласное начальства ў выглядзе своеасаблівай кампэнсацыі пастанавіла адшкадаваць паэту кватэру-аднапакаёўку ў Пружанах. На званок зь Берасьця ў райцэнтры адказалі, што Купрэеў — валацуга й алькаголік, але найвышэйшы абласны начальнік сурова запытаўся ў чыноўніка, ці напісаў ён сам хоць адзін верш, каб судзіць паэта.

У той час Купрэеў у бясконцых бадзяньнях па Беларусі раз-пораз заяўляўся ў часопіс «Крыніца», дзе я меў палову рэдактарскай стаўкі. Мой калега паэт i крытык Леанід Галубовіч заўсёды апекаваўся госьцем: сачыў, каб той быў сыты, памыты, па сэзоне апрануты. Але — галоўнае — «Крыніца» друкавала практычна ўсё, што тады пісаў Мікола. Узровень шчырасьці да сябе і самых блізкіх людзей у ягоных аўтабіяграфічных аповесьцях шакаваў.

Прачытаўшы «Дзіцячыя гульні...», бацька вандроўнага паэта адмовіўся пускаць таго ў хату.

Пасьля кожнага Міколавага візыту ў рэдакцыю я доўга ня мог дасягнуць душэўнага спакою, спрабуючы ўявіць, як ён жыве — хворы, незразуметы й адрынуты сваякамі, маючы недзе ўласных дзяцей, якіх калісьці, абраўшы лёс вандроўніка, пакінуў без падтрымкі. Не маглі супакоіць і ягоныя вершы:

Колькі яшчэ мне, высокі Гасподзь,
па сьвеце насіць пакуту?..

На ягоным надмагільлі выбітыя словы: «О, я многа хацеў вам сказаць...»

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.520-521.

2017Фурс Алеся, удзельніца паваеннага антысавецкага Супраціву, зьняволеная ГУЛАГу, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980 — пач. ХХІ ст.


Пад намаляванай Алесяю «Пагоняй» 25 сакавіка 1946 году сябры Саюзу беларускіх патрыётаў (СБП) — нелегальнай патрыятычнай арганізацыі пастаўскай і глыбоцкай моладзі — прымалі прысягу на вернасьць Беларусі.

У гады нямецкай акупацыі Алеся, як і тысячы юнакоў і дзяўчат, была ў Саюзе беларускай моладзі (СБМ). Тады яна навучалася ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі, дзе дырэктарам быў Барыс Кіт. «Асабіста я і мае сябры, — успамінала Алеся ў 1990‑я, — разумелі СБМ толькі як асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцьці, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязьні да іншых народаў».

Калі прыйшла Чырвоная армія, сэмінарыю пераўтварылі ў пэдвучэльню ды імгненназрусіфікавалі. Новы неадукаваны дырэктар, былы партызан, на просьбы вярнуць родную мову называў навучэнцаў фашыстамі
і пагражаў здаць іх гэбістам.

У адказ маладыя патрыёты пастанавілі змагацца: шукаць і гуртаваць аднадумцаў, пасьлядоўна карыстацца беларускай мовай, рознымі шляхамі пашыраць беларушчыну. Яны марылі пра сапраўдную, а не марыянэткавую дзяржаўнасьць, дзе беларусы былі б гаспадарамі на сваёй зямлі.

Не прамінула году, і МГБ, якое заслала ў арганізацыю правакатара, распачало арышты. Празь Алеся Фурс некалькі дзён пасьля Алесі гэбісты прыйшлі па яе бацьку, настаўніка Лявона. У полацкую турму іх
везьлі разам у кодабе грузавіка. Раз-пораз машына спынялася, вязьняў прымушалі зьлезьці, і гэбісты з камсамольцамі-«ястрабкамі», цесна абступіўшы бацьку з дачкой, расшпільвалі прарэхі і мачыліся. «Заплюшчы, дачушка, вочы», — казаў ёй тата.

Значна сьмялейшымі за людзей у камэры пачуваліся пацукі. Да ўкормленага пацука быў падобны і сьледчы. Ён карыстаўся гіпнозам, пасьля чаго Алеся пад ягоны рогат падпісвала паказаньні, як у Берасьці
(дзе ніколі не бывала) атрымлівала інструкцыі ад амэрыканскіх выведнікаў.

У мардоўскіх лягерах, куды этапавалі асуджаную на 25 гадоў Алесю Ўмпіровіч, дазвалялася пісаць адзін ліст на год. Яна доўга ня ведала, што бацька, пакараны за неданясеньне на дачку 10 гадамі зьняволеньня,
сканаў у менскай турме.

Застацца жывой, не звар’яцець ад жаху і зьдзекаў дзяўчыне дапамагла сустрэтая ў лягеры Ларыса Геніюш. Як і гэтая шчырая верніца, Алеся насіла на шыі зроблены з хлебнага мякішу крыжык.

Яна вытрывала, на волі выйшла замуж за Антося Фурса з глыбоцкай філіі СБП. Яны выхавалі сына Юрыя — славутага ў Беларусі каваля, напісалі пранікнёныя ўспаміны, дачакаліся на пачатку незалежнасьці
сваёй рэабілітацыі.

«Такое жыцьцё даў мне Бог, — лічыла спадарыня Алеся. — Нічога ў ім я б не зьмяніла, бо іначай здрадзіла б сябрам і Беларусі».


Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.708-709.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG