Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: год таму Макей заявіў, што «гатовы перагрызьці горла»


Уладзімер Макей

Падзеі 20 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

20 жніўня 1919 году памёр Іван Луцкевіч, беларускі археоляг, публіцыст, палітык, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Разам з братам Антонам Іван Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Іван Луцкевіч
Іван Луцкевіч

Я нічагуткі ня чуў пра яго ні ў школе, ні ва ўнівэрсытэце — і, як вы разумееце, зусім не таму, што быў дрэнным вучнем і нядбалым студэнтам.

На ўроках і лекцыях мы Івана Луцкевіча не «праходзілі», а ў Беларускай савецкай энцыкляпэдыі гаварылася нешта пагрозьлівае пра ідэалізацыю Луцкевічам Вялікага Княства Літоўскага і нацыяналістычнае супрацьпастаўленьне адвеку братніх і неразлучных беларускага і расейскага народаў.

Цяпер усё больш беларусаў ведае, што Іван Луцкевіч быў адным з бацькоў Беларускага Адраджэньня, хоць у іншай дзяржаве кожны памятаў бы пра гэта ад першай клясы, як два на два — чатыры.

У юначыя гады на яго, пляменьніка каліноўца, паўплывалі творы Францішка Багушэвіча і бацькавага знаёмага Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — таксама ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-га.

Яшчэ падчас навучаньня ў Менскай клясычнай гімназіі Іван разам з малодшым братам Антонам заснаваў гурток, сябры якога былі захопленыя ідэяй дасягненьня для беларусаў нацыянальнай ды сацыяльнай справядлівасьці.

Пасьля ўстаноўчага зьезду нашай першай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады, — што адбыўся ў 1903 годзе, Іван стаў яе сапраўдным лідэрам, а Антон — галоўным ідэолягам і публіцыстам. Беларускія сацыялісты чынна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях таго часу.

Гэта Іван Луцкевіч пад выглядам замоўцы зьявіўся пасьля вядомага Курлоўскага расстрэлу ў Менску на фабрыку Якабсона, гудок якой даў сыгнал да ўсеагульнай стачкі пратэсту.

Ён быў разам з братам Антонам заснавальнікам газэты «Наша ніва», што адыграла выключную ролю ў нацыянальным Адраджэньні, і Беларускага выдавецкага таварыства. З ініцыятывы Івана Луцкевіча адчынілася Віленская беларуская гімназія.

Велізарны плён дала ягоная навуковая дзейнасьць. Агледзеўшы сабраныя Іванам скарбы, якія сталіся асноваю Віленскага беларускага музэю, Максім Багдановіч захоплена пісаў: «Гэта ёсьць фундамэнт Адраджэньня. Гэта і за тысячу гадоў будзе сьведчыць пра нас».

Іван Луцкевіч адным зь першых зразумеў неабходнасьць дзяржаўнай самастойнасьці Бацькаўшчыны і разам з братам Антонам стаў у 1918-м ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах.

Цяжка хворы на сухоты, Іван працягваў аддана працаваць, і, калі сябры ў 1919-м завезьлі яго на курорт у польскае Закапанэ, было ўжо позна.

На пачатку 1990-х жменю зямлі з закапанскіх могілак прывёз у Вільню гісторык Алег Латышонак.

Іван вярнуўся ў любае ягонаму сэрцу «места Віленскае».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 118–119.

Год таму ў гэты дзень

  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады».
  • У Сьледчы камітэт выклікалі чальцоў Каардынацыйнай рады юрыста Максіма Знака і лідэра страйкавага камітэту МТЗ Сяргея Дылеўскага.
  • Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін абвясьціў пра пачатак маштабных тактычных вучэньняў на горадзенскім кірунку. «Бачым, што ідзе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы», — пракамэнтаваў міністар.
  • У Крамлі заявілі, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.
  • Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што краіна перажывае самы складаны этап у сваёй найноўшай гісторыі. «Гаворка папраўдзе ідзе аб захаваньні дзяржаўнасьці». Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы. «За гэтыя сьлёзы майго 11-гадовага сына я гатовы перагрызьці горла» — гаворыцца ў заяве міністра.

Таксама ў гэты дзень

1937 — польскя ўлады забаронілі дзейнасьць Таварыства беларускай асьветы.

1968 — войскі Варшаўскай дамовы ўвайшлі ў Чэхаславаччыну.

1991 — болей за 100 000 чалавек выйшлі да будынку Вярхоўнага Савету РСФСР у Маскве, пратэстуючы супраць змоўнікаў, якія жадалі скінуць Міхаіла Гарбачова.

1991 — у Менску ў гэты дзень на заклік дэпутатаў Апазыцыі БНФ адбыўся мітынг перад Домам ураду.

1991 — Эстонія абвяшчае сваю незалежнасьць ад СССР.

1998 — найвышэйшы суд Канады адмовіў Квэбэку ў незалежнасьці.

У гэты дзень нарадзіліся

1742Тадэвуш Рэйтан, удзельнік Барскай канфэдэрацыі, дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай.

Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзел Рэчы Паспалітай
Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзел Рэчы Паспалітай

1847 Баляслаў Прус, польскі пісьменьнік.

1860Раймон Пуанкарэ, францускі дзяржаўны дзяяч, прэзыдэнт Францыі ў 1913-1920 гадах.

У памяці

1938 Уладзімер Пракулевіч, юрыст, журналіст, палітык, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 г., палітэмігрант, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў

Ягоны жыцьцяпіс у першай сваёй частцы для беларускага нацыянальнага дзеяча — ня самы тыповы. Юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. У студэнцкія гады — сакратарства ў марксісцкім часопісе «Возрождение» і загадваньне аддзелам хронікі ў папулярнай газэце «Копейка». Потым — спакойная грашавітая праца ў Менскай казённай палаце і Менскім акруговым судзе.

Карэнны паварот жыцьцёвага шляху адбыўся ў 1917 годзе, калі Пракулевіч далучыўся да прыхільнікаў беларускае незалежнасьці. 1920-ы засьпеў яго на пасадзе судзьдзі ў Слуцку. 14 лістапада пачаў свае паседжаньні гістарычны Беларускі зьезд Случчыны, што абраў прыхільніка Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў Пркулевіча старшынём Рады. Праз тыдзень Рада Случчыны выдала незалежнiцкую дэклярацыю. Яшчэ праз тыдзень 1-я Слуцкая брыгада войскаў БНР атакавала бальшавіцкія аддзелы...

Пасьля Слуцкага паўстаньня Пракулевіч выехаў у Вільню, адкуль неўзабаве быў высланы польскімі ўладамі. На Бэрлінскай Усебеларускай канфэрэнцыі ён быў сярод тых, хто, паверыўшы ў Беларускі дом пад уладаю саветаў, падпісаў рэзалюцыю аб ліквідацыі незалежніцкага Ўраду.

Лёс былога кіраўніка слуцкіх паўстанцаў пасьля прыезду ў БССР быў перадвызначаны. Невысокая пасада ў Дзяржаўнай бібліятэцы, арышт у 1930-м па справе Саюзу вызваленьня Беларусі і высылка на пяць гадоў у Расею, паўторны арышт. Людзі кшталту Пракулевіча ня мелі шанцаў выжыць.

Зь яго фатаграфіі ў судовай справе пазірае барадаты шыракатвары беларус з глыбокімі разумнымі вачыма. Ён вельмі падобны да майго дзеда Максіма, таксама расстралянага ў тыя скрываўленыя трыццатыя.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.182-183

1940Леў Троцкі, расейскі рэвалюцыянэр, адзін з арганізатараў рэвалюцыі 1917 году ў Расеі, забіты ў Мэксыцы агентам НКВД.

1991Баляслаў Грабінскі, доктар мэдыцыны, беларускі грамадзкі дзяяч.

2011 Віталь Скалабан, беларускі гісторык, літаратуразнавец.

Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. 1982 г.
Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. 1982 г.

Адзін з найлепшых айчынных архівістаў, які адкрыў мноства таямніцаў беларускага нацыянальнага руху, нашае культуры двух мінулых стагодзьдзяў, які на роўных вёў свае маўклівыя гаворкі зь Мітрафанам Доўнар-Запольскім, Усеваладам Ігнатоўскім, Максімам Гарэцкім.

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, які сам не па чутках знаёмы з архіўнымі сховішчамі, дакладна заўважыў, што многія іх дасьледнікі хварэюць на сындром «скупога рыцара». Скалабан жа сапраўды быў рыцарам фэнамэнальна шчодрым: зь нязьменнай хітрынкаю ў вачах падказваў маладзейшым калегам шляхі пошукаў, выступаў на вечарынах, пісаў сцэнары, зьяўляўся ў свабодаўскіх праграмах «Беларуская Атлянтыда», «Вострая Брама», «Вольная студыя», што для чалавека на афіцыйнай пасадзе было яшчэ і рызыкай.
У ягоных публікацыях гісторыя набывала плоць і кроў і пачынала прамаўляць, крычаць, сьмяяцца, стагнаць і плакаць галасамі жывых рэальных людзей.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.612-613

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG