Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі з турмы: «Я абавязкова вярнуся!» Што новага на судзе ў справе блогераў і палітыкаў


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Амаль два месяцы працягваецца закрыты суд у гомельскай турме над блогерамі Ігарам Лосікам, Сяргеем Ціханоўскім, Уладзімерам Цыгановічам, апэратарам Арцёмам Сакавым, мадэратарам сацыяльных сетак Дзьмітрыем Паповым і палітыкам Міколам Статкевічам.

Мікола Статкевіч 12 жніўня адзначыў у турме дзень нараджэньня. Яму споўнілася 65 гадоў. Сяргей Ціханоўскі 18 жніўня адзначыў у СІЗА 43 гады. Арцёму Сакаву 25 жніўня споўніцца 27 гадоў. Усе трое ўжо другі дзень нараджэньня сустракаюць у турме.

Мінулы дзень нараджэньня Сяргей Ціханоўскі сустрэў у аўтазаку. 18 жніўня 2020 году тысячы людзей прыйшлі пад турму на Валадарскага, каб павіншаваць блогера. Тады яго тэрмінова перавялі ў жодзінскую турму. Пазьней у лістах Сяргей зазначаў, што ў Жодзіна ехаў у адным аўтазаку зь Ігарам Лосікам.

Адвакатка палітвязьня Натальля Мацкевіч напісала ў твітэры:

«Сяргей Ціханоўскі перадае вялікі дзякуй усім, хто так шчыра і крэатыўна павіншаваў яго з Днём нараджэньня! Быў вельмі рады даведацца аб тым, як шмат знаёмых і незнаёмых людзей гавораць пра яго, памятаюць і падтрымліваюць яго. Сказаў: «I’ll come back. Я абавязкова вярнуся!»

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, даведалася, што яе мужу перадалі на дзень нараджэньня толькі дзесяць віншаваньняў.

«Відаць, спэцапэрацыя па інфармацыйнай блякадзе працягваецца. Бо я асабіста ведаю нашмат больш людзей, якія віншавалі Міколу. Ён па-ранейшаму ня ўдзельнічае ў судовым працэсе. Але валодае пэўнай інфармацыяй, што суд яшчэ будзе доўга. Мікола мяркуе, што, можа, нават да лістапада зацягнецца. Ведаю, што ня ўсе мае лісты да яго, і ягоныя — да мяне даходзяць. Што яны там за крамолу знаходзяць, што за страшэнную таямніцу Мікола можа перадаць у лістах, калі ён нават не бывае на судзе, — ня ведаю», — кажа Марына Адамовіч.

Палітык у сваіх лістах не абмінае тэмы грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Ён так напісаў пра санкцыі:

«Калі дэманстратыўна, груба і масава парушаць правілы цывілізаванага сьвету, то самае меншае, што можа зрабіць сьвет, — адмовіцца ад любых кантактаў. Я не лічу гэта санкцыямі — хутчэй, рэалізацыяй біблейскага запавету: пазьбягай злога».

Дарʼя Лосік, жонка вядомага блогера Ігара Лосіка, штодзень ад аўторка да пятніцы праводзіць час пад гомельскім СІЗА. Разам зь ёю дзяжураць «ціхары». Дарʼю яны не чапаюць, толькі вітаюцца час ад часу. Ігар у лістах піша, што суд будзе ісьці яшчэ доўга. Ён заўважае, што на працэсе няма нават 1% законнасьці ці доказаў ягонай віны.

«Сёньня мне ўдалося забраць рэчы Ігара са складу гомельскага СІЗА. Гэта стосы газэт і часопісаў, якія яму не аддалі яшчэ ў Жодзіне — „Прессбол“, „Наш край“, „Наша гісторыя“, „Белорусы и рынок“, „Мінская праўда“. Таксама мне вярнулі крыжаванкі, загадкі — тое, што яму дасылалі людзі, але ён не атрымаў. Чаму яму не перадалі газэты, крыжаванкі — ня ведаю, ніхто ня будзе тлумачыць. Забрала і гадзіньнік, зь якога Ігар дастаў мэталічную запчастку і рэзаў сабе вены ў Жодзіне», — кажа Дарʼя Лосік.

Маці Арцёма Сакава нагадвае, што яе сын чарговы дзень нараджэньня сустракае ў турме. Ён піша маці, на здароўе ня скардзіцца, але пра суд нічога ня можа напісаць. Калі вы хочаце падтрымаць Арцёма, яму можна напісаць і павіншаваць з 27-м днём нараджэньня.

Адрас усіх фігурантаў справы — 246003 г. Гомель, вул. Кніжная, 1а, СІЗА № 3.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG