Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Ігната Буйніцкага; год таму акцыя памяці Шутава ў Берасьці


Танчыць Ігнат Буйніцкі. 1910 год

Падзеі 22 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

22 жніўня 1861 году нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, актор, рэжысэр, пачынальнік беларускага нацыянальнага тэатру.

Ігнат Буйніцкі
Ігнат Буйніцкі

Яго яшчэ пры жыцьці называлі бацькам беларускага тэатру. У той самы час суседзі-шляхцічы мелі яго за дзівака, а жонка лічыла вар’ятам.

Скончыўшы Рыскую каморніцкую вучэльню, Ігнат працаваў у розных кутках Беларусі. Каморнікам ён быў нетыповым: калі іншыя сядзелі пры картах і пляшцы, Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песьняў, замалёўкамі народных строяў і арнамэнтаў. Зь юнацтва ім валодала мара зусім не пра спакойнае заможнае жыцьцё — тая мара, якая прывяла ў прыватную драматычную студыю ў Вільні, а потым дапамагла згуртаваць вакол сябе групу артыстаў-аматараў.

Хутка ў родных Палевачах і ў блізкіх Празароках Буйніцкаму зрабілася цесна. У 1910-м ён з сваімі танцорамі зь вялікім розгаласам выступае на першай віленскай беларускай вечарынцы, а неўзабаве, укладаючы ў справу ледзь ня ўсе ўласныя сродкі, стварае прафэсійную трупу — сынтэтычны сцэнічны калектыў, дзе акторы служылі адразу некалькім музам. Узорам такога майстра быў сам дзядзька Ігнат: упэўнена выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, артыстычна дэклямаваў вершы, выдатна танцаваў, сьпяваў сола і ў хоры.

У 1910–1911 гадах трупа Буйніцкага зьдзейсьніла трыюмфальныя гастролі па Беларусі, выступіўшы з паказамі ў Дзісьне, Сьвянцянах, Паставах, Полацку, Нясьвіжы, Слуцку... У Менску, дзе тэатар ставіў «Моднага шляхцюка» К. Каганца і «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, артыстаў засыпалі ружамі. Пасьля спэктакляў Буйніцкага ў Пецярбургу й Варшаве газэты пісалі пра «калясальны посьпех» тэатру, што «будзіць у беларусаў пачуцьцё нацыянальнай годнасьці». Улады зрабілі свае высновы: рэжысэра і яго артыстаў узялі пад паліцэйскі нагляд, паказы пачалі забараняць.

Уціск і матэрыяльныя праблемы змусілі зачыніць тэатар, але не разлучылі з мастацтвам. Паводле згадкі аднаго з удзельнікаў трупы, дзядзька Ігнат памёр на сцэне падчас рэпэтыцыі.

«Некалі, — пісала ў тыя часы „Наша Ніва“, — калі прабудзіцца сьвядомасьць ува ўсяго беларускага народу, памяць Буйніцкага будзе сьвятой для ўсіх».

У 1970-я гады на ягонай радзіме зьявіўся помнік. Праўда, да абуджэньня сьвядомасьці ўсяго народу яшчэ далекавата. Запытаўшыся нядаўна ў Празароках у сустрэчнага дзядзькі, дзе помнік Буйніцкаму, я пачуў пытаньне ў адказ: «Што такое помнік?

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.112-113.

Год таму ў гэты дзень

  • У Менску на плошчы Перамогі прайшоў флэшмоб «Твая камэра» — акцыя людзей, якіх катавалі пасьля затрыманьняў.
  • Аляксандар Лукашэнка выступіў на мітынгу сваіх прыхільнікаў у Горадні. Ён заявіў, што 60% фатаграфіяў і відэазапісаў са сьлядамі зьбіцьця сілавікамі затрыманых — «пастановачныя кадры». Ён таксама заклікаў дараваць міліцыянтам, «нават калі яны недзе памыліліся». Лукашэнка прыгразіў, што спробы ціску і пагрозы з боку праціўнікаў улады будуць жорстка спыняцца ўжо «ад панядзелка»
  • У Берасьці адбылася акцыя памяці жыхара гораду, удзельніка пратэстаў Генадзя Шутава, які памёр ад агнястрэльнай раны.
  • Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» адназначна сказала, што ня вернецца ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка. Яна таксама адмовілася называць сябе абраным прэзыдэнтам і не плянуе ўдзельнічаць у новых выбарах.
  • Лукашэнка зьняў з пасады кіраўніка Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Краўцова і прызначыў на гэтую пасаду Ўладзімера Караніка, які да гэтага часу займаў пасаду міністра аховы здароўя.


Таксама ў гэты дзень

1456 — прынцам Валахіі стаў Улад Дракула, вядомы па легендах аб вампірах.

1485 — скончылася вайна Пунсовай і Белай ружы, у бітве пры Босварце загінуў Рычард III, кароль ангельскі.

1864 — падпісаная Першая Жэнэўская канвэнцыя, створанае таварыства Чырвонага крыжа.

1941 — Другая сусьветная вайна: пачатак блякады Ленінграду.

1989 — Літва абвясьціла незаконнай анэксію краіны Савецкім Саюзам.

1991 — пасьля правалу спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў, часова адхілены ад кіраваньня, вярнуўся ў Маскву, змоўшчыкі былі арыштаваныя.

1991 — бела-сіне-чырвоны сьцяг абвешчаны дзяржаўным сьцягам Расеі.

У гэты дзень нарадзіліся

1862 Клёд Дэбюсі, францускі кампазытар.

1902Лені Рыфэншталь, нямецкая кінарэжысэрка.

1904Дэн Сяопін, кіраўнік КНР з 1976 году па сярэдзіну 90-х гадоў.

1920Рэй Брэдбэры, амэрыканскі пісьменьнік-фантаст.

У памяці

1898 Альгерд Абуховіч, беларускі паэт, перакладчык.

Калі я, акідваючы позіркам нашую літаратуру ХІХ стагодзьдзя, шукаў у ёй асобу найбольш калярытную й экстравагантную, выбар спыніўся на Альгерду Абуховічу.
Ён быў нашчадкам старажытнага ліцьвінскага роду. Ягоныя продкі Міхал, Піліп і Тодар Абуховічы займалі высокія дзяржаўныя й вайсковыя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і праславіліся ў войнах супраць расейцаў, туркаў ды швэдаў, а таксама пакінулі цікавыя дыярыюшы й успаміны. Дзед пісьменьніка Язэп Абуховіч ваяваў у Касьцюшкі.

Абуховічы былі ў сваяцтве зь вядомым італійскім графскім родам Бандынэлі, які даў славутага скульптара Бача Бандынэлі й папу рымскага Аляксандра ІІІ.

У будучых мэмуарах Альгерд адзначыць: «Пазываючыся ў подпісы на дзядоў сваіх, грудзі мае парушае пачуцьцё нечага вялікага, сільнага...»

Альгерд вучыўся ў Слуцку, Жэнэве й Парыжы. Ягоным бацькам належалі вялікія маёнткі з тысячай сялянскіх д ушаў, што дазваляла маладому Ольдзю з камфортам пад арожн ічаць і жыць у Эўропе. Але ў 1863-м ён вярнуўся на радзіму, каб стаць у шэрагі паўстанцаў, а затым апынуцца ў сібірскай высылцы.

Ён бліскуча валодаў італійскай, францускай, ангельскай і нямецкай мовамі, аднак для ўласных твораў, якія падпісваў псэўданімам Граф Бандынэлі, абраў беларускую. Пры жыцьці ён ня ўбачыў ніводнага свайго тэксту надрукаваным, але ўвайшоў у гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства як адзін з заснавальнікаў жанраў байкі, мастацкай прозы й мэмуарыстыкі.

Калі Альгерд вырашыў перадаць усю ўласную зямлю сялянам, суседзі-абшарнікі прыгразілі абвясьціць яго вар’ятам. Тады ён пакінуў родны дом, захапіўшы з сабою толькі ўлюбёныя кнігі, і ператварыўся ў беднага слуцкага кватаранта.

У цесным пакойчыку зь вялізнай кніжнай шафаю, адзіным неацэнным багацьцем, Граф Бандынэлі пісаў мэмуары — нязмушаны роздум вольнай душы пра эпоху, літаратуру й вечныя праблемы чалавечай экзыстэнцыі. Першымі іх чытачамі сталі ягоныя маладыя сябры і вучні з створанага Абуховічам гуртка слуцкіх гімназістаў, у які ўваходзілі Язэп Дыла і Пятро Карповіч — будучыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.92-03.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG