Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі адкрылі помнік «лясным братам». Расея: гэта «гераізацыя нацысцкіх памагатых»


«Лясныя браты» ў Літве

У нядзелю 22 жніўня Саюз былых партызанаў «Лясныя браты» і таварыства «Зламаны васілёк» адкрылі ў эстонскай вёсцы Хюці (Вырускі павет) помнік «лясным братам».

Так называлі партызанаў, якія дзейнічалі ў краінах Балтыі пасьля пачатку савецкай акупацыі. На цырымоніі адкрыцьця выступілі дэпутат Рыйгікогу Урмас Рэйнсалу, старэйшыны дзьвюх эстонскіх воласьцяў і чалец праўленьня Эстонскага інстытуту памяці Марцін Андрелер, паведамляе выданьне ERR.es. На помніку тры партызаны нясуць на руках жанчыну, а ў яе руках кветкавы вянок і эстонскі сьцяг.

Амбасада Расеі ў Эстоніі на наступны дзень вельмі рэзка адрэагавала на ўстаноўку помніка. У заяве дыпляматычнага ведамства, якое цытуе ТАСС, «лясныя браты» названы «бандпадпольлем» і сказана, што «дзеяньні тых, хто спрабуе гераізаваць нацысцкіх памагатых, нічога, акрамя рашучага асуджэньня, не заслугоўваюць».

«Спробы фальсыфікаваць гісторыю, аддаць забыцьцю сапраўдных герояў, выратавальнікаў Эўропы і сьвету, ня толькі абражаюць вэтэранаў Чырвонай Арміі, якія жывуць у Расеі і Эстоніі, але і, як можна пераканацца, служаць пажыўным асяродзьдзем для нацыяналістаў, ксэнафобіі і радыкалаў усіх масьцяў, — заявілі расейскія дыпляматы. — Падобныя бандыты аддавалі перавагу змаганьню не з вайскоўцамі, а забіваць мірных грамадзян».
Па прыблізных падліках, у студзені 1946 году на тэрыторыі ўсіх рэспублік Балтыі дзейнічалі 419 антысавецкіх груп агульнай колькасьцю больш за 31 тысячу чалавек. Найбольшая іх колькасьць была ў Літве — 300 групаў. У Латвіі 64 групы, у Эстоніі – 55.

Крэмль і МЗС РФ ужо некалькі гадоў вядуць прапагандысцкую вайну зь «ляснымі братамі». Прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава раней называла гэтыя атрады «створанымі на аснове фашысцкіх недабіткаў» і сьцьвярджала, што за імі «стаялі заходнія спэцслужбы». У 2017 годзе жыхары краін Балтыі правялі масавую акцыю пратэсту супраць заяў МЗС РФ аб «лясных братах» пад хаштэгам # Кремльнашуисториюнеперепишешь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG