Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 30 гадоў незалежнасьці Ўкраіны; год таму — затрыманьні чальцоў Каардынацыйнай Рады


Мітынг на плошчы каля Вярхоўнай Рады ў дзень прыняцьця Акта абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны, Кіеў, 24 жніўня 1991

Падзеі 24 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

24 жніўня 2012 году памёр пісьменьнік і гісторык Алесь Петрашкевіч.

Алесь Петрашкевіч
Алесь Петрашкевіч

Мяне зь ім зьвёў акадэмік Дзьмітры Ліхачоў, якога называлі «сумленьнем расейскай інтэлігенцыі».

Была вечарына ў менскім Доме літаратара, на якой я казаў, што і самыя сумленныя «старэйшыя браты», калі заходзіць гаворка пра беларускую або ўкраінскую незалежнасьць, імгненна мяняюцца. Як пацьверджаньне згадаў некалькі выказваньняў Ліхачова. Напрыклад, пра тое, што «не радея о единстве Русской земли, полоцкий князь Всеслав провел свою жизнь в беспутных походах».

Пасьля вечарыны мяне спыніў высокі і высакалобы чалавек з уважлівым позіркам. «Намесьнік галоўнага рэдактара „Беларускай Энцыкляпэдыі“ Алесь Петрашкевіч, — адрэкамэндаваўся ён. — Пра Ліхачова — цалкам згодны...»

Выдавецтва тады яшчэ называлася «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя». Мне спадабалася, што Петрашкевіч прапусьціў у назове другое слова.

Дарэчы, ён разам з галоўным рэдактарам Петрусём Броўкам некалі і ствараў гэтае выдавецтва — займаўся і падборам супрацоўнікаў, і ўзьвядзеньнем будынку, які быў пазьней забраны цяперашняй уладай і ператвораны ў суд, дзе, у прыватнасьці, судзілі незалежных беларускіх выдаўцоў.

У 1992-м кіраўнікі СНД падпісалі ў Менску пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Масква агучыла заяву, што не прызнае дакумэнту, бо ён супярэчыць інтарэсам Расеі. У навінах круцілі выступ Ліхачова, які запальчыва заклікаў не дапусьціць «расьцягваньня агульных скарбаў па нацыянальных кватэрах». Пры сустрэчы Петрашкевіч пацікавіўся: «Чулі голас расейскага сумленьня?»

Я ня схільны ідэалізаваць яго. У свой час ён працаваў у апараце ЦК КПБ, пісаў п’есы «ў духу патрабаваньняў», да прыкладу, пазмагаўся пяром з рэлігіяй. Аднак Петрашкевіч заўсёды заставаўся беларусам, яго вабіла не апаратная дзейнасьць, а гісторыя і літаратура.

Ён пісаў сцэнары мастацкіх фільмаў, апавяданьні, лібрэта, але найбольш цікавае й вартае стварыў у жанры гістарычнай драматургіі, з дапамогаю якой імкнуўся адлюстраваць увесь шлях народу — ад часоў Рагвалода да нашых дзён. Спадар Алесь ганарыўся, што ягоныя продкі-шляхцічы належалі да герба «Лебедзь», як і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з Ігнатам Буйніцкім.

Найбольш ярка Петрашкевіч-драматург раскрыўся ў прысьвечанай Скарыну дылёгіі «Напісанае застанецца» і «Прарок для Айчыны». У першай п’есе разам з гуманістам-першадрукаром дзейнымі асобамі сталі Мікола Гусоўскі, Пётра Мсьціславец, Марцін Лютэр, Мікалай Капэрнік, што стварае пераканаўчы кантэкст эўрапейскага Рэнэсансу, аванпостам якога была Беларусь. Другі твор, як вынікае ўжо зь ягонае назвы, ставіць вечнае пытаньне лёсу прарока ў сваёй Айчыне.

Нязьменна застаючыся і навукоўцам, Алесь Петрашкевіч пакінуў нам мару — выдаць энцыкляпэдычны даведнік «Беларуская Народная Рэспубліка».

Хто зьдзейсьніць гэтую задуму?

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.630-631.

У гэты дзень год таму

  • У Жабінцы пахавалі Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту ў Берасьці
  • Затрыманыя чальцы прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі
  • Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады апазыцыі Лілія Ўласава выкліканая на допыт у Сьледчы камітэт

Гэты дзень у гісторыі

79 — першае зафіксаванае ў крыніцах вывяржэньне вулькану Вэзувій зьнішчыла гарады Пампеі і Геркуланум.

Вывяржэньне Везувія, карціна нарвэскага мастака Ю. Даля
Вывяржэньне Везувія, карціна нарвэскага мастака Ю. Даля

1654 — падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай адбылася бітва пад Шапялевічамі, войска Рэчы Паспалітай пацярпела паразу.

1814 — ангельцы ўзялі Вашынгтон і спалілі Белы дом.

1949 — уступіла ў сілу падпісаная ў красавіку дамова аб утварэньні Паўночнаатлянтычнага альянсу ( NATO).

1991 — Украіна абвясьціла незалежнасьць.

У гэты дзень нарадзіліся

1879 — Іван Пуліхаў, беларускі рэвалюцыянэр.

Іван Пуліхаў
Іван Пуліхаў

1899 — Хорхэ Луіс Борхэс, аргентынскі пісьменьнік.

1906 — Юльян Саковіч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч.

1946 — Ядвіга Грыгаровіч, беларуская навукоўка ў галіне пэдагогікі.

Ядвіга Грыгаровіч, рэктарка Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту культуры і мастацтваў
Ядвіга Грыгаровіч, рэктарка Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту культуры і мастацтваў

У памяці

1966 — Тадэвуш Бур-Камароўскі, камандзір польскай Арміі Краёвай у гады Другой усясьветнай вайны.

1990 — Сяргей Даўлатаў, расейскі пісьменьнік.

Сяргей Даўлатаў
Сяргей Даўлатаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG