Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 30-я гадавіна наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі канстытуцыйнай сілы


Плякаты на плошчы Леніна, Менск, 24-25 жніўня 1991

Падзеі 25 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

25 жніўня 2019 году памёр Пятро Васючэнка, пісьменьнік і літаратуразнаўца, пэдагог, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Пятро Васючэнка
Пятро Васючэнка

Выдатна памятаю нашую размову перад новым 2000 годам, калі ішла гучная і пагрозьлівая для беларускай незалежнасьці валтузьня вакол імпэрскай ідэі «саюзнай дзяржавы».

Пятро зь неверагоднай скрухаю казаў: жыць у чужой краіне не захоча і ня зможа. Спасылаючыся на досьвед гісторыка, мне ўдалося пераканаць земляка-палачаніна: Сафійскі сабор і мы зь ім застанемся ў дзяржаве сваёй, няхай і не такой, пра якую марылі на пачатку 1990-х.

Пятро, прызнаны літаратуразнаўца і адораны адметным талентам пісьменьнік з пакаленьня «Тутэйшых», тады (і да астатніх дзён жыцьця) узначальваў катэдру беларускай мовы і літаратуры Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Найперш Васючэнка, сьцьвярджаюць калегі, і не даваў там згаснуць «агменю беларускасьці».

Пасада загадчыка катэдры, як і ранейшая, старшага навуковага супрацоўніка Акадэміі навук, ані ня змусілі Пятра пакінуць выкладаньне ў Беларускім гуманітарным ліцэі, што даўно быў на падазрэньні ўладаў.

Шмат хто, відаць, не забыў іскрыста-сьмешнага і зьедлівага батлеечнага спэктаклю «Цар Аляксашка» на адным з дэмакратычных мітынгаў каля Опэрнага тэатру. П’есу (гэта да самага нядаўняга часу трымалася ў таямніцы) напісаў Васючэнка.

Ён неаднаразова бываў суразмоўцам Вячаслава Ракіцкага ў ягонай праграме, а затым і ў кнізе «Беларуская Атлянтыда» зь Бібліятэкі Свабоды.

Хтосьці з знаёмых сказаў: зробленае Пятром можна было б падзяліць на пяцярых кандыдатаў навук — і невядома, ці далі б яны рады. Ён, апрача Лінгвістычнага ўнівэрсытэту і гуманітарнага ліцэю, выкладаў на журфаку БДУ, чытаў лекцыі ў незалежным Беларускім калегіюме, ствараў радыёп’есы для каналу «Культура», працаваў у рэдакцыйнай радзе сэрыі «Мая беларуская кніга», у журы незалежных літаратурных прэміяў. Быў навуковым кіраўніком дысэртантаў і дысэртантак. Адна зь іх — іранка Нурыех — дзякуючы Пятру закахалася ў Беларусь і абрала яе новай радзімай.

Сярод шасьці манаграфіяў Васючэнкі — «Беларуская літаратура ХХ стагодзьдзя і сымбалізм». Немагчыма запярэчыць Лявону Баршчэўскаму, што ацаніў гэтую працу як адну з самых грунтоўных літаратуразнаўчых манаграфій у айчыннай гісторыі. Аўтар аргумэнтавана давёў: нашыя клясыкі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі без усялякіх агаворак ёсьць і клясыкамі літаратуры эўрапейскай.

Уадначас з навуковымі дасьледаваньнямі Пятром пісаліся (і былі перакладзеныя на дзясятак моваў) уласныя творы. Дзеці зачытваліся прыгодамі паноў Кубліцкага і Заблоцкага, а дарослыя ўпадабалі «Прыгоды аднаго губашлёпа», а потым захапляліся «Крыўскім слоўнікам паводле Яна Баршчэўскага». П’есы Васючэнкі ішлі на сцэнах некалькіх тэатраў.

На пахаваньні ягонага праху мы скрозь сьлёзы сьмяяліся, слухаючы яго вясёлыя вершыкі зь «Піраміды Ліннэя»: «Дзеля чаго жывуць паэты? Жывуць... І дзякуй ім за гэта».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.746-747.

У гэты дзень год таму

  • Мітрапаліт Павел вызвалены ад пасады Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Такое рашэньне прыняў Сьвяты Сынод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэньні ў аўторак у Маскве. Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін.
  • Чальцам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады для трансфэру ўлады Вользе Кавальковай і лідэру страйкаму МТЗ Сяргею Дылеўскаму прысудзілі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
  • Павал Латушка быў дапытаны ў Сьледчым камітэце як сьведка ў крымінальнай справе па факце старэньня і дзейнасьці Кааардынацыйнай рады. Пасьля допыту Латушка заявіў, што дзейнасьць Каардынацыйнай рады працягнецца.
  • У Горадні затрымалі 28 супрацоўнікаў «Гродна Азот».
  • Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца зь Мікітам Крыўцовым. Пахаваньне ўдзельніка акцый пратэсту, якога не маглі знайсьці дзесяць дзён, адбылося ў Маладэчне. 22 жніўня цела Мікіты Крыўцова знайшлі ў лесапарку ў Менску.
  • У Маскве адбыліся перамовы наконт сытуацыі ў Беларусі паміж міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым і першым намесьнікам дзяржсакратара ЗША Стывэнам Бігэнам.
  • Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў: Крэмль вітае тое, што беларуская Каардынацыйная рада «не разглядае пытаньне адмовы ад узаемадзеяньня з Расеяй».

Гэты дзень у гісторыі

1609 — Галілео Галілей у Вэнэцыі ўпершыню дэманструе тэлескоп.

1718 — заснаваны Новы Арлеан у амэрыканскім штаце Луізыяна.

Новы Арлеан
Новы Арлеан

1804 — у Сьвіслачы адкрытая 6-клясавая гімназія, адным са знакамітых вучняў якой быў Кастусь Каліноўскі.

1825 — Уругвай абвясьціў сваю незалежнасьць ад Бразыліі.

1840 — расейскі царскі ўрад скасаваў дзеяньне ў Беларусі Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Былі ўведзеныя законы Расейскай імпэрыі.

1915 — нямецкія войскі занялі Брэст-Літоўск.

1919 — выйшаў першы нумар рэдагаванай Янкам Купалам газэты «Звон».

1991 — На нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі нададзеная сіла канстытуцыйнага закону. Прыпыненая дзейнасьць КПБ.

У гэты дзень нарадзіліся

1530 — Іван IV (Іван Жахлівы), вялікі князь маскоўскі і цар усяе Русі.

1744 — Ёган Готфрыд Гердэр, нямецкі філёзаф.

1780 — Ігнат Анацэвіч, гісторык і пэдагог, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту.

1912 — Эрых Хонэкер, кіраўнік ГДР.

1930 — Шон Конэры, шатляндзкі актор.

Шон Конэры щ роли Джэймса Бонда
Шон Конэры щ роли Джэймса Бонда

1932 — Пятрусь Макаль, беларускі паэт, драматург.

1945 — Валеры Сьлюнчанка, архітэктар, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

У маёй памяці ён неадлучны ад старажытных полацкіх храмаў, якія ў 1980-я былі адрэстаўраваныя паводле Валеравых таленавітых праектаў і набылі вядомае нам сёньня велічнае аблічча. Найперш — гэта Сафія, якую Караткевіч назваў «белым караблём над Дзьвіною», ня без уплыву сустрэчы з Валерам.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.388-389.

1949 — Яўгенія Мальчэўская, беларуская паэтка.

1953 — Уладзімер Арлоў, беларускі пісьменьнік і гісторык.

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

У памяці

1680 — Сімяон Полацкі, паэт і асьветнік, рэлігійны дзеяч, ераманах ордэну базыльянаў.

Помнік Сімяону Полацкаму ў Полацку
Помнік Сімяону Полацкаму ў Полацку

1822 — Уільям Гершэль, нямецкі і брытанскі астраном і музыка.

1867 — Майкл Фарадэй, брытанскі фізык і хімік.

1908 — Анры Бэкэрэль, францускі фізык.

1934 — Нестар Махно, кіраўнік сялянскага паўстанскага руху ва Ўкраіне і анархіст. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз.

Нестар Махно
Нестар Махно

1991 — Вацлаў Пануцэвіч, беларускі гісторык, настаўнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

2008 — Васіль Несьцярэнка, беларускі навуковец, дырэктар Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG