Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер можна ўвогуле нічога не рабіць і трапіць у турму». Гісторыя сям’і з малымі дзецьмі, якая перабралася ў Варшаву


Максім і Ганна Курганскія зь дзецьмі ў Варшаве

Максіму Курганскаму 37 гадоў. З жонкай Ганнай выхоўвае двух сыноў — чатырох і сямі гадоў. Старэйшы сёлета ідзе першы раз у першую клясу. Але ня дома, а ў Варшаве. Курганскія вырашылі пакінуць Беларусь, бо за імі мусілі прыйсьці «людзі ў цывільным».

«Выходзілі на кожны марш і акцыю»

Да 9 жніўня, як і многія беларусы, Максім не цікавіўся палітыкай. Але абурыўся вынікам выбараў. «Я ня мог проста глядзець на тое, што творыцца гэты жах. Мой голас проста выкінулі ў сьметнік. Мяне гэта надта абурыла. Я 9 жніўня быў у гушчы падзей і бачыў, што там рабілася. Потым хадзілі з жонкай на вялікія маршы, пасьля — на раённыя, мы жылі пад Менскам, потым удзельнічалі ў партызанскіх акцыях. Так атрымалася, што ні на вялікіх, ні на раённых маршах мы ня трапілі пад затрыманьне. Але трапілі пад "зачыстку", якую ўлады ладзілі напярэдадні 9 жніўня сёлета. У ліпені пачаліся затрыманьні па дварах і раёнах. І мы там "засьвяціліся" на некаторых здымках. Выбар быў такі: ці сесьці ў турму, ці выехаць», — кажа Максім.

Фота Максіма Курганскага з акцыі пратэсту ў Менску
Фота Максіма Курганскага з акцыі пратэсту ў Менску

Ён не шкадуе пра пераезд, але кажа, што з болем думае пра беларусаў, якія вымушаны былі застацца. «Цяпер турму даюць за песьню ў плэйлісьце "ВКонтакте", за нейкія выказваньні. Цяпер настаў такі час, што ты можаш увогуле нічога не рабіць, але трапіць у турму. Ужо не вядзецца гаворка пра 10-15 сутак — гэта норма, калі ты трапіў у міліцыю. Ужо пайшло столькі крымінальных спраў! За падпіску на каналы ў Telegram чапляюцца. Асабліва калі ты недзе засьвяціўся. Сыстэме ўвесь час патрэбны "дровы", каб падтрымліваць сваё існаваньне. Чалавечыя жыцьці. Рэпрэсіі не спыняліся і пакуль не спыняцца», — лічыць Максім.

«Ні пра што не шкадую — маё сумленьне чыстае»

Максім не шкадуе пра сваю актыўнасьць у Беларусі. «Маё сумленьне чыстае. Гэта новы этап жыцьця. Мы з жонкай так думаем, што тут можам зрабіць больш, чым дома. Я лічу, што там я зрабіў усё, што мог. Бо там рызыкі неймаверныя цяпер... Людзі дома нават баяцца захоўваць сымболіку ці сьцягі. У Беларусі не засталося магчымасьці хоць для якой дзейнасьці. Усе інструмэнты легітымнасьці мы далі нашым прадстаўнікам — Сьвятлане Ціханоўскай, штабам, НАК. Усе нашы маршы, кожная акцыя і стужка, флэшмобы і культурныя мерапрыемствы — усё гэта рабілася для таго, каб яны, нашы прадстаўнікі, маглі нашы галасы трансьляваць», — кажа беларус.

Ганна Курганская, архіўнае фота
Ганна Курганская, архіўнае фота

«Якія каштоўнасьці настаўнікі могуць перадаць майму сыну?»

Цяпер ён зь сям’ёй адбыў карантын, будуць з жонкай шукаць жытло, працу, школу для старэйшага сына і садок для малодшага. Максім рады, што сын пойдзе не ў беларускую школу. «Калі ён быў у старэйшай групе, то ў садку звольнілі выхавальніцу. Толькі за тое, што яе муж трапіў у міліцыю за пратэсты. У выніку старэйшыя і сярэднія групы дзяцей аб’ядналі, там было па 50 і больш чалавек на адну выхавальніцу. Бо не было каму працаваць. Шмат настаўнікаў звольнілі ў Менску. Нават толькі за тое, што чалавек паставіў подпіс за Бабарыку, каб ён меў права балятавацца. Хто там застаўся працаваць у школах? Якія каштоўнасьці яны перададуць майму сыну? Я спадзяюся, што тут адукацыя будзе дэмакратычнай. Так, тут ёсьць урокі рэлігіі, але я маю права адмовіцца ад іх. У беларускай школе мы ня здолелі б адмовіцца, як цяпер там увялі і ваенрукоў, і сьвятароў», — кажа Максім.

Ганна Курганская, архіўнае фота
Ганна Курганская, архіўнае фота

Ён устрымліваецца ад таго, каб рабіць прагнозы на палітычную будучыню Беларусі. Максім лічыць, што «мэта рэжыму — пратрымацца любой цаной, гэта і ёсьць мэта ягонага існаваньня».

«Рэжым — гэта не адзін чалавек, гэта сыстэма. Гэта начальства, дырэктары садкоў і школаў, якія звальняюць людзей з працы. Ёсьць такія, пра якіх кажуць: «Ну вы самі ўсё разумееце», і такіх людзей шмат. Многія хочуць нічога не ведаць і проста зарабляць грошы. У верасьні прасілі «звычайных людзей», якія супраць улады, але актыўна не выступалі: «Пасядзіце дома, не ідзіце на працу!». Яны выбіралі паміж ганьбай і беднасьцю і выбралі ганьбу. У дадатак усё роўна атрымалі беднасьць. Бо мы ведаем, у якім стане наша эканоміка. Дырэктывамі і загадамі не пераплюнеш законы эканомікі. Падумаць — 26 гадоў яны пісалі новыя законы. У выніку ня здолелі нават напісаць такія законы, якія самі маглі б выканаць. Гэта сьведчыць пра ўзровень «прафэсіяналізму», — зазначыў Максім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG