Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое «Ісламская дзяржава Харасан», якая ўзяла адказнасьць за тэракты ў Кабуле. Тлумачым асноўнае


Баевікі «Ісламскай дзяржавы Харасан»

Адгалінаваньне «Ісламскай дзяржавы», якое ўзяло на сябе адказнасьць за тэракты 26 жніўня ў Кабуле, утварылася шэсьць гадоў таму на ўсходзе Афганістану і хутка ператварылася ў адну з найбольш небясьпечных тэрарыстычных пагроз ва ўсім сьвеце.

  • Харасан — гістарычная вобласьць, якая ў мінулым уключала ў сябе часткі сучаснага Ірану, Таджыкістану, Афганістану, Узбэкістану і Туркмэністану. Цяпер такую назву носіць іранская правінцыя. Харасан вядомы сваімі дыванамі і магіламі Фірдаўсі і Амара Хаяма.

З каго складаюцца баевікі «Ісламскай дзяржавы»

«Ісламская дзяржава Харасан» — радыкальная групоўка, якая 6 гадоў таму адкалолася ад «Талібану». Яна значна пашырылася пасьля таго, як у яе ўліліся баевікі з «Ісламскага руху Ўзбэкістану», а таксама прыбывалі байцы з Іраку і Сырыі. У 2014 годзе групоўка абвясьціла аб фармаваньні новай правінцыі — Вілаяту Харасан, альбо Ісламскай імпэрыі. Многіх баевікоў вабіць скрайняя ідэалёгія «Ісламскай дзяржавы», у тым ліку абяцаньне стварыць халіфат, які аб'яднае ісламскі сьвет (гэтай мэты ніколі не падтрымліваў «Талібан»). Два ісламісцкія рухі — талібы і «Ісламская дзяржава» — варагуюць.

Што робіць іх асноўнай пагрозай

Групоўка значна радыкальнейшая нават за «Талібан» — калі той вёў перамовы з ЗША, многія незадаволеныя гэтым талібы ўліліся ў шэрагі «Ісламскай дзяржавы». Іх мэтад — тэрарысты-сьмяротнікі, ні ў якія перамовы зь «нявернымі» яны не ўступаюць. «Талібан» яны лічаць занадта лібэральным. У той час як талібы абмежавалі сваю барацьбу тэрыторыяй Афганістану, групоўкі «Ісламскай дзяржавы» ў Афганістане і Пакістане падтрымалі заклік да сусьветнага джыхаду супраць немусульманаў. Мяркуецца, што грошы на «барацьбу» групоўка зарабляе наркатрафікам.

Тэракты

Першы буйны тэракт групоўка зьдзейсьніла каля банку ў Джалалабадзе ў 2015 годзе — тады загінулі 33 чалавекі.

Цэнтар міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў налічвае дзясяткі атак, якія баевікі «Ісламскай дзяржавы» зьдзейсьнілі супраць мірных жыхароў Афганістану і Пакістану, у тым ліку мусульман-шыітаў, а таксама сотні сутыкненьняў з афганскімі ды пакістанскімі вайскоўцамі і сіламі міжнароднай кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША.

Урад ЗША лічыць, што групоўка ўяўляе пастаянную пагрозу інтарэсам ЗША і іх хаўрусьнікаў у Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. Лічыцца, што пасьля тэракту ў аэрапорце Кабулу «Ісламская дзяржава Харасан» зьяўляецца адной з самых значных тэрарыстычных пагроз у сьвеце.

Прагнозы і асьцярогі

Вывад войскаў пазбаўляе Злучаныя Штаты магчымасьці нанясеньня ўдараў зь зямлі ў Афганістане і пагражае аслабіць іх здольнасьць адсочваць дзейнасьць «Ісламскай дзяржавы», а таксама плянаваньне яе нападаў. Афіцыйныя асобы з адміністрацыі Джо Байдэна кажуць, што групоўка «Ісламская дзяржава» — толькі адна з многіх тэрарыстычных пагроз, зь якімі ЗША змагаюцца ва ўсім сьвеце. Яны настойваюць, што могуць кантраляваць сытуацыю дыстанцыйна, з дапамогай вайсковых і разьведвальных сродкаў, якія базуюцца ў краінах Пэрсідзкай затокі, на авіяносцах або іншых аддаленых аб’ектах.

Адна з самых вялікіх асьцярог Злучаных Штатаў з нагоды вываду сваіх баявых сіл праз два дзесяцігодзьдзі палягае ў тым, што Афганістан пад уладай «Талібану» зноў становіцца магнітам і пляцдармам для экстрэмістаў, якія плянуюць напад на Захад.

Дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйк Саліван заявіў CNN, што Злучаныя Штаты «сканцэнтраваныя на гэтай пагрозе, выкарыстоўваючы ўсе інструмэнты, што маюцца ў нашым арсэнале».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG