Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд адклаў ліквідацыю Таварыства беларускай мовы


Старшыня ТБМ Алена Анісім, архіўнае фота

27 жніўня Вярхоўны суд пачаў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Паседжаньне павінна было пачацца ў 15.00, аднак яго перанесьлі на няпэўны час — старшыня ТБМ Алена Анісім 26 жніўня падала дакумэнты на абскарджваньне папярэджаньняў і хадайнічала аб пераносе пазову. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі не пярэчыў.

14 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годзьдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку — маніторы, сыстэмныя блёкі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесьніка пракурора Менску.

Менавіта ў гэтыя дні Мін’юст патрабаваў ад ТБМ (ды іншых няўрадавых арганізацый — БАЖ, СБП, ЗБС «Бацькаўшчына») прадставіць дакумэнтацыю. Бухгальтарскія дакумэнты былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч — галоўнага бухгальтара «Нашай Нівы», якая дапамагала ТБМ па дамове падраду.

Грамадзкая арганізацыя ў той жа дзень атрымала два пісьмовыя папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі за нясвоечасова перададзеныя дакумэнты, якіх чыноўнікі патрабавалі ў межах пазаплянавай праверкі.

«У папярэджаньнях былі фармальныя прычэпкі, нічога сур’ёзнага, таму будзем змагацца далей», — сказала Алена Анісім.

У выпадку ліквідацыі арганізацыі таксама спыняцца і заснаваныя таварыствам газэты «Наша слова» і «Новы час».

Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 году. Сярод яго ініцыятараў у той час былі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія.

9 жніўня Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтар, на чале якога стаіць Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. 24 жніўня там жа адбылося судовае пасяджэньне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а 25-га — Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

27 жніўня разглядаецца справа аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. А на 15 верасьня Вярхоўны суд прызначыў разгляд пазову аб ліквідацыі грамадзкага абʼяднаньня «БНФ „Адраджэньне“».

30 ліпеня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці адпрацоўвалася чужая палітычная замова».

Па ягоных падліках, розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

У выніку «праведзеных мерапрыемстваў», ягонымі словамі, выдзелена 185 «дэструктыўных арганізацый», якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG