Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ пройдзем пераможным маршам». Згадваем, як год таму праходзіў жаночы Гранд-марш салідарнасьці


29 жніўня 2020. Менск.

Год таму 29 жніўня ў Менску адбыўся жаночы Гранд-марш салідарнасьці, у якім узялі ўдзел некалькі тысяч жанчын. Ён запачаткаваў суботнія жаночыя маршы, якія працягваліся некалькі месяцаў.

Паэтка, публіцыстка Крысьціна Бандурына, паэтка, рэдактарка Віка Трэнас, журналістка Аліна Рудзіна і грамадзкая актывістка Наста Базар згадваюць падзеі гадавой даўнасьці, асэнсоўваюць страты і дасягненьні, а таксама разважаюць пра новы фармат жаночага актывізму і пратэсту.

Глядзіце размову цалкам на відэа


Асноўныя тэзісы

Крысьціна Бандурына:

Крысьціна Бандурына, фота Івана Іванчанкі
Крысьціна Бандурына, фота Івана Іванчанкі
  • Гэта сапраўды быў гранд-марш. Нават калі згадваю, вочы гараць. Агромністы паток жанчын, і ўсе адна адну падтрымліваюць. Было натхняльна і сьмела.
  • Нечакана было пабачыць, што нас так шмат, што мы гатовыя і што мы не баімся. Найбольш запамінальнымі на жаночых маршах будуць жаночыя крэатыўныя плякаты.
  • Тое, што мяне акаляе цяпер, прыносіць мала пазытыву. Я проста не магу падлічыць, колькі маіх сяброў і знаёмых зьехалі з краіны, колькі прайшлі праз турмы і як складана было ўсё гэта перажываць.
  • Пазытыўнае — знаёма кожнаму і кожнай, хто бываў тады на вуліцах. Гэта пераадоленьне сябе, свайго страху і адчуваньне павагі да сябе і сваіх сяброў, пра якіх ніколі б у жыцьці не падумала, што яны будуць побач, а яны аказваліся побач.
  • Былі расчараваньні, калі людзі, якія, падавалася б, падзяляюць твае погляды, насамрэч аказваліся не такімі, якімі ты іх уяўляла. Гэтая мяжа толькі пашыраецца. Вельмі глыбокі разлом. Галоўны здабытак яшчэ наперадзе — і ў тым, каб мы гэты разлом пераадолелі.
  • Адзінае, што я бачу магчымым цяпер, — узаемадапамога і ўзаемападтрымка.

Аліна Рудзіна:

Аліна Рудзіна
Аліна Рудзіна
  • Было натхняльнае адчуваньне ад таго, што вакол шмат дзяўчат, жанчын у нашых колерах. Было таксама адчуваньне небясьпекі і страху, бо нас суправаджалі аўтазакі і АМАП.
  • Я здымала відэа, рабіла фота, стрыміла. Цяпер вельмі балюча бачыць напаміны з таго году.
  • Год таму здавалася, што горад наш, краіна наша, усё будзе толькі добра. Цягам году столькі дрэннага здарылася. Нашы калегі, сябры, блізкія — за кратамі, у выгнаньні.
  • Калі я згадваю тыя падзеі, ёсьць адчуваньне жаночай моцы. Памятаю Марыю Калесьнікаву, якая натхняла і матывавала.
  • Толькі магу спадзявацца, што некалі мы ў Беларусі яшчэ пройдзем пераможным маршам.

Віка Трэнас:

Віка Трэнас. Архіўнае фота.
Віка Трэнас. Архіўнае фота.
  • Заканамерна, што гэтая рэвалюцыя — жаночая. Акрамя маршаў, быў вельмі актыўны ўдзел жанчын у мікрараёнах. У дваровых чатах, у лякальных актыўнасьцях галоўнымі рухавікамі былі дзяўчаты.
  • Гэта і ўрокі мінулага. Пасьля Другой сусьветнай вайны жанчыны вымушаныя былі араць на сабе зямлю, бо каня трэба было берагчы. Яны ўпрагаліся ў плуг і ішлі.
  • Калі я прачытала мэмуары аднаго чалавека, які прыгадваў гісторыю сваёй бабулі, то зразумела, адкуль у беларускіх жанчынах сталёвы стрыжань унутры. Яны могуць усё.
  • Ва ўсе гады ў беларускай гісторыі былі жанчыны, якія стваралі грамадзянскую супольнасьць.
  • Постаці Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай сталі ўзорам, прыкладам, калі можна так сказаць, для нашых жанчын. «Калі яны змаглі, значыць, і я змагу».
  • Што мы набылі? Па-ранейшаму нашыя беларускія жанчыны — гэта сіла, пяшчота, спагада і эмпатыя. Яны і моцныя, і пяшчотныя, і могуць шмат чаго. Я веру ў нашых жанчын.
  • Што рабіць цяпер? Партызаншчына ўнутры краіны (захаваньне свайго мэнтальнага здароўя) і максымальная публічнасьць за яе межамі.
  • Фармаваньне крытычнага мысьленьня — аснова, тое, што дапаможа дагрукацца да той часткі грамадзтва, якая жыве «ў сьвеце ружовых адзінарогаў» і ўпарта не заўважае гуманітарнай і сацыяльна-эканамічнай катастрофы ў Беларусі.

Наста Базар:

Наста Базар. Архіўнае фота.
Наста Базар. Архіўнае фота.
  • У рэвалюцыі сапраўды жаночы твар. Мы маем вялікае выгараньне і вялікую адказнасьць.
  • Мы павінны фіксаваць свой стан і думаць, што будзе далей. За год зьмянілася шмат, але дагэтуль жанчыны маюць вядучую ролю ў гэтай рэвалюцыі і з гэтай пасады ня сыдуць.
  • Шмат жанчын выйшлі таму, што не было каму, яны выйшлі за мужчын. Але я асабіста ведаю вельмі шмат жанчын, якія выйшлі за сябе, за свае правы, і працягваюць гэта рабіць. І гэта самы вялікі здабытак гэтага году.
  • За гэты год мы моцна пасталелі. Для мяне самая важная каштоўнасьць — каштоўнасьць чалавечага жыцьця, каштоўнасьць асобы.
  • Я падтрымліваю і буду падтрымліваць жанчын. У мяне няма стратэгіі, што мы будзем рабіць, каб перамагчы, але ёсьць мэта — падтрымаць найперш жанчын, падтрымаць жаданьне жанчын рабіць свой выбар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG