Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У журналісткі-палітвязьня Ксеніі Луцкінай істотна пагоршылася здароўе. Ёй прад’явілі новае абвінавачаньне


Ксенія Луцкіна

Былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна восем месяцаў знаходзіцца за кратамі

Спачатку яе зьвязвалі са «справай Прэс-клюбу» і вінавацілі ў саўдзеле ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Але пасьля таго, як гэтую справу закрылі, на Ксенію завялі новую. Апошнія месяцы журналістка жыве на абязбольвальных — пухліна, якая шмат гадоў яе не турбавала, пачала расьці. Бацька Луцкінай падзяліўся з «Нашай Нівай» апошнімі навінамі пра дачку.

Ксенія адпрацавала на дзяржаўным тэлебачаньні 15 год. Здымала дакумэнтальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы.

У жніўні 2020 году журналістка звольнілася з БТ і хацела запусьціць альтэрнатыўны канал. Далучылася да Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Відаць, таму і трапіла пад удар.

Дэталі новай крымінальнай справы пакуль невядомыя — адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Сям’я Ксеніі вельмі непакоіцца за яе здароўе. У 2012 годзе журналістцы зрабілі складаную апэрацыю на галаўным мозгу — выдалялі пухліну. Яшчэ адна засталася, яе немагчыма было выразаць. Але ўсё трымалі пад кантролем.

«У яе было нармальнае самаадчуваньне, кожны год праводзілі абсьледаваньне. А за месяцы ў турме значны рост пайшоў. Яе вазілі два разы на МРТ — у траўні і ў ліпені. Вынікі паказваюць, што пухліна павялічылася. У Ксеніі да 1 верасьня пасьцельны рэжым. У яе моцныя галаўныя болі, пастаянна колюць абязбольвальныя. Я ёй пігулкі важу кожны панядзелак», — расказвае бацька Алег Луцкін.

Дома журналістку чакае сын-шасціклясьнік. Сваё 11-годзьдзе ён адзначыў бяз маці.

«Кожны дзень задае пытаньне, калі яна вернецца. 23 чысла, калі ў Ксеніі канчаўся тэрмін утрыманьня пад вартай, ён мне званіў, плакаў, а я сказаць нічога ня мог. „Дзе мама?“ — пытаўся з такой прэтэнзіяй, маўляў, дзядуля, ты маўчыш, ты нешта хаваеш.

Мы з Матвеем размаўляем як сябры. Учора гутарылі да паловы 12-й — і пра маму, і пра тое, як трэба жыць. Быць сумленным, верыць у сябе і не падманваць нікога.

Пішам разам зь ім лісты маме. Расказваем, што схадзілі на рэчку, пакупаліся, стараемся не засмучаць нічым. Ксенія ў кожным лісьце ўкладае для яго асобную паштоўку. Яна вельмі хвалюецца за дзіця, як да школы сабраўся, як там іншыя побытавыя рэчы».

Лісты ад Ксеніі прыходзяць рэдка, хоць яна шмат піша. Сям’я атрымлівае карэспандэнцыю раз на два тыдні — адразу па тры лісты.

«Ксенія трымаецца. У кожным лісьце запэўнівае: „Усё будзе добра“ — і шле ўсьмешкі. Але за апошнія два месяцы ў яе вельмі моцна здароўе ўпала.

Адвакат яе раз на тыдзень наведвае. А мне забаранілі спатканьні. Я зьвяртаўся тройчы з гэтай просьбай — усе разы адмовілі».

Астатнія фігуранты справы «Прэс-клюбу» выйшлі на свабоду: яны сплацілі шкоду, якую налічыла сьледзтва, кампэнсацыю (агулам каля 200 тысяч рублёў) і падпісалі прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Луцкіна адмовілася падпісваць такое прашэньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG