Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Міхася Дубянецкага, год таму — Лукашэнка памяняў кіраўніцтва КДБ, Савету бясьпекі і Камітэту дзяржкантролю


Міхась Дубянецкі

Падзеі 3 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

3 верасьня 1990 году памёр Міхась Дубянецкі, кнігавыдавец і перакладчык, грамадзкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

У дзяцінстве заходнебеларускі хлопчык Міхал стаў сьведкам таго, як увосень 1939-га чырвонаармейцы, што патрабавалі называць іх «освободителями», расклалі каля школы вогнішча з кніг. Савецкі афіцэр кідаў у полымя ўсё, што было надрукавана «не по-русски».

Напэўна, тое вогнішча і запраграмавала стаўленьне Дубянецкага да новай улады. Тым больш што неўзабаве НКВД арыштаваў за антысавецкую агітацыю ягонага бацьку.

На першы погляд, Міхал Дубянецкі рабіў пасьпяховую кар’еру: скончыў Рэспубліканскую партыйную школу і Вышэйшую партшколу ў Маскве, працаваў на адказных пасадах у менскіх выдавецтвах, з посьпехам займаўся літаратурнымі перакладамі, быў прызначаны інструктарам сэктару друку ЦК КПБ...

Яму зайздросьцілі, але Міхал Хведаравіч не лічыў, што жыцьцё ўдалося. Ён быў з тых, хто ня проста разумеў антычалавечую сутнасьць таталітарызму, але і рыхтаваўся кінуць яму выклік, чакаючы, калі гісторыя дасьць шанец.

Дубянецкі неацэнна шмат зрабіў для разьвіцьця ў Беларусі энцыкляпэдычнай справы. Калегі сьцьвярджаюць, што менавіта ён быў ініцыятарам шматтомнага выданьня твораў беларускага фальклёру. Ягоны талент кнігавыдаўца найбольш поўна раскрыўся на пасадзе дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Прымаючы на працу новага супрацоўніка, Дубянецкі зазвычай казаў: «Запомніце, вы прыйшлі працаваць рэдактарам, а ня цэнзарам». Добра ведаючы «кухню» савецкай цэнзуры, ён здолеў давесьці да сустрэчы з чытачом шмат сумнеўных з гледзішча ўлады кніг, у тым ліку чатырохтомнік Васіля Быкава, уключыўшы туды крамольную аповесьць «Мёртвым не баліць».

Уся лёгіка жыцьця Дубянецкага прывяла яго ў шэрагі тых, хто пры канцы 1980-х узяў на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі. Ён быў сярод ініцыятараў стварэньня Камітэту-58, што падрыхтаваў Устаноўчы сход «Мартыралёгу Беларусі» 19 кастрычніка 1988 году. На тым гістарычным сходзе, дзе спадар Міхал старшыняваў, утварыўся аргкамітэт БНФ «Адраджэньне».

Дубянецкі стаў адным з найактыўнейшых сябраў як грамадзкай рады «Мартыралёгу», так і аргкамітэту (а затым і першага Сойму) БНФ. Ён умеў трымаць удар. Ён быў побач з намі на векапомных агульнабеларускіх Дзядах 30 кастрычніка 1988-га. Ягоны нягучны, але прасякнуты вераю ў сваю праўду голас прымушаў заціхаць шматтысячныя мітынгі.

Дубянецкага пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам, якому заставаўся яшчэ год да таго, каб стаць дзяржаўным. Пасьмяротную публікацыю ягоных мэмуараў «Трэба рызыкаваць...» (дзе фiгуравала размаiтая нечысьць ад загадчыкаў аддзелаў ЦК да шараговага стукача М.), распачатую ў часопісе «Полымя» Сяргеем Законьнікавым, помсьліва спыніў прызначаны ўладамі новы галоўны рэдактар М. Мятліцкі.

Успаміны спадара Міхала ўрэшце надрукаваў незалежны часопіс «Дзеяслоў». Кажуць, стукач М. кусаў сабе локці.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с.368-369.

У гэты дзень год таму

  • Аляксандар Лукашэнка памяняў кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Савету бясьпекі і Камітэту дзяржаўнага кантролю.
  • Больш за двое сутак у няволі трымаюць шасьцёх журналістаў Tut.by, БелаПАН і «Комсомольской правды в Беларуси», вінавацячы ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
  • Інтэрнэт-правайдэр «Дзелавая сетка» паведаміў, што з 15 верасьня ў дзяржаўных органах і арганізацыях будуць заблякаваныя замежныя DNS-сэрвэры.
  • У менскай Архікатэдры адбылася супольная малітва каталіцкіх сьвятароў гораду. Яны маліліся аб вяртаньні на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады не пускалі ў Беларусь.

Гэты дзень у гісторыі

301 — Заснавана Сан-Марына — самая старая дзяржава Эўропы.

Гара Монтэ-Тытана, найвышэйшы пункт у Сан-Марына
Гара Монтэ-Тытана, найвышэйшы пункт у Сан-Марына

1651 — скончылася грамадзянская вайна ў Ангельшчыне між раялістамі і прыхільнікамі парлямэнту.

1783 — паводле падпісанага ў Парыжы мірнага пагадненьня афіцыйна скончылася Вайна за незалежнасьць Злучаных Штатаў Амэрыкі.

1791 — прынятая першая ў гісторыі Францыі Канстытуцыя.

1915 — нямецкія войскі занялі Горадню.

1939 — Вялікая Брытанія, Францыя, Індыя, Аўстралія і Новая Зэляндыя абвясьцілі вайну Нямеччыне.

1941 — першае выпрабаваньне атрутнага газу «Цыклён Б» у Асьвенціме.

Прыбыцьцё вязьняў у канцлягер Асьвенцім
Прыбыцьцё вязьняў у канцлягер Асьвенцім

1953 — набыла моц Эўрапейская канвэнцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

1971 — абвешчаная незалежнасьць Катару.

1971 — СССР, Вялікая Брытанія, Францыя і ЗША падпісалі дамову аб статусе Заходняга Бэрліну.

У гэты дзень нарадзіліся

1915 — Барыс Райскі, беларускі дырыжор.

У памяці

1658 — Олівэр Кромвэль, ангельскі палітык і дзяржаўны дзеяч, лідэр ангельскай антыманархічнай рэвалюцыі.

1883 — Іван Тургенеў, расейскі пісьменьнік.

1908 — Марыя Ямант, удзельніца нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., палітвысланка, нарачоная Кастуся Каліноўскага.

Марыя Ямант
Марыя Ямант

Пачыналася вясна 1861-га. Каліноўскі меў дваццаць тры гады, Марыя — на тры меней. Яна была адукаваная дзяўчына: ведала замежныя мовы, глыбока цікавілася гісторыяй і літаратурай. Хутка Кастуся сустракалі ў Ямантаў ужо як самага жаданага госьця. Праз год Марыя зрабілася яго нарачонаю. Яна прыняла ад каханага заручальны пярсьцёнак і проста сьвяцілася шчасьцем, хоць і прадчувала, што наперадзе іх чакаюць нялёгкія выпрабаваньні.

Надзею на хуткае вясельле перакрэсьліў пачатак паўстаньня. Кватэра Ямантаў ператварылася ў яго сапраўдны штаб зь нелегальнай друкарняй. Якраз там Каліноўскі сустракаўся з камісарам Нацыянальнага ўраду ў Варшаве і адстойваў будучую самастойнасьць народаў Вялікага Княства Літоўскага і перадачу зямлі сялянам.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.104-105.

1960 — Міхась Васілёк, беларускі паэт.

Заходнебеларускія пісьменьнікі ў нямецкім палоне. Зьлева направа: Юльян Сергіевіч, Янка Брыль, Міхась Васілёк, 1940.
Заходнебеларускія пісьменьнікі ў нямецкім палоне. Зьлева направа: Юльян Сергіевіч, Янка Брыль, Міхась Васілёк, 1940.

1978 — Пётра Татарыновіч, беларускі каталіцкі дзеяч, перакладчык, арганізатар Беларускай сэкцыі Ватыканскага радыё.

2010 — Алег Бябенін, заснавальнік сайту Хартыі-97. Загінуў пры нявысьветленых абставінах, яго знайшлі павешаным на лецішчы.

Алег Бябенін
Алег Бябенін

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG