Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіяў за асаблівыя заслугі будуць пазбаўляць за «шкоду нацыянальнай бясьпецы»


Ілюстрацыйнае фота

Улады ўнесьлі зьмены ў заканадаўства пра пэнсіі за асаблівыя заслугі перад краінай. Цяпер іх могуць пазбавіць, калі атрымальнік учыніў злачынства альбо дзеяньні, якія наносяць шкоду дзяржаўным інтарэсам і нацыянальнай бясьпецы.

Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io.

Юрыдычныя навацыі закрануць у тым ліку і былых чыноўнікаў, некаторых шматдзетных маці і спартоўцаў.

4 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб пазбаўленьні 86 чалавек вайсковых і адмысловых званьняў. Для тых, хто атрымлівае вайсковую пэнсію, пазбаўленьне званьня азначае, што сума выплатаў зьменшыцца.

Хто можа атрымаць пэнсію за асаблівыя заслугі

Сярод тых, хто можа прэтэндаваць на пэнсію за асаблівыя заслугі, — былыя чыноўнікі, якія займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, чальцы ўраду, старшыні аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму.

Маці дзевяці і больш дзяцей і ўзнагароджаныя адной зь дзяржаўных узнагародаў за мацярынства («Мэдалём мацярынства», ордэнам «Мацярынская слава», ордэнам «Маці-гераіня») таксама могуць атрымаць такія выплаты. Беларусам, у якіх ёсьць тры і больш ордэнаў, таксама магчыма атрымаць пэнсію за асаблівыя заслугі.

Некаторым спартоўцам таксама могуць прызначыць такія выплаты — пераможцам і прызэрам Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэльфійскіх гульняў, чэмпіёнам сьвету і Эўропы.

Адна з галоўных умоваў, каб атрымаць такую пэнсію, — адсутнасьць судзімасьці.

Што зьмянілі ў заканадаўстве аб пэнсіях за асаблівыя заслугі

Раней сярод прычын, па якіх маглі забраць такія выплаты, значылася некалькі пунктаў: учыненьне злачынства, пазбаўленьне дзяржаўных узнагародаў і недакладныя або неабгрунтаваныя дадзеныя, паводле якіх прызначылі такую пэнсію. Пры гэтым пры пазбаўленьні ордэна або мэдаля (акрамя юбілейнага), якія былі падставай для пэнсіі за асаблівыя заслугі, пэнсія зьніжаецца.

Цяпер жа ў сьпіс падставаў, паводле якіх могуць пазбавіць пэнсіі за асаблівыя заслугі, дадалі злачынствы і дзеяньні, якія наносяць шкоду дзяржаўным інтарэсам і нацыянальнай бясьпецы.

Цяперашнія зьмены прадугледжаныя пастановай ураду № 505. Новаўвядзеньні запрацуюць з 4 верасьня.

Які памер пэнсіі за асаблівыя заслугі

Пэнсія за асаблівыя заслугі складаецца са звычайнай пэнсіі (паводле ўзросту, інваліднасьці або за выслугу гадоў) і падвышэньня за асаблівыя заслугі (яго памер у кожным выпадку прызначаецца індывідуальна, але ня можа перавышаць 250% мінімальнага памеру пэнсіі паводле ўзросту).

Да прыкладу, у Жодзіне на 1 лютага гэтага году 18 чалавек атрымлівалі пэнсіі за асаблівыя заслугі перад краінай. Сярэдні памер іх пэнсіяў — 800 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG