Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шкадую, што летась нам не хапіла рашучасьці». Сям’я бізнэсоўцаў пакінула Беларусь пасьля цкаваньня прапагандыстамі


Дзьмітры Бачыла

Дзьмітры і Алена Бачылы да нядаўняга часу жылі ў Менску. Мелі свой бізнэс, дом, аўта, гадавалі дзяцей. Цяпер яны разам зь дзецьмі пакінулі Беларусь — пасьля цкаваньня прапагандыстамі і пад пагрозай турмы.

Пра сваю гісторыю Дзьмітры Бачыла расказаў Свабодзе.

У сям’і Бачылаў двое дзяцей. Івану — 21 год, Надзеі — 19. Дзьмітрыю Бачылу 51 год, паводле прафэсіі ён лекар. У 2009 годзе Дзьмітры звольніўся з асноўнай працы, разам з жонкай яны распачалі ўласны бізнэс — шылі фіранкі, мелі свой кравецкі цэх, краму.

«Я падзяляў каштоўнасьці Віктара Бабарыкі»

«Па натуры я чалавек апалітычны. Быў. Калі зразумеў, што з палітыкай у нашай краіне зьвязвацца няма сэнсу і нават небясьпечна, вырашыў быць у баку. За падзеямі сачыў, натуральна, але сам ня ўмешваўся. Але калі ў 2020 годзе на палітычнай арэне зьявіўся Сяргей Ціханоўскі, мне стала цікава. Яшчэ цікавей — калі пра свае амбіцыі заявіў Валер Цапкала, а за ім — Віктар Бабарыка. Я зразумеў, што гэтыя выбары будуць яркімі і не траваеднымі. Сам Бабарыка — вельмі яркі і цікавы чалавек, я сачыў за ім. У той жа дзень, 13 траўня, калі ён абвясьціў пра свой удзел у выбарах, я запісаўся ў яго ініцыятыўную групу. Бо я падзяляў ягоныя каштоўнасьці», — расказвае Дзьмітры.

Дзьмітры Бачыла, жонка Алена, Ніна Багінская
Дзьмітры Бачыла, жонка Алена, Ніна Багінская

Ён кажа, што стаяў у перадвыбарчых пікетах, зьбіраў подпісы. Калі Віктара Бабарыку арыштавалі, спрабаваў зрабіцца сябрам участковай камісіі. Пасьля адмовы судзіўся з выканкамам. Потым стаў назіральнікам на ўчастку, разьмешчаным у 148-й школе Менску.

«Як і многіх, нас не пускалі ў будынак школы, выгналі на ганак. Мы лічылі на ганку тых, хто прыйшоў галасаваць. Былі шакаваныя, калі ўбачылі яўку па пратаколах, завышаную. Нашаму абурэньню не было межаў! 9 жніўня пратакол камісія ня вывесіла, і ў поўнай цемры, пад прыкрыцьцём АМАП, камісію вывозілі на аўто са школы. Людзі крычалі ім „Ганьба!“», — узгадвае бізнэсовец.

«Удзельнічалі ў маршах, дваровых чатах, чакалі „гасьцей“ і крымінальнай справы»

Дзьмітры расказвае, што 9 жніўня 2020 году з жонкай яны пайшлі ў цэнтар гораду.

«Бачылі выбухі, трапілі пад газ, дапамагалі людзям выбірацца з разьбітых аўто. Дзякуй Богу, уцяклі самі. Потым хадзілі на нядзельныя маршы — пакуль іх не задушылі канчаткова. Потым удзельнічалі ў дваровых чатах, пілі гарбату з суседзямі, друкавалі газэту, распаўсюджвалі яе. Тым часам увосень сын „трапіў на камэры“ — ён удзельнічаў у маршах, а ва ўнівэрсытэце, дзе вучыўся, таксама актыўнічаў. Ён быў у студэнцкім страйкаме. Калі схапілі студэнтаў, зь якімі ён сябраваў — Касю Будзько і Яну Арабейку (цяпер ужо асуджаныя. — РС), то мы палічылі за лепшае „эвакуаваць“ сына ва Ўкраіну. Тым больш ён два разы трапляўся па сумнавядомым артыкуле 23.34. Ён і цяпер ва Ўкраіне — вучыцца ва ўнівэрсытэце», — кажа Дзьмітры.

Надзея, дачка Дзьмітрыя Бачылы
Надзея, дачка Дзьмітрыя Бачылы

Сям’я заставалася ў Беларусі. Працавалі, друкавалі газэту і распаўсюджвалі яе. Увосень яны прынялі замову Юркевічаў — уласьнікаў кампаніі «Юркас» (вытворчасьць дзьвярэй. — РС) — пашыць фіранкі для дому.

«У студзені мы здалі асноўную замову па фіранках, атрымалі грошы, і ў той жа дзень нас папрасілі дашыць яшчэ адну фіранку — для ваннага пакою. Фіранку мы здалі ўвесну, атрымалі за яе грошы праз кіроўцу „Юркаса“. 22 чэрвеня мы паехалі ў іншы дом Юркевічаў на замеры вокнаў для замовы, і вечарам даведаліся, што іх арыштавалі!» — кажа бізнэсовец.

«І тут зьявіўся артыкул на „Жоўтых Зьлівах“. У той жа дзень мы зьехалі»

Дзяржаўныя выданьні пісалі, што кампанія «Юркас» фінансавала пратэсты. У адным з артыкулаў на тэлеграм-канале «Жоўтыя Зьлівы» зьявіліся дадзеныя Дзьмітрыя Бачылы, а таксама яго перамовы з кіроўцам «Юркаса».

«Гэта было пададзена так, што Юркевічы давалі мне грошы на пратэсты, масавыя беспарадкі! Мы былі ў шоку, разумелі, што цяпер трэба чакаць „гасьцей“ і крымінальнай справы. Таму ў той жа дзень, калі зьявіўся артыкул, мы зьехалі зь Беларусі. Дабіраліся таемнымі сьцяжынкамі ў Расею, адтуль — ва Ўкраіну, потым — у Польшчу. Цяпер мы ў бясьпецы», — кажа Дзьмітры.

Цяпер ён з жонкай і дачкой — у Польшчы, сын — ва Ўкраіне. У Беларусі застаўся дом, аўто, бізнэс, кравецкі цэх.

Іван, сын Дзьмітрыя Бачылы
Іван, сын Дзьмітрыя Бачылы

«Тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, — проста вар’яцтва!»

Дзьмітры кажа, што яму нават думаць страшна пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

«Гэта проста вар’яцтва, за межамі здаровага сэнсу. Натуральна, нейкія надзеі ў нас застаюцца. Але цяпер жывём як на арэлях. То ўверх, то ўніз. То спадзяесься на нешта, то ў дэпрэсію звальваесься, што ўсё страціў і дахаты ня вернесься. Нам добра ў Польшчы, да нас добра ставяцца людзі, але мы хочам дахаты», — тлумачыць бізнэсовец.

Ён спадзяецца, што сытуацыя пратрымаецца ня больш за год.

«Куды цяпер ідзе Беларусь? У бок Туркмэністану, Паўночнай Карэі? Але паміж нашымі народамі вялізная розьніца! Там людзі ня бачылі іншага жыцьця, пакаленьнямі жывуць пры такім ладзе, ня маюць ніякай інфармацыі пра іншае жыцьцё. Нашы людзі адчулі свабоду, у іх больш інфармацыі. Цяпер, па вялікім рахунку, усё коціцца ўніз, дно яшчэ не прабітае, яшчэ ёсьць куды падаць. Але лад Паўночнай Карэі, я лічу, у нас немагчымы. Ці людзі будуць яшчэ больш масава зьяжджаць, ці будзе нейкі выбух, бо ўсё тлее», — разважае бізнэсовец.

Ён не шкадуе, што летась «ублытаўся ў палітыку».

«Я шкадую, што нам усім летась у жніўні не хапіла рашучасьці. Варта было выходзіць — і не сыходзіць, стаяць на сваім. Калі яны пачалі забіваць людзей, яны нам далі маральнае права на супраціў, на нейкія дзеяньні ў адказ. Я адчуваю, што ўсё зьменіцца, але калі — ня ведаю», — дадаў Дзьмітры Бачыла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG