Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень беларускай вайсковай славы; год таму Лукашэнка заявіў, што «магчыма, крыху пераседзеў»


Бітва пад Воршай, карціна, аўтарам якой лічаць Ганса Крэля, XVI стагодзьдзе

Падзеі 8 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

8 верасьня 1514 году адбылася бітва пад Воршай. Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астроскага разьбіла войска Масковіі. У Беларусі нацыянальна арыентаваная частка грамадзтва адзначае гэтую дату як Дзень беларускай вайсковай славы.

Год таму ў гэты дзень

  • Сябра прэзыдыюму Кардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава на мяжы парвала свой пашпарт, прадухіліўшы сваю высылку з краіны.
  • «Мы не гатовыя прызнаць у цэлым наяўнасьць палітычных зьняволеных у Беларусі», — сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы сытуацыю з затрыманьнем сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай.
  • У Менску прайшоў «Марш у падтрымку рэпрэсаваных», які завяршыўся жорсткімі затрыманьнямі.
  • Лукашэнка даў інтэрвію групе расейскіх журналістаў і мэдыямэнэджараў, дзе заявіў: «Магчыма, я крыху пераседзеў».
  • Афіцыйны Менск заявіў, што выйсьці з палітычнага крызісу можна, толькі прыняўшы новы варыянт Канстытуцыі, паслабіўшы прэзыдэнцкую ўладу. Прапануецца зрабіць гэта да 2022 году і пасьля правесьці ўсеагульныя перавыбары.

Таксама ў гэты дзень

1380 — адбылася Кулікоўская бітва, войска Маскоўскага княства на чале зь Дзьмітрыем Данскім перамаглі войска Залатой Арды.

1504 — Мікелянджэлё скончыў працу над скульптурай «Давід».

1636 — заснаваны Гарвардзкі ўнівэрсытэт — найстарэйшы і адзін з найбольш аўтарытэтных унівэрсытэтаў ЗША.

1655 — швэдзкія войскі занялі Варшаву.

1708 — расейскія войскі, якімі камандаваў генэрал Радзівон Боўр, на загад расейскага цара Пятра I спалілі Магілёў.

1844 — выйшла першая кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага.

1973 — перакрытая рака Вілія, створанае самае вялікае ў Беларусі Вілейскае вадасховішча.

1989 — заснавалі Народны рух Ўкраіны.

1990 — у Полацку адкрытўся Музэй беларускага кнігадруку.

1991 — Македонія абвясьціла незалежнасьць.

1992 — на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбылася прысяга на вернасьць Бацькаўшчыне вялікага мноства дзейных афіцэраў і афіцэраў запасу. Былыя савецкія вайскоўцы такім чынам станавіліся абаронцамі Беларусі. Наладзілі прысягу дэпутаты Апазыцыі БНФ і Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1910Жан-Луі Баро, францускі актор і рэжысэр.

1926 — айцец Аляксандар Надсан, беларускі грэка-каталіцкі сьвятар і апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.

Аляксандар Надсан,
Аляксандар Надсан,

Часам хочацца даць партрэт чалавека адным словам. У выпадку з айцом Аляксандрам Надсанам гэтае слова — прасьветлены.

Калі гаворка пра сьвятара, ня трэба тлумачыць, прасьветлены кім.

Мне выпала наведаць не адну сотню храмаў розных канфэсіяў. Але ніводны зь іх ня быў сугучны маёй душы так, як Беларуская грэка-каталіцкая царква Сьвятых Пятра і Паўла ў Лёндане. Бо там служыў сьвятар, які болей за любую іншую сустрэтую мной духоўную асобу адпавядаў свайму чыну.

У дзень, калі чорнай птушкаю ўдарыла ў грудзі вестка пра сыход духоўнага лідэра беларускай эміграцыі, гісторыка, перакладніка літургічных тэкстаў, я ня згадваў таго, што кожны можа прачытаць у сеціве.

У памяці ажыла будзённая лёнданская раніца, калі, крыху заспаўшы, на дыбачках увайшоў у царкву і не адразу зразумеў, што разам з айцом Аляксандрам нас на набажэнстве ўсяго двое.

Ды насамрэч я, вядома, памыліўся.

Разам з намі ў сьценах храму невідочна, але надзіва адчувальна былі прысутныя і архімандрыт Леў Гарошка, і біскуп Часлаў Сіповіч, і той чатырнаццацігадовы беларускі падлетак-вуніят, якога расейскія калянізатары ў асобе «окружного полицейского апостола Новицкого» ў 1839-м ня здолелі перавесьці ў «правильную веру» нават з дапамогаю дзьвюх соцень розгаў, аб чым распавёў у «Колоколе» Аляксандар Герцэн.

Цуд заўсёды быў з айцом Аляксандрам, здавалася, на адлегласьці выцягнутай рукі.

У 1990 годзе сваім першым прыездам у Беларусь пасьля пакутліва доўгага, амаль бясконцага расстаньня Аляксандар Надсан адрадзіў нашу Вуніяцкую царкву.

Калі пасьля рэфэрэндуму 1995-га з выдавецкіх плянаў выкінулі нашу з Генадзем Сагановічам кнігу пра дзесяць вякоў беларускай гісторыі, макет патрапіў да рук айца Аляксандра, і кніга выйшла. Першы раз, потым другі, трэці...

Падчас апошняга наведваньня радзімы айцец Аляксандар вянчаў нашага сына Багдана зь Янінай.

Сьвяткаваць падзею паехалі ў Музэй народнай архітэктуры ў Строчыцах.

Перад застоліцай завіталі ў колішнюю вуніяцкую Пакроўскую царкву.

Зь першымі крокамі айца Аляксандра пусты, даўно пакінуты вернікамі храм страпянуўся, ажыў, адгукнуўся нечаканымі проймамі, гукамі й пахамі. На вуліцы толькі што шалела непагадзь, а тут у вакенцы зазірнула сонца.

Вобраз строчыцкай Пакроўкі адгукнуўся на поўначы Лёндану, у Фінчлі, новым будынкам Беларускай вуніяцкай царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага. Аўтар праекту храму, які ўжо адзначаны дзясяткам архітэктурных прэміяў, — колішні прыхаджанін айца Аляксандра архітэктар Цзыўай Рафаэль Со.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.


1938Анатоль Грачанікаў, беларускі паэт, перакладчык.

1960 Сяржук Цімохаў, мастак.

Ня кожны і вельмі адораны мастак здольны стварыць свой космас. Гэта – не пра Цімохава.

Сяржук Цімохаў
Сяржук Цімохаў

Ягоны мастацкі сусьвет, які нарадзіўся з апантанага дасьледаваньня нашай дахрысьціянскай, далетапіснай мінуўшчыны, уладна вабіць, а часам – палохае. Перад палотнамі зь ценямі Ярылы і Вялеса, зь сьціхотна-таямнічымі стодамі, з далёкімі згукамі паганскіх абрадаў і сьвятаў можа ў зьнікнуць адчуваньне, падобнае да прыцягненьня бездані. Так твораць геніі.

Мы сустрэліся ў Полацку, куды Цімохаў зь сям’ёй прыехаў у 1986-м, каб затрымацца ў Прыдзьвіньні на дванаццаць гадоў. Першай убачанай мною Сержуковай працай быў партрэт Івана Луцкевіча. Ужо адно гэта абяцала працяг знаёмства.

Выбар гораду, адкуль пачыналіся беларускія гісторыя й культура, безумоўна, таксама быў невыпадковым.
Бяз полацкага пэрыяду мы б ведалі мастака Цімохава зусім іншым. Але і сам Сяржук, які проста іскрыў ідэямі й задумкамі, стаўся Полацку шчасьлівым падарункам.

Ён стварыў галерэю «Рыса», дзе лічылі за гонар выстаўляцца найвядомейшыя майстры. Непараўнальна шмат ён здолеў зрабіць для гораду як галоўны мастак.

Дагэтуль у памяці ягоная пэрсанальная выстава ў толькі што адчыненай «Рысе». На падлозе – разгорнутыя папяровыя скруткі з магічнымі знакамі-кодамі і размаляваныя валуны, якія расстаўляюць у экспазыцыі моцныя і абсалютна нечаканыя акцэнты. Творы на сьценах – напоўненыя алюзіямі і шматлікімі сэнсамі, – хтосьці з мастацтвазнаўцаў назваў харугвамі.

У сталіцу пры канцы 1990-х гадоў Цімохаў пераехаў ужо прызнаным і на радзіме, і за мяжой майстрам.

Мастацтвазнаўцы пісалі пра незвычайнага калярыста, што ўмее празь нюанс ці кантраст дасягнуць тонкага суладнага гучаньня, завабіўшы як быццам празрыстай канструкцыяй, якая раптам прымушае разблытваць сапраўдную павуціну сымбаляў.

Працягваючы натхнёна працаваць у сваёй галоўнай тэме, Цімохаў захапіўся графікай і адкрыўся як вытанчаны лірык. Графічныя аркушы зь ню прынесьлі Гран-пры на біенале «Залатое пяро Бялграду».

Адзін зь сяброў-мастакоў адгукнуўся на адыход Цімохава прыпавесьцю пра тое, як Уладар ходзіць па райскім садзе і зьбірае ў кошык залатыя яблыкі, зрываючы адно самыя сьпелыя. Слабое суцяшэньне.

Апрача ягонага дзівоснага сусьвету, Сяргей пакінуў жонку Рыту, дачку Вальжыну і сына Глеба. Усе – творцы.

Сярод маіх улюбёных яго працаў – мэтафізычныя сэрыі пад агульным назовам «Рытуальнае шэсьце».

Цяпер у гэтай адвечнай працэсіі заняў месца й ён сам.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.

У памяці

1873Яўстах Тышкевіч, беларускі археоляг.

Ці кожны з нас бяз роздуму адкажа, які дзень свайго жыцьця лічыць найшчасьлівейшым?

Граф Яўстах Тышкевіч ведаў адказ на гэтае пытаньне. Для яго такі дзень быў пазначаны адкрыцьцём створанага ім разам з братам Канстанцінам ды іхнімі аднадумцамі Віленскага музэю старажытнасьцяў, дзе налічвалася болей за 12 тысяч экспанатаў. Тады, у 1856-м, на знак прызнаньня заслугаў у гісторыі й археалёгіі Пецярбурская акадэмія навук абрала ліцьвінскага арыстакрата сваім ганаровым сябрам.

У той дзень граф згадваў фамільны палац у Лагойску, і, вядома, бацьку — Пія Тышкевіча, вялікага аматара старасьвеччыны, што, перадаўшы сваё захапленьне сынам, пражыве 102 гады і ў стогадовым веку будзе абраны ганаровым сябрам Віленскай археалягічнай камісіі.

Успамінаў Яўстах і першыя самастойныя раскопкі, для якіх, апрача сродкаў, трэба была і не абы-якая мужнасьць, бо тамтэйшыя загадкавыя «капцы-курганы» мясцовыя жыхары традыцыйна лічылі недатыкальнымі.

Ён ня ведаў, што зусім хутка справа ягонага жыцьця будзе перакрэсьленая адным узмахам пяра расейскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва.

Над даляглядам айчыннай гісторыі ўздымаліся навальнічныя хмары 1863-га. Ідэі паўстанцаў былі блізкія большасьці супрацоўнікаў музэю й створанай пры ім Віленскай археалягічнай камісіі.

Ці трэба зьдзіўляцца, што ўлады на чале з царскім сатрапам Мураўёвым, якога празвалі Вешальнікам, убачылі ў музэі старажытнасьцяў «гнездо антироссийской интриги».

Экспазыцыю было загадана прыстасаваць «для демонстрации живых свидетельств искони присущей здешнему краю русской жизни».

Відаць, дзеля таго, каб адшукаць гэтыя сьведчаньні, найбольш каштоўныя экспанаты адправілі ў Маскву. (І цяпер у Дзяржаўным гістарычным музэі Расеі выстаўленая, да прыкладу, унікальная аршанская кальчуга з славянскімі пісьмёнамі з багатай калекцыі Тышкевічаў.)

Апрача ўсяго, на Яўстаха і ягонага брата-паплечніка абрынуліся нападкі зь іншага боку: палякі абвінавачвалі іх у «ліцьвінскім патрыятызьме» й «сэпаратызьме»...

На схіле дзён Яўстах Тышкевіч — сябра Лёнданскага археалягічнага інстытуту і Стакгольмскай каралеўскай акадэміі — пачуваўся забытым і адарваным ад улюбёнай справы.

Засталіся ў рукапісах «Матэрыялы да нашай гісторыі», аб’ёмны том гістарычных дакумэнтаў...

Рыцара навукі пахавалі ў Вільні побач з паэтам Уладзіславам Сыракомлем.

Апынуўшыся ў Лагойску, паспрабуйце высьветліць у мясцовых жыхароў, што ім вядома пра графа Яўстаха Тышкевіча.

Магчыма, вам пашанцуе больш, чым мне.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.

2003 Лені Рыфэншталь, нямецкая кінарэжысэрка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG