Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 8 верасьня: 5 гадоў за камэнтары ў тэлеграме пасьля нападу на сына, 3 гады псыхічна хвораму за ўдзел у акцыі пратэсту

абноўлена

Суд Маскоўскага раёна Менска.

У Беларусі суды не перастаюць выносіць палітычна матываваныя прысуды за пратэсты супраць кіраваньня Лукашэнкі, абразы чыноўнікаў і сілавікоў.

Баранавіцкай настаўніцы, якая мае непаўналетніх дзяцей, прысудзілі «хатнюю хімію»

У судзе Баранавічаў 8 верасьня разглядалася крымінальная справа настаўніцы англійскай мовы з гімназіі №4, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, Марыіі Міхеевай. Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», Яе абвінавацілі ў абразе службовай асобы пры выкананьні ім абавязкаў (артыкул 369 Крымінальнага кодэксу) – у тэлеграм-чаце «Карнікі Беларусі» яна пакінула камэнтар пад фота супрацоўніка МУС Вадзіма Якімчыка: «А з гэтым чмом я ў маладосьці гуляла».

Лінгвістычная экспэртыза пастанавіла, што слова «чмо» нясе на сабе зьневажальную афарбоўку, якая прыніжае годнасьць чалавека.

Судзьдзя Аксана Літвінчык прысудзіла Міхеевай два гады «хатняй хіміі».

Горадня: Крымінальная справа супраць кіраўніка студыі вэб-дызайну

Супраць горадзенца Глеба Койпіша пачалі крымінальную справу «за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).

Дырэктара студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеба Койпіша затрымалі 25 жніўня. Да таго некалькіх гадзінаў у офісе праходзіў ператрус з удзелам сілавікоў у камуфляжы.

Студыя «Іквадарт» працуе ў Горадні з 2004 году, займалася арганізацыяй шматлікіх дабрачынных праектаў.

Глебу Койпіш быў зьбіты сілавікамі летась 10 жніўня падчас пратэстнай акцыі і трапіў у траўмапункт. Пазьней яму адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па гэтым факце.

Менск: Мужчыну з псыхічным захворваньнем асудзілі на 3 гады

Суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў 22-гадоваму Кірылу Пальчэўскаму тры гады і адзін месяц пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 415 (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі), паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Пальчэўскі мае псыхічнае захворваньне.

Вырак вынесла судзьдзя Тацяна Мотыль. Бок абвінавачаньня падтрымаў памочнік пракурора Серакоў.

Кірыла затрымалі 15 чэрвеня, і з таго часу ён знаходзіцца пад вартай.

Пальчэўскага прызналі вінаватым у тым, што 13 верасьня 2020 году ён з 13:59 да 19:20 браў удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, выкрыкваў лёзунгі, гучна пляскаў у далоні, рухаўся ў счэпцы.

Судзьдзя Мотыль пастанавіла разгледзець справу ў паскораным рэжыме, бяз выкліку сьведак. Згодна з фота- і відэаматэрыяламі, Пальчэўскі стаяў у счэпцы і рэгуляваў рух транспарту. Экспэртыза прызнала дыягназ мужчыны, згодна з якім ён мае псыхічнае расстройства (лёгкую разумовую адсталасьць), але можа ўсьведамляць свае дзеяньні.

Пракурор запрасіў для абвінавачанага пазбаўленьне волі на тры гады. Судзьдзя згадзілася з пакараньнем і дадала да яго месяц зь неадбытай раней «хатняй хіміі».

Гомель: прысуд прадпрымальніку, які пісаў камэнтары пра сілавікоў

У траўні 2021 году зьявіліся кадры затрыманьня гамяльчаніна, які ў телеграм-чаце заклікаў да рашучых дзеяньняў супраць міліцыі.

У верасьні пачаўся суд. Як паведамляе сайт «Сильные новости», гомельскаму прадпрымальніку Ільлю Гапону выставілі абвінавачваньне па частцы 1 артыкула 130 КК РБ «Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці або розьні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці».

8 верасьня Гомельскі абласны суд пастанавіў прызнаць Ільлю Гапона вінаватым і прысудзіў яму 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

5 гадоў узмоцненага рэжыму за паведамленьні ў тэлеграме

7 верасьня ў судзе Лідзкага раёну вынесьлі прысуд Андрэю Астрацову, якога вінавацілі ў «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» (ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэксу).

Як паведамляе тэлеграм-канал «Затрыманьні, суды ў Лідзе», мужчыну вінавацілі ў тым, што ён напісаў паведамленьні ў тэлеграме пасьля падзей 9-12 жніўня 2020 году, калі машыну сына абвінавачанага закідалі сьветла-шумавымі гранатамі.

Прызнаныя пацярпелымі старшыня Лідзкага райвыканкаму Сяргей Ложачнік, начальнік Лідзкага РАУС Дзьмітры Ўляшка і іншыя — заявілі спачатку пазовы аб кампэнсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры 3000 рублёў кожны, але пазьней зьменшылі суму да 1000 рублёў. Старшыня Воранаўскага райвыканкаму адмовіўся ад маральнай кампэнсацыі, сказаўшы, што яму будзе дастаткова прынесеных Андрэем Астрацовым прабачэньняў.

На працягу сьледзтва абвінавачанага ўгаворвалі пайсьці на супрацоўніцтва, ва ўсім прызнацца, папрасіць прабачэньня, пакаяцца і тады прысуд будзе мяккім. Аднак дзяржабвінаваўца запатрабаваў пакараць мужчыну пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ўзмоцненага рэжыму.

Менавіта такое рашэньне і вынес судзьдзя Ўладзімер Федаровіч для Андрэя Астрацова: 5 гадоў калёніі з адбыцьцём пакараньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама сплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды ў агульным памеры 4000 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG