Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: «Мы не давалі візы Васкрасенскаму»


МЗС Польшчы

Прэс-сакратар польскага Міністэрства замежных справаў заявіў, што Польшча не выдавала візы Юрыю Васкрасенскаму, які прыехаў на Эканамічны форум у Карпач (Ніжняя Сілезія).

Пра свой удзел у прэстыжным мерапрыемстве Васкрасенскі расказаў учора ў інтэрвію Свабодзе. Паводле яго, ён атрымаў запрашэньне ад арганізатараў. Арганізатары заявілі Свабодзе, што запрашэньне Васкрасенскаму даслалі памылкова. Але сам ён настойваў, што такім чынам полські бок спрабуе захаваць твар: «Вы і ваша аўдыторыя павінны самі падумаць, ці проста так мне далі памылкова візу і пасялілі па памылцы ў гатэль».

На ўдзел Васкрасенскага ў форуме ў Карпачы адрэагаваў былы віцэ-міністар замежных справаў Польшчы, дэпутат Сэйму Павал Залеўскі. У сваім твітэры ён напісаў:

«Лукашэнка прыніжае наш урад, пасылаючы ў Карпач чалавека, які ламае апазыцыю, каб размаўляць аб паляпшэньні адносін паміж Варшавай і Менскам. Запрашаючы яго ў Карпач, польскі ўрад пагадзіўся на такое прыніжэньне. Ніколі польская палітыка не апускалася так нізка», — сказаў ён.

У камэнатарах на ягоны допіс адрэагаваў прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна. Ён адказаў Залеўскаму, што «Польшча зьяўляецца сябрам ЭЗ і прымае візы, выдадзеныя іншымі дзяржавамі-чальцамі людзям, на якіх не распаўсюджваюцца санкцыі».

У сваім допісе ў Twitter прэс -сакратар таксама падкрэсьліў, што «Польшча не выдавала запрашэньня і не выдавала візы».

Сёньня наконт удзелу ў Эканамічным форуме ў Карпачы выказаўся і кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык. У эфіры Radio ZET ён падкрэсьліў, што калі гэта так, то з гэтай сытуацыі будуць зробленыя высновы.

Тым часам, як паведамляе буйны польскі партал Onet, прысутнасьць Васкрасенскага ў Карпачы зьяўляецца часткай польскай дыпляматычнай кампаніі. Яе кульмінацыяй стане сустрэча кіраўнікоў польскага і беларускага МЗС у Нью -Ёрку. Партал са спасылкай на свае крыніцы ў МЗС сьцьвярджае, што Васкрасенскі ўдзельнічае ў перамовах наконт вызваленьня з турмы дзеячоў польскай меншасьці ў Беларусі — Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG