Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Ібрагіма Канапацкага; год таму невядомыя ламіліся ў кватэру Алексіевіч


Ібрагім Канапацкі

Падзеі 9 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

9 верасьня 1609 году аддзелы Вялікага Княства Літоўскага на чале з Львом Сапегам пачалі аблогу Смаленску.

Год таму ў гэты дзень

  • Невядомыя асобы ламіліся ў кватэру сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады, нобэлеўскай ляўрэаткі ў літаратуры Сьвятланы Алексіевіч.
  • Чальцы Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава, Максім Знак і Ільля Салей — падазраваныя ў справе аб «захопе ўлады», Калесьнікаву і Знака узялі пад варту.
  • У Менску прайшла жаночая акцыя ў падтрымку Марыі Калесьнікавай, ёсьць затрыманыя.
  • Ціханоўская заклікала расейцаў ня верыць «хлусьні» пра падзеі ў Беларусі.
  • Лукашэнка прызначыў Андрэя Шведа, які раней узначальваў Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз, Генэральным пракурорам Беларусі.

Таксама ў гэты дзень

1791 — амэрыканцы пачалі пабудову сталіцы, назваўшы яе Вашынгтонам у гонар свайго першага прэзыдэнта, Джорджа Вашынгтона.

1942 — стварылі Беларускі штаб партызанскага руху. Спачатку ён знаходзіўся ў Расеі, а з 1944 году — у Беларусі.

1944 — часовы ўрад Польшчы падпісаў пагадненьне з урадам Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны аб абмене насельніцтвам. У Савецкі Саюз пераехалі каля 38 тысяч этнічных беларусаў Беласточчыны з агульнага ліку, які тады ацэньваўся ў 150-160 тысяч.

2001 — у Беларусі адбыліся другія прэзыдэнцкія выбары. Пераможцам на іх абвясьцілі Аляксандра Лукашэнку. Апазыцыянэры Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір ня трапілі ў бюлетэні, апанэнты Юры Захаранка і Віктар Ганчар прапалі ў 1999 годзе, адзіным кандыдатам ад апазыцыі стаў Уладзімер Ганчарык.

2001 год, Лукашэнка прымае прэзыдэнцкую прысягу
2001 год, Лукашэнка прымае прэзыдэнцкую прысягу

У гэты дзень нарадзіліся

1585Арман Жан дзю Плясі дэ Рышэльё, францускі дзяржаўны дзяяч, кардынал.

1728Марцiн Пачобут-Адлянiцкi, астраном, асьветнік, рэктар Віленскай акадэміі, сябра-карэспандэнт Лёнданскай і Францускай акадэміі навук.

1894Аляксандар Крыніцкі, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.

У памяці

1976Мао Цзэдун, камуністычны дыктатар Кітаю.

Сталін і Мао Цзэдун (паштовая марка КНР 1950 г.)
Сталін і Мао Цзэдун (паштовая марка КНР 1950 г.)

2005 Ібрагім Канапацкі, гісторык, грамадзкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Ібрагім Канапацкі
Ібрагім Канапацкі

Шэсьць з гакам стагодзьдзяў таму Вітаўт запрасіў у Вялікае Княства Літоўскае Тахтамыша, якога ў Залатой Ардзе пазбавілі ўлады. Ад таго часу ў нас і пасяліліся татары, для якіх Беларусь стала радзімай, а яе мова — настолькі роднай, што пабеларуску арабскай вязьзю пісаліся іх мусульманскія рэлігійна-маральныя кнігі — кітабы.

Гісторык Ібрагім Канапацкі лічыў сябе нашчадкам аднаго з татарскіх кавалерыстаў, якія поруч з нашымі
продкамі бралі ўдзел у разгроме тэўтонцаў пад Грунвальдам.

Справаю жыцьця ён абраў адраджэньне багатай і прыгожай культуры беларускіх татараў, даведзенай савецкай уладай амаль да поўнага занядбаньня. Свой Татарскі дом ён адбудоўваў на глебе агульнабеларускай, пад
нашымі нацыянальнымі сымбалямі. На часам паблажлівае пытаньне: «Ну колькі вас тут, гэтых татараў?» — Канапацкі заўсёды адказваў: «Нас зь беларусамі 10 мільёнаў».

Ібрагім працаваў, як добрая ўстанова. Безь ягоных эрудыцыі, энэргі і зацятасьці, безь яго магутнай ваярскай постаці й густой беларускай мовы шмат страцілі б і дзейнасьць згуртаваньня «Аль-Кітаб», і квартальнік «Байрам», і татарскі культурны цэнтар у Іўі, і адбудовы мячэтаў у Наваградку, Слоніме, Клецку, у ягоных родных Сьмілавічах
на Чэрвеньшчыне.

Я доўга міжволі шукаў Ібрагіма на прэзэнтацыях сваіх новых кніг. Мне часам яшчэ хочацца патэлефанаваць яму, каб удакладніць склад татарскіх аддзелаў у войску Вялікага Княства або жыцьцяпіс выхаванца Полацкага кадэцкага корпусу, дзеяча беларускага руху Гасана Канапацкага. Цяпер на мае пытаньні адказвае Ібрагімава дачка Зарына, якая працягвае бацькаву справу, абаранiўшы кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Татары ў Беларусi й iх культура. XIV–XVII стст.».

Мусульманін для выратаваньня душы капае калодзеж. Алаг ацэніць Ібрагімаў «калодзеж» у сябе на нябёсах. Мы мусім зрабіць гэта на зямлі, якую ён так любіў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, стар. 546-547.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG