Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладны блогер Голікаў заклікаў задумацца, ці варта выходзіць за дзяржаву і Лукашэнку


Аўтамабіль каналу СТБ, зь якім супрацоўнічае блогер Аляксей Голікаў, ілюстрацыйнае фота

Берасьцейскі блогер Аляксей Голікаў, які падтрымліваў Лукашэнку падчас леташніх пратэстаў, апублікаваў відэа, у якім распавёў пра развод з жонкай-«бэчэбэшніцай».

Голікаў у відэа прызнаўся, што зь ім разводзіцца жонка-«бэчэбэшніца», у выніку чаго ён застаецца «без анічога»:

«Летась я выйшаў супраць таго бардака, які пачынаўся ў краіне, нават не за прэзыдэнта. А сёньня прайшло трэцяе судовае паседжаньне ў справе спыненьня шлюбу. Жонка мяне не падтрымала — яна „бэчэбэшніца“ — і падала на развод. Праблема нават ня ў гэтым. У дзяржаве, дзеля якой ты гатовы аддаць жыцьцё, пакласьці галаву, існуе несправядлівасьць. Фактычна я застаюся без усяго — без дому, без машыны, без дзяцей. Проста выкінуты на вуліцу. І калі ў вас яшчэ ўзьнікне жаданьне выходзіць за дзяржаву, за Лукашэнку і за штосьці яшчэ не сваё — падумайце лішні раз», — са сьлязьмі на вачах прамаўляе Аляксей Голікаў.

Пры гэтым ён паабяцаў у наўпроставым эфіры 9 верасьня «расказаць усё» — пра пратэсты, суды, КДБ ды іншыя падзеі палітычнай кампаніі 2020 году.

Раней у дзяржаўным тэлеканале СТБ, зь якім супрацоўнічае Аляксей Голікаў, ён апраўдваў гвалт сілавікоў над пратэстоўцамі.

«Удары гумовымі палкамі, захопы, блякаваньне і нават ліквідацыя. Усе дзеяньні сілавікоў былі накіраваныя на драбненьне і блякаваньне разбуральнай сілы натоўпу», — казаў ён у эфіры «Сталічнай тэлевізіі».

40-гадовы берасьцеец Аляксей Голікаў — індывідуальны прадпрымальнік у сфэры рэклямы. Да таго запісваў ролікі з крытыкай апазыцыі, праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ды іншых апанэнтаў улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG