Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікае выпрабаваньне — гэта сацыяльная адзінота». Размова з псыхолягам пра эміграцыю


Псыхоляг Дар’я Альпэрн-Каткоўская зь сям'ёй

Зьехаць ці застацца? Ян Максімюк гутарыць з псыхолягам і псыхатэрапэўтам Дар’яй Альпэрн-Каткоўскай пра праблемы адаптацыі да жыцьця ў чужой краіне.

Дар’я Альпэрн-Каткоўская:

  • Жыву ў горадзе Эйлаце на ўзьбярэжжы Чырвонага мора. Гэта мая другая эміграцыя ў Ізраіль. Першы раз я прыехала ў 2011 годзе, але тады ня склалася. Вярнулася ў Беларусь, пражыла там шмат гадоў, а цяпер — другі заход, на мой погляд, больш пасьпяховы.
  • Псыхолягам я працавала ўжо ў Беларусі, у Ізраілі стала працаваць з самага пачатку, адразу як прыехала. Мы нейкі час жылі таксама ў Сэрбіі. За апошнія сем-восем гадоў у мяне за плячыма засталіся некалькі краінаў. Але насамрэч трывалая эміграцыя ў мяне толькі цяпер, раней было часовае месцажыхарства.
  • Эміграцыя — нялёгкае рашэньне. Першае, што трэба ўзяць пад увагу, прымаючы такое рашэньне — заўсёды будзе аб чым шкадаваць. Застаняцеся — будзеце шкадаваць. Зьедзеце — таксама будзеце шкадаваць. Чужы досьвед у прыняцьці такога рашэньня не дапаможа. Гэтае рашэньне трэба знайсьці ўнутры сябе ці ўнутры сваёй сям’і.
  • Ёсьць распаўсюджаная ілюзія, што калі чалавек, які вырашыў эміграваць, распытаецца пра праблемы і цяжкасьці эміграцыі сярод абазнаных людзей і будзе пра іх ведаць, то яму ня будзе балюча. Гэта ня так. Нават калі ты ведаеш, што наперадзе, — будзе балюча. Эміграцыя — гэта вялікая страта. Эміграцыя па ўзроўні эмацыйнага стрэсу роўная таму, калі згубіць некага вельмі блізкага. Гэта згубіць сваё жыцьцё, якое было дагэтуль.
  • Мала хто пра гэта гаворыць, але цягам першага паўгода эміграцыі, куды б вы ні эмігравалі, людзі пачынаюць хварэць. Чалавек пераяжджае ў іншы асяродак, а там трохі іншыя вірусы, — трэба асымілявацца ня толькі душы, але і целу. Так што першае паўгода цяжкое ня толькі эмацыйна, але і фізычна.
  • Людзям у эміграцыі наагул цяжка зьмірыцца з тым, што ў новым месцы, куды яны пераехалі, іхныя праблемы вырашаюцца не адразу, што яны ня могуць адразу «ўбудавацца» ў новае грамадзтва, каб дасягнуць таго, што яны задумалі. Людзі ў эміграцыі лёгка забываюць, што тое, чаго яны дасягнулі ў месцы, якое яны пакінулі, дасягалася гадамі.
  • Адно з самых вялікіх выпрабаваньняў, зь якімі сутыкаюцца эмігранты, — гэта сацыяльная адзінота і адчуваньне, што ты чужы. Галоўная парада тут — шукаць сваіх: ня толькі беларусаў-эмігрантаў, але таксама людзей адной прафэсіі, людзей, якія падзяляюць вашы каштоўнасьці. Свае — гэта тыя, зь якімі табе добра і перад якімі можаш, прыкладам, паскардзіцца на сваю долю.
  • У эміграцыі беларусу цяжка прызвычаіцца да нетрываласьці зьнешніх абставін жыцьця, да таго, што даводзіцца часта пераяжджаць, весьці «жыцьцё на колах». У Беларусі чалавек пераяжджае раз за жыцьцё, «зь вёскі ў Менск», кажучы фігуральна. А ў эміграцыі жыцьцё больш зьменлівае — пошук лепшай кватэры, пошук лепшага гораду, можа нават, лепшай краіны. Гарызонт плянаваньня вельмі звужваецца — да месяца, да года максымум.
  • Страх, што ў эміграцыі да чалавека паставяцца варожа грамадзяне ці інстытуцыі новай краіны, наагул перабольшаны. У сапраўднасьці да эмігранта, які спрабуе «ўбудавацца» ў новае грамадзтва, у большасьці выпадкаў ставяцца прыхільна і імкнуцца дапамагчы.
  • Шмат каму, хто зьехаў вымушана, цяжка прыняць да сябе думку, што яго эміграцыя можа быць не кароткачасовая, а зацягнецца на гады, магчыма, назаўсёды. Ня трэба гэтага рабіць. Я тут за «памяншэньне гарызонту плянаваньня» да году. Адзінае, што я раю зрабіць, незалежна ад таго, колькі гадоў чалавек зьбіраецца пражыць у эміграцыі — гэта вывучыць мову. Калі вы зьехалі ў іншую краіну, варта ведаць яе мову — мова адчыняе шмат якія дзьверы і адкрывае новыя пэрспэктывы.
  • Думаю, што частка беларусаў, якія цяпер зьехалі зь Беларусі, вернуцца туды ў будучыні. Але, калі ня вернуцца, то будуць так ці інакш працаваць на дабрабыт Беларусі. Я не баюся, што калі сытуацыя памяняецца, то там, як часам кажуць, «нікога не застанецца». У нас сапраўды вельмі клясная краіна. Ведаю людзей, якія зьехалі зь Беларусі гадоў дваццаць таму, але далей падтрымліваюць повязь зь Беларусьсю. Наша радзіма так проста не адпускае. Калі сытуацыя памяняецца, я таксама буду часта прыяжджаць, бо цяпер цяжка туды прыяжджаць, нават эмацыйна.
  • Калі ўзяць сярэднестатыстычнага беларуса, то яму наагул цяжка адаптавацца да ўмоваў эміграцыі. Бо ў беларусаў ёсьць досьвед трываньня, а няма досьведу адаптацыі. У Беларусі наагул лічыцца звычайным, калі ты працуеш на адной працы ўсё жыцьцё. А ў Эўропе ці Ізраілі лічыцца клясным, калі ты праз кожныя пяць гадоў мяняеш працу, знаходзіш сябе ў новым калектыве ці асвойваеш нейкую новую прафэсію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG