Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лічыць сябе невінаватай». Натальлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні


Натальля Хершэ ў судзе, сьнежань 2020 году

Ад грамадзянкі Швайцарыі, палітзьняволенай Натальлі Хершэ прыйшоў першы ліст за апошнія амаль чатыры месяцы.

Пра гэта паведаміў Свабодзе брат Натальлі Генадзь Касьян. Ліст датаваны 3 верасьня.

Натальля Хершэ, асуджаная на два з паловай гады за сарваную зь сілавіка балаклаву, амаль два месяцы правяла ў штрафным ізалятары ў калёніі. Так яе пакаралі за адмову шыць форму сілавікам і іншыя ўчынкі. З ШЫЗА яе перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), дзе яна сядзіць адна.

Паводле Генадзя, Натальлю ўжо тройчы ўгаворвалі напісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні. Генадзь мяркуе, што гэтае пытаньне таксама падымала і старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, якая на пачатку жніўня наведвала жаночую калёнію ў Гомлі, дзе адбывае пакараньне Натальля Хершэ і іншыя палітвязьні.

«Натальля ўсім адмовіла, бо лічыць сябе невінаватай». — сказаў Свабодзе брат Натальлі.

Паводле Генадзя, ліставаньне з Натальляй прыпынілася яшчэ ад таго часу, калі яна была ў ШЫЗА. Цяпер яна знаходзіцца ў ПКТ, як вынікае з ліста Натальлі.

Натальля піша, што па ранейшаму застаюцца праблемы зь ліставаньнем. За апошнія два тыдні яна атрымала толькі адзін ліст.

«Збольшага ў мяне ўсё добра, стрэсу няма. Чытаю, захапляюся Салжаніцыным, прачытала яго „Архіпелаг ГУЛАГ“. Гэта нешта! Гэта той твор, які абавязаны ўвайсьці ў школьную праграму. А яшчэ чытаю вершы і некаторыя завучваю. А яшчэ пішу скаргі на тое, з чым я ня згодна». — піша Натальля.

Паводле Натальлі, яе не гняце ізаляцыя ад сукамэрніц, яна імкнецца праводзіць час «з карысьцю для розуму і цела».

«Задумаесься часам... Прайшоў ужо год, так хутка, але як ярка! Столькі падзей і эмоцый! Вось і пагодзісься, што галоўнае ня „колькі“, а „як“... А часам здаецца, што ўсё гэта не са мной адбылося.

Як будзе выглядаць маё жыцьцё пасьля зьняволеньня, для мяне здаецца цяпер такім загадкавым... Што, калі маё зьняволеньне працягнецца яшчэ не адзін год? — піша Натальля. — Вера! Гэта тое, што мяне ратавала заўсёды».

Натальля піша, што чакае сустрэчы з амбасадарам Швайцарыі Клёдам Альтэрматам.

«Спадар Альтэрмат мне ўжо як сваяк, а апошні раз мы нават абмяняліся паветранымі пацалункамі, ну хто такое мог бы ўявіць больш за год таму», — піша Натальля.

Пасол Швайцарыі Клёд Альтэрмат пасьля мінулага наведваньня Натальлі Хершэ ў гомельскай калёніі напісаў у Twitter, што «сытуацыя з Хершэ застаецца няпростай» і што для яе «вельмі важная падтрымка звонку».

У лісьце да брата Натальля піша, што якасьць ежы значна палепшылася, зьявіліся бульба, буракі і капуста. Паводле Натальлі, у яе са здароўем усё добра.

«Адзінае, за што перажываю, — гэта валасы, яны сталі танчэйшыя і пачалі выпадаць, думаю, што справа ў зьніжэньні жалеза. Аналізы, якія мне тут рабілі, паказалі гемаглябін 160 і 14 мг жалеза, але я ў гэта ня веру», — піша Натальля.

У лісьце брату Натальля піша, што з задавальненьнем атрымала б пасылку з садавіной, але па правілах утрыманьня ў ПКТ яна ня мае на гэта права. Апошні раз ёй зрабілі саступку, калі яна выйшла з галадоўкі. У ПКТ Натальля мае права патраціць 29 рублёў у месяц.

«Закупка у нас 7 верасьня, і я замоўлю сабе яблыкаў, агуркоў і крыху печыва (ем па адным на вячэру), — піша Натальля. — Перадавай усім, што я адчуваю сябе цудоўна і духоўна, і цялесна. Усім удзячная за ўдзел у маім лёсе і падтрымку».

Натальлю Хершэ 7 сьнежня пакаралі двума з паловай гадамі зьняволеньня за супраціў супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу). 19 верасьня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду, яна мусіць выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала. Яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 Гомля.

У красавіку стала вядома, што палітзьняволеная Натальля Хершэ зьвярнулася да прадпрыемстваў, каб яны заказалі шыць цывільнае адзеньне ў гомельскай калёніі № 4, дзе яна адбывае пакараньне. Натальля заявіла, што адмаўляецца шыць форму для сілавікоў на вытворчасьці ў калёніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG