Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вочы не заплюшчваць!» Жанчына пра шантаж сьледчага і катаваньні ў ізалятары ў Баранавічах


Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна ў Менску

Ларыса (імя жанчыны на яе просьбу зьмененае) ужо амаль тры месяцы не працуе на Беларускай чыгунцы, дзе яе працоўны стаж складае ажно 33 гады. Звольнілі нібыта за прагулы яшчэ ў чэрвені — пасьля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, які яна адбыла ў ізалятары на Акрэсьціна. Але са звальненьнем Ларыса не пагадзілася і падала на арганізацыю ў суд, даказвала, што яе правы парушаныя і яе мусяць аднавіць на працы.

Паседжаньні суду пачаліся ў канцы жніўня, але некалькі разоў пераносіліся, бо на іх не зьяўляліся прадстаўнікі Беларускай чыгункі. І вось 10 верасьня ў Кастрычніцкім раённым судзе Менска рашэньне суду было вынесена: у пазове Ларысе адмовілі, суд зь яе звальненьнем пагадзіўся.

Жанчыне 52 гады, яна лічыць, што знайсьці працу па спэцыяльнасьці ў такім узросьце «проста нерэальна».

«Пакуль перабіваюся выпадковымі заробкамі, неяк жа трэба жыць. Сама вінаватая: палезла ў палітыку. Але не шкадую. Затое адчуваю сябе годным чалавекам», — кажа Ларыса пасьля суду.

Торцікам і балёнікамі павіншавалі Марыю Калесьнікаву

У Ларысы было два адміністрацыйныя арышты. Першыя 30 сутак адбыла яшчэ ў траўні, пасьля ўдзелу ў красавіцкай акцыі салідарнасьці з Марыяй Калесьнікавай. Разам зь іншымі жанчынамі Ларыса сфатаграфавалася зь бел-чырвона-белымі балёнікамі і банэрам — віншаваньнем Марыі з днём народзінаў. Фотасэсію зрабілі ў лесе, а фотку выклалі ў інтэрнэт. Ларыса так расказвае пра тое, што падштурхнула яе да ўдзелу ў здымках:

«Вельмі шкада было Марыю! Яна такая прыгожая, мужная і сьмелая. За ўсіх нас пайшла змагацца, не пабаялася парваць пашпарт, а магла б выехаць, уратавацца. Сэрца за яе разрывалася. І мы вырашылі падтрымаць ды павіншаваць з днём народзінаў. Проста сфоткаліся ў лесе, нават не на вуліцы: торцік, балёнікі, банэр. Але нас неяк вылічылі. Мяне забралі з дому, разам з унукам, гэта жах!», — успамінае першае затрыманьне Ларыса.

Унуку Ларысы 4,5 года. Жанчына даглядала яго, пакуль маці, нявестка Ларысы, была на працы. Але міліцыянты ня сталі чакаць прыходу маці малога з працы, нават не дазволілі пазваніць ёй, а забралі бабулю разам з унукам. Акрамя акцыі салідарнасьці з Калесьнікавай, жанчыну дапытвалі ў справе яе сына, якога падазравалі ў арганізацыі акцый пратэсту.

Ларыса сьцьвярджае, што тады зазнала шантаж.

«Сьледчы казаў, што, пакуль на камэру ня дам паказаньні на сына, не дазволіць пазваніць, каб нявестка забрала ўнука. Я спалохалася за ўнука і ў выніку пагадзілася, расказала, што той хацеў. Што сын удзельнічаў у акцыях, быў адміністратарам чату. Але сыну гэта не пашкодзіць — на той момант ён ужо быў зьехаў за мяжу», — тлумачыць свой учынак Ларыса.

Паводле Ларысы, цяпер яна вельмі непакоіцца, каб убачанае ў кабінэце сьледчага не адбілася на здароўі дзіцяці.

За фота ў лесе Ларысе прысудзілі 30 сутак, і яшчэ 25 далі за непадпарадкаваньне. Адбываць тэрмін адправілі на Акрэсьціна. Жанчына думала, што там давядзецца сядзець усе 55 дзён. Але празь месяц нечакана для яе самой вызвалілі і на два месяцы пра яе нібыта забыліся. Ларыса нават пасьпела падаць скаргу на прысуд і дачакалася яе разгляду, хоць і марнага.

«Можа, гэта і было памылкай, ня ведаю. Але недзе ў канцы ліпеня мяне схапілі проста на вуліцы. Нібыта я зноў недзе ўдзельнічала, хоць гэта няпраўда. Прыгадалі той неадбыты тэрмін у 25 сутак і зноў адправілі на нары», — расказала жанчына.

«Уся палёгка жанчынам — аддалі зьменную бялізну»

Палову з новага тэрміну Ларыса адбыла на Акрэсьціна, а другую ў ізалятары ў Баранавічах. Пра гэтую вязьніцу ў Ларысы самыя дрэнныя ўспаміны.

«Баранавічы цяпер — гэта пекла, ня дай Бог каму туды трапіць. Нават не магу бязь сьлёз успамінаць тыя дні», — прызнаецца жанчына.

Як і ў цэнтры правапарушальнікаў на Акрэсьціна, у ізалятары Баранавічаў, паводле Ларысы, палітычным адміністрацыйным арыштантам не выдаюць матрацаў і пасьцельнай бялізны, не аддаюць перадач, не выводзяць на прагулкі і не даюць карыстацца душам. Але ў Баранавічах гэтыя абмежаваньні пераносяцца значна цяжэй з прычыны яшчэ горшых бытавых умоваў і надзвычай жорсткага стаўленьня ахоўнікаў, наракае Ларыса.

«Ізалятар у Баранавічах — гэта сутарэньні будынку яшчэ царскіх часоў, былая стайня ці казарма з паўмэтровымі сьценамі і бэтоннай падлогай. Ложкі там ня з дошкамі, а цалкам жалезныя, спаць даводзілася на мэталічных палосках. Без матрацаў ці якой посьцілкі гэта натуральная пакута, проста катаваньне. Калі я выйшла, дык была ўся ў сіняках. Ногі і сьпіна дагэтуль баляць.

Плюс холад і вільгаць, нават калі на вуліцы цёпла. Да сьцяны не прытуліцца, бо холадна, выседзець на жалезнай палосцы можна хіба 5 хвілін. І на падлогу не прыляжаш, яна бэтонная і няроўная. Найлепшым месцам, каб паспаць ноччу, лічыўся стол, але нас жа было 13 чалавек у камэры на 10 месцаў.

Спалі ўрыўкамі па 10-20 хвілін. Дагэтуль за ноч шмат разоў прачынаюся. То не магу заснуць, потым не магу спаць. Нэрвы зусім сапсаваліся, і шмат іншых балячак адкрылася», — кажа Ларыса пра наступствы арышту ў Баранавічах.

«Вочы не заплюшчваць»

Паводле жанчыны, ахоўнікі турмы ў Баранавічах ня толькі не дазвалялі арыштантам класьціся на ложкі ўдзень, але пільна сачылі за тым, каб ніхто ня спаў і седзячы.

«Убачаць, што вочы заплюшчыла, б’юць палкай па дзьвярах: „Вочы не заплюшчваць!“»— успамінае Ларыса.

Такое стаўленьне, паводле яе, тлумачыцца адмысловым загадам так абыходзіцца менавіта з палітычнымі вязьнямі.

«Нас, палітычных, увогуле за людзей не лічылі. Жанчынам ніякіх саступак не было, толькі што некаторым крышачку пашанцавала — зьменную бялізну зь перадач аддалі, а так нічога. Сярод ночы два, а ў дзень ня меней за чатыры разы праверкі, з выхадам у калідор на вобшук. І камэру гэтак абшуквалі, дручкамі білі па сьценах, што кафляная плітка адлятала. Хаця што там шукаць, калі сядзяць жанчыны, не крымінальнікі? Але ў іх такая ўстаноўка — што мы яшчэ горшыя за крымінальных злачынцаў, ад нас можна чакаць чаго заўгодна і таму нас трэба прэвэнтыўна „абламаць“.

Такая дэталь: у Баранавічах як вызваляюць, дык выводзяць на вуліцу праз доўгія падземныя калідоры. І вось уявіце, што мяне выводзілі ў кайданках. Навошта? Баяліся, што я ўцяку ад вызваленьня ці што накінуся на іх і пачну біцца, помсьціць за іхныя зьдзекі?» — абураецца Ларыса.

Ларыса будзе абскарджваць пастанову Кастрычніцкага раённага суду, які пагадзіўся зь яе звальненьнем, бо лічыць яе несправядлівай і незаконнай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG