Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 20-я гадавіна тэрарыстычнай атакі на ЗША, год таму — суд прызнаў незаконным страйк шахтароў «Беларуськалію»


Мэмарыял 11 верасьня 2001 году ў Нью-Ёрку

Падзеі 11 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

11 верасьня 2016 году памёр Юры Хадыка, вучоны, мастацтвазнаўца, грамадзкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Юры Хадыка
Юры Хадыка

«Мы не свабодныя дасягнуць таго або іншага, але свабодныя зрабіць або не зрабіць неабходнае». Гэтыя словы філёзафа Освальда Шпэнглера маглі б стаць эпіграфам да жыцьцяпісу Юрыя Хадыкі, які, я ўпэўнены, — з тых нешматлікіх асобаў, што зрабілі ўсё, чаго вымагаў ад іх час, дзе выпала жыць.

Я пачуў ягонае імя яшчэ ў студэнцкія гады. Хтосьці з выкладчыкаў нашага гістарычнага факультэту БДУ сказаў: пакуль гуманітарыі лічаць варонаў, фізыкі, што займаюцца касьмічнымі тэхналёгіямі, езьдзяць па Беларусі, зьбіраючы абразы ды іншыя скарбы, каб стварыць Музэй старажытнай беларускай культуры. Музэй адчыніўся ў 1979-м, і тая падзея ўспрымаецца цяпер як першая ластаўка новага нацыянальнага Адраджэньня.

Калі ў Савецкім Саюзе пачаліся дэмакратычныя перамены, зьявілася азначэньне: «прарабы перабудовы». Да іх у Беларусі адносілі і прафэсара, доктара навук, ляўрэата прэміі Савету Міністраў СССР (за ўдзел у стварэньне сыстэмы раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе) Юрыя Хадыку. Але ён не зьбіраўся перабудоўваць камуністычную імпэрыю. Ён марыў пра беларускую незалежнасьць і стаў адным зь яе архітэктараў. Пры канцы 1980-х яго кабінэт у Інстытуце фізыкі ператварыўся ў сядзібу БНФ і фронтаўскае выдавецтва.

Амаль два дзесяцігодзьдзі Хадыка быў намесьнікам старшыні Беларускага Народнага Фронту і нязьменна вызначаўся мудрасьцю, талерантнасьцю, талентам кампрамісу. Ягоным заўсёдным прынцыпам было: хто ня вораг, той можа стаць саюзьнікам. Ягоным першачарговым крытэрам было сумленьне. Дзеля справы ён быў гатовы ахвяраваць сабой. У аналах застаецца яго гераічная галадоўка пасьля Чарнобыльскага шляху 1996 году.

Усіх уражвала выдатнае веданьне Юрыем Віктаравічам айчыннай і ўсясьветнай гісторыі і культуры. (У 1997-м яго абралі прарэктарам Народнага ўнівэрсытэту — самага, бадай, буйнога праекту цэнтру «Беларуская пэрспэктыва».) Фізык Хадыка быў бліскучым мастацтвазнаўцам і ў гэтай якасьці прачытаў сотні лекцыяў. Ён упэўнена арыентаваўся ў акіяне замежнай і нацыянальнай літаратуры. Любіў паэзію і прозу Ўладзімера Караткевіча і свой вядомы артыкул «Нацыяналізм і патрыятызм» не бяз скрухі пачаў зь ягоных радкоў:

Мужыцкі Брэйгель трызьніць родным краем

На вуліцах паміж абжорных крам.

О крамы, крамы! Вы — душа радзімы...

У мяне багата асабістых успамінаў пра спадара Юрыя. Яго нязьменная філязофская яснасьць духу і маральная раўнавага прыводзілі мне на памяць аўтара неўміручых «Досьведаў» — Мішэля Мантэня. Аднаго разу пасьля паседжаньня Сойму БНФ Хадыка правёў з мною, маладым аднадумцам, доўгую гутарку пра тое, як перамагаць у спрэчках з разумнымі і перакананымі апанэнтамі, як заваёўваць прыхільнікаў сваёй ідэі, і нават — як глядзець чалавеку ў вочы.

Так цяпер і гляджу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 694-695.

У гэты дзень год таму

  • Адваката Калесьнікавай Ільлю Салея пакінулі пад вартай, пераводзяць у турму на Валадарскага.
  • Суд прызнаў незаконным страйк шахтароў «Беларуськалію».
  • Памежны камітэт Беларусі адказаў мітрапаліту Кандрусевічу. Ён па-ранейшаму ня можа прыехаць на радзіму.
  • «Калі мы пойдзем адсюль, нам канец». Віцябляне пераскочылі цераз плот амбасады Швэцыі ў Менску і просяць прытулку.
  • Лукашэнка сабраўся да Пуціна 14 верасьня.

Гэты дзень у гісторыі

1942 — нацысты зьнішчылі Столінскае гета.

1973 — пачатак вайсковага путчу ў Чылі, вынікам якога стала 17-гадовая дыктатура.

2001 — адбылася тэрарыстычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон у ЗША. Атака была ўчыненая з дапамогай чатырох пілятаваных самалётаў унутраных авіялініяў ЗША, захопленых 19 ісламскімі тэрарыстамі. Два з самалётаў разьбіліся аб хмарачосы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці зьнішчыў частку Пэнтагону ў Вашынгтоне. Чацьвёрты самалёт, дзякуючы мужнаму супраціву пасажыраў, не дасягнуў мэты і разьбіўся на палях Пэнсільваніі прыблізна за 15 хвілін лёту да Вашынгтону. Ахвярамі атакі сталіся 2996 чалавек, уключна з тэрарыстамі.

У гэты дзень нарадзіліся

1862 — О. Генры, амэрыканскі пісьменьнік.

1865 — Ян Райніс, латыскі паэт, драматург.

Беларускія пісьменьнікі на сустрэчы зь Янам Райнісам. Сядзяць: Зьмітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. 19 лістапада 1926 г.
Беларускія пісьменьнікі на сустрэчы зь Янам Райнісам. Сядзяць: Зьмітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. 19 лістапада 1926 г.

1877 — Фэлікс Дзяржынскі, стваральнік савецкіх спэцслужбаў, ураджэнец Беларусі.

Бюст Фелікса Дзяржынскага ў Менску насупраць будынку КДБ
Бюст Фелікса Дзяржынскага ў Менску насупраць будынку КДБ

1928 — Алесь Белакоз, пэдагог, краязнаўца, удзельнік антысавецкіх пратэстаў канца 1940-х, нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1970-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Алесь Белакоз
Алесь Белакоз

«Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Вы как учитель обязаны изменить своё отношение к этому полумёртвому языку и пропагандировать русский». Такія словы настаўнік мовы і літаратуры Гудзевіцкай школы Белакоз выслухаў ад гэбістаў-куратараў у 1969-м. Вядома, ён ня здрадзіў сваім поглядам і ахвярнай дзейнасьці на карысьць усяго беларускага. Ды і куратары наўрад ці на гэта спадзяваліся, дзейнічалі паводле інэрцыі. У іхніх справаздачах настаўнік даўно і нязьменна фігураваў як перакананы нацыяналіст без асаблівых сымпатыяў да савецкай улады.

Гены вальналюбнасьці і незалежнасьці ён мог атрымаць ад бацькі, што ў 1920-я пасьпяхова зьезьдзіў на заробкі ў Бразылію, пабудаваў добры дом і адкрыў прыватную краму. Дом у Другую ўсясьветную вайну спалілі людзі, якія называлі сябе партызанамі. Бацька загінуў ад выбуху кінутай у вакно гранаты.

У паваенныя саракавыя, узгадваў Белакоз, ні ў Мастоўскім, ні ў суседніх Ваўкавыскім і Сьвіслацкім раёнах не было ніводнай беларускай школы-васьмігодкі. Па-расейску выкладаліся амаль усе дысцыпліны і ў Гарадзенскім пэдінстытуце, дзе ён завочна навучаўся з 1949-га. Юнак ужо меў досьвед нелегальнага супраціву: зь сябрамі раскідваў зь цягнікоў і пашыраў у Горадні ўлёткі з заклікам змагацца за вольную Беларусь. Хлопцы былі неблагімі кансьпіратарамі і пазьбеглі арышту, ды спынілі дзейнасьць, бо ў той справе затрымлівалі шмат невінаватых.

Белакоз засяродзіўся на пэдагагічнай і краязнаўчай працы. Ягоныя выхаванцы ліставаліся ці не з усімі знанымі беларускімі пісьменьнікамі, выдавалі альманах «Праменьчык», рупліва зьбіралі экспанаты для школьнага музэю. Але настаўнік усё адно заставаўся на падазрэньні. І нездарма.

У 1965-м у актавай залі Саюзу пісьменьнікаў адбывалася сустрэча кіраўнікоў раённых сэкцый выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры з майстрамі прыгожага пісьменства і менскімі студэнтамі. На сцэну падняўся Белакоз: «Патрабую, каб адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі была беларуская! Патрабую, каб 80 працэнтаў школаў былі беларускамоўнымі! Патрабую, каб беларускімі былі ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы!» Іван Шамякін, што вёў імпрэзу, закамандаваў: «Хопіць! Хопіць! Тушыце, хлопцы, сьвятло, паказвайце фільм!»

Нядобранадзейны Белакоз дачакаўся лепшых часоў. У 1990-м школьны літаратурна-этнаграфічны музэй набыў статус дзяржаўнага. Там болей за 20 тысяч фондавых адзінак. Стэнд, прысьвечаны Ларысе Геніюш. Яе кніга «Невадам зь Нёману» з дарчым надпісам касманаўта Пятра Клімука. Асадка, якой Уладзімер Караткевіч напісаў «Каласы пад сярпом тваім»...

І цяпер кожную экскурсію для мяне праводзіць там Алесь Белакоз.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.696-697.

1953 — Вінцэсь Мудроў, беларускі пісьменьнік.

Вінцэсь Мудроў
Вінцэсь Мудроў

1972 — Алесь Пашкевіч, беларускі пісьменьнік і мовазнаўца.

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

1982 — Сьвятлана Ціханоўская, беларускі палітык.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

У памяці

1530 — князь Канстанцін Астроскі, дзяржаўны дзеяч і гетман Вялікага Княства Літоўскага. Камандаваў войскамі ВКЛ у бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году, у якой 35 тысяч літоўска-беларускіх і польскіх ваяроў разьбілі 80-тысячнае маскоўскае войска.

Канстанцін Астроскі
Канстанцін Астроскі

1841 — Міхал Рукевіч, вайсковец, удзельнік вызвольнага руху 1820-х, паліткатаржанін.

Ёсьць людзі, жыцьцёвы шлях якіх яўляе сабой зайздросны ўзор пасьлядоўнасьці й вернасьці юначым ідэалам. Праўда, словы пра зайздрасьць тут, можа, ня самыя дакладныя, бо такія жыцьці маюць уласьцівасьць зусім не заўсёды складвацца шчасьліва.

Бязвусым юнаком Міхал Рукевіч, спадзеючыся на аднаўленьне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, ваяваў пад штандарамі з Пагоняй у «літоўскіх» войсках Напалеона, дзе служыла 25 тысяч нашых продкаў-ліцьвінаў. Празь дзесяць гадоў у адным з сваіх вершаў ён пісаў:

Дык калі паклічуць трубы

Нас у сонечны прасьцяг,

Дружна ўздымем вальналюбы

Мы з Пагоняй нашай сьцяг!

Зрэшты, дзесяцігодзьдзе было прысьвечанае ня толькі складаньню вершаў. Вярнуўшыся з палону, куды Міхал трапіў у Францыі, ён вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, удзельнічаў у таемным патрыятычным таварыстве філяматаў, ствараў з аднадумцамі ягоныя філіі — таварыствы прамяністых і філярэтаў, а потым — падпольную арганізацыю «Згодных братоў» («Заранаў»), сябры якой, навучэнцы Беластоцкай і Сьвіслацкай гімназіяў, марылі пра вызваленьне Айчыны ад расейскага панаваньня.

У 1825-м частка «Заранаў» увайшла ў склад узьніклага з ініцыятывы Рукевіча (ён жыў пад Беластокам у вёсцы Завыкі) рэвалюцыйнага таварыства «Вайсковыя сябры». Ужо сам назоў красамоўна сьведчыў, што тут месца ранейшых летуценьняў занялі канкрэтныя й небясьпечныя для ўладаў справы.

Арганізацыя складалася зь мясцовых чыноўнікаў, гімназістаў, шляхцічаў, а найперш з афіцэраў і жаўнераў дысьлякаванага на Гарадзеншчыне і Беласточчыне Літоўскага асобнага корпусу царскай арміі. У ліку кіраўнікоў «Вайсковых сяброў» быў капітан Канстанцін Ігельстром, які трымаў сувязь з расейскім дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбэкерам.

У лістах да паплечнікаў Рукевіч пісаў пра знаёмцаў, што любяць танцы пад добрую музыку. У перакладзе з кансьпірацыйнай мовы гэта былі ўдзельнікі таварыства. Такіх «танцораў» набралася нямала — блізу пяцідзесяці. Яны вялі антыўрадавую прапаганду ў войсках, а сваімі мэтамі абвяшчалі змаганьне за «вольнасьць» і «ўсеагульны дабрабыт».

Празь дзесяць дзён пасьля паўстаньня дзекабрыстаў «Вайсковыя сябры» сарвалі прысягу Мікалаю І у сапэрным батальёне, дзе адной з ротаў камандаваў Ігельстром. На большае сілаў не хапіла.

Рэвалюцыянэраў арыштавалі й аддалі пад суд. Рукевіча й Ігельстрома прысудзілі да пакараньня сьмерцю, якое замянілі дзесяцігадовай катаргай з далейшым пасяленьнем у Сібіры. Міхал адбываў пакараньне разам зь дзекабрыстамі. Роднай Літвы-Беларусі ён больш ня ўбачыў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 36-37.

1973 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі. Альендэ быў срынуты з пасады ў выніку вайсковага перавароту, кіраванага Аўгустам Піначэтам, пасьля чаго скончыў жыцьцё самагубствам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG