Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад «дарожных мапаў» інтэграцыі?


Прэм'ер-міністры Расеі і Беларусі Міхаіл Мішусьцін (зьлева) і Раман Галоўчанка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, 10 верасьня 2021

Беларуская сацыяльная мадэль з ручным кіраваньнем несумяшчальная з уніфікацыяй макраэканамічнай палітыкі і заканадаўства з Расеяй.

Сьцісла:

  • У незалежных мэдыя, сацыяльных сетках ацэнка ўхваленьня 28 саюзных праграм розная, часам дыямэтральна процілеглая.
  • Інтэграцыя Беларусі з Расеяй настолькі шчыльная, што любыя новыя крокі на гэтым шляху азначаюць дадатковыя абмежаваньні для сувэрэннай палітыкі.
  • Прыняцьцё саюзных праграм азначае рост уплыву Расеі на Беларусь, узрастаньне залежнасьці малодшага партнэра ад моцнага саюзьніка.
  • Ручное кіраваньне эканомікай адрынае любыя вонкавыя абмежаваньні.

10 верасьня ў Менску Савет міністраў «саюзнай дзяржавы» ўхваліў 28 саюзных праграм. Лукашэнка і Пуцін іх падпішуць на паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету 4 лістапада. Як пішуць дзяржаўныя мэдыя Беларусі і Расеі, зроблены гістарычны крок на шляху інтэграцыі. Дарэчы, самі гэтыя саюзныя праграмы так і не абнародаваныя. Паказалі толькі іх сьпіс.

Якія наступствы можа мець гэтая дзея? Як паўплывае рэалізацыя згаданых праграм на сувэрэнітэт Беларусі? У незалежных мэдыя, сацыяльных сетках ацэнка гэтай падзеі розная, часам дыямэтральна процілеглая. Адны кажуць пра канец беларускай дзяржаўнасьці, другія ацэньваюць гэтыя дакумэнты як пустыя паперы.

Безумоўна, пытаньне пра пагрозы сувэрэнітэту цалкам слушнае. Любыя міжнародныя саюзы яго абмяжоўваць. І чым больш шчыльны саюз, тым больш палітыка дзяржавы праводзіцца з аглядкай на партнэра. Інтэграцыя Беларусі з Расеяй настолькі шчыльная, што любыя новыя крокі на гэтым шляху азначаюць дадатковыя абмежаваньні для сувэрэннай палітыкі.

Прыняцьцё саюзных праграм азначае рост уплыву Расеі на Беларусь, узрастаньне залежнасьці малодшага партнэра ад моцнага саюзьніка. Гэтыя праграмы ствараюць інстытуцыянальную прывязку да Расеі ў эканамічнай сфэры. Хоць з абнародаваных матэрыялаў вынікае, што не прадугледжана стварэньня нейкіх наднацыянальных органаў, рэгулятараў, аднак фармуюцца перамоўныя пляцоўкі, адпаведныя кансультацыйныя структуры дзьвюх краін па 28 кірунках. Замест таго каб праводзіць рэформы ўнутры краіны, будаваць рынкавыя інстытуты, беларускія ўрадоўцы будуць траціць высілкі на малавыніковую бясконцую перамоўную каніцель, спадзеючыся на расейскую халяўную дапамогу.

Аднак не магу пагадзіцца з тымі, хто прадракае канец беларускаму сувэрэнітэту. У згаданых праграмах шмат дэкляратыўнага. Там многа гаворыцца пра «гарманізацыю», «адзіныя падыходы», «узгадненьне» і іншы бюракратычны слэнг. Чыноўнікі пішуць праграмы зусім не для таго, каб іх выконваць.

Галоўны сумнеў наконт практычнай рэалізацыі гэтых «дарожных мапаў» палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль грунтуецца на прынцыпе ручнога кіраваньня эканомікай. А такі стыль адрынае любыя вонкавыя абмежаваньні. Чаму Беларусь дасюль так і не ўступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю? Бо ня хоча падпарадкоўвацца яе правілам, якія ставяць пэўныя межы валюнтарызму ў эканамічнай палітыцы. Такую ж ролю абмежавальніка будуць выконваць нейкія ўніфікаваныя з Расеяй правілы, нормы. Гэта значыць, трэба будзе ўзгадняць з Масквой узровень інфляцыі, памер дэфіцыту бюджэту, аб’ём бюджэтных субсыдый нацыянальным вытворцам, стаўку рэфінансаваньня і шмат іншых парамэтраў, якія ляжаць у аснове макраэканамічнай палітыкі любой сувэрэннай дзяржавы. І навошта гэта трэба Лукашэнку?

Беларуская сацыяльная мадэль, якой уласьціва ручное кіраваньне, несумяшчальная з уніфікацыяй макраэканамічнай палітыкі і заканадаўства Беларусі з Расеяй. Парадокс сытуацыі ў тым, што гэта можа стаць шчытом на шляху абмежаваньня сувэрэнітэту краіны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG