Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перашкаджалі працы, пагражалі, прымушалі звольніцца». Яшчэ адна супрацоўніца беларускай міліцыі паскардзілася на пагрозы з Украіны


Марш пэнсіянэраў, Менск. Ілюстрацыйнае фота

Адзін з раённых судоў сталіцы Ўкраіны дазволіў пракурорам Саломенскай акруговай пракуратуры забраць у апэратара мабільнай сувязі дакумэнты з пэрсанальнай інфармацыяй, месцам пражываньня і пашпартнымі дадзенымі грамадзяніна, які нібыта пагражаў супрацоўніцы міліцыі грамадзкай бясьпекі ўпраўленьня ўнутраных спраў Менскага райвыканкаму — яна працуе інспэктарам па справах непаўналетніх.

Гэтую інфармацыю запыталі «кампэтэнтныя органы» Беларусі для «ўсебаковага расьсьледаваньня» справы, якую 4 сьнежня 2020 году завёў Менскі раённы аддзел Сьледчага камітэту Беларусі па заяве міліцыянткі.

Пацярпелая паведаміла, што раніцай 4 сьнежня 2020 году з украінскага тэлефоннага нумару праз Тelegram атрымала паведамленьне «абразьлівага характару і пагрозы прымяненьня гвалту з мэтай перашкоды яе законнай дзейнасьці, прымусу да зьмены працы, а таксама помсты за выкананьне службовых абавязкаў».

У выпадку, калі апэратар мабільнай сувязі адмовіцца выдаць інфармацыю пра свайго абанэнта і раскрыць ягоныя анкетныя дадзеныя ды зьвесткі пра званкі, суд можа дазволіць правесьці вобшук і выняць усе неабходныя дакумэнты.

Гэта трэці выпадак, які стаў вядомым дзякуючы публікацыі судовых рашэньняў, калі Ўкраіна пагадзілася дапамагчы «кампэтэнтным органам Беларусі» знайсьці грамадзян, якія пасьля масавых рэпрэсій супраць удзельнікаў акцый пратэсту нібыта пагражалі прадстаўнікам сілавых органаў.

Першыя такія дакумэнты на запыт беларускіх сілавікоў Украіна пагадзілася перадаць у межах крымінальнай справы аб пагрозе гвалтам начальніку Галоўнага ўпраўленьня ДАІ ў Беларусі Дзьмітрыю Карзюку, а таксама намесьніку камандзіра віцебскага АМАПу Віталю Кушнеру. Пракуратура Ўкраіны не паведамляе вынікаў.

Вядома, што з пачатку 2021 году Ўкраіна перадала Беларусі паводле мэханізму аб экстрадыцыі 16 беларускіх грамадзян. Аднак Кіеў не ўдакладняе падставаў, паводле якіх гэтых грамадзян перасьледавалі ў Беларусі. Цяпер ва ўкраінскіх судах знаходзіцца некалькі дзясяткаў справаў аб экстрадыцыі грамадзян Беларусі, якіх вышукваюць за эканамічныя і крымінальныя злачынствы. Звычайна такія справы цягнуцца па некалькі гадоў.

Якія дакумэнты вызначаюць супрацу сілавых структураў Беларусі і Ўкраіны

  • Дамова аб супрацы паміж Генэральнымі пракуратурамі Беларусі і Ўкраіны. Падпісана ў траўні 2010 году. У яе межах ведамствы могуць накіроўваць запыты аб міжнароднай дапамозе па крымінальных справах. Паводле працэдуры запыт накіроўваецца ў пісьмовай форме, але ў неадкладных выпадках можа перадавацца вусна, пры ўмове, што будзе пацьверджаны пісьмова цягам трох дзён. У выпадку, калі адзін з бакоў ня можа выканаць запыт, ён мусіць абавязкова паведаміць пра абставіны, якія перашкаджаюць выкананьню. Тэкст пагадненьня даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.
  • Дамова аб супрацы і ўзаемадзеяньні паміж Службай бясьпекі Ўкраіны і Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Падпісана ў ліпені 1992 году. З 1993 да 2006 году ў яе межах бакі падпісалі 21 пратакол. Дакумэнт забаронены да публікацыі, бо зьмяшчае службовую інфармацыю; адпаведна, доступ да яго абмежаваны.
  • Міжурадавая дамова аб супрацы ў памежных і мытных пытаньнях. Падпісана ў сьнежні 1992 году. Дакумэнт прадугледжвае супрацу і супольны кантроль на мяжы за працэсамі нелегальнай міграцыі, кантрабанды, за тэрарызмам і наркабізнэсам. У межах гэтай дамовы штогод падпісваецца пратакол аб парадку абмену інфармацыяй. Апошні такі пратакол падпісалі ў лістападзе 2020 году. Пратакол забараняе ўкраінскім памежнікам перадаваць беларускаму боку інфармацыю з абмежаваным ва Ўкраіне доступам, а таксама пэрсанальныя дадзеныя. Апроч таго, бакі абавязаныя не разгалошваць інфармацыю, атрыманую ў межах рэалізацыі гэтага пратаколу. Тэкст пагадненьня даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.
  • Дамова аб рэадмісіі. Падпісана ў кастрычніку 2018 году, набыла юрыдычную моц у жніўні 2020-га. У ёй вызначаныя ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхную тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй. Апроч таго, пад дзеяньне гэтага дакумэнту падпадаюць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжаньня ў іншай краіне. Тэкст дакумэнта даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG