Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня сталі на шлях выпраўленьня». Адміністрацыя Лукашэнкі патлумачыла, чаму памілавалі ня ўсіх са «сьпісу Васкрасенскага»


Кіраўніца Камісіі ў пытаньнях памілаваньня Вольга Чупрыс

Намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, кіраўніца Камісіі ў пытаньнях памілаваньня Вольга Чупрыс удакладніла, чаму са 100 чалавек, якіх прапаноўвалася памілаваць, у выніковым сьпісе апынуліся толькі 13.

Паводле чыноўніцы, якую цытуе Беларуская тэлевізія, у так званым «сьпісе Васкрасенскага» не было выразных крытэраў, якія маглі б служыць падставай для вызваленьня ўсіх уключаных туды асобаў.

Прыкладна чвэрць зь ліку «кандыдатаў» ня мела прысудаў або рашэньне не набыло законную моц. Такія выпадкі камісіяй не разглядаюцца.

17 чалавек — злосныя парушальнікі рэжыму адбыцьця пакараньня. Адпаведна, гэта сьведчыць, што яны ня сталі на шлях выпраўленьня.

Больш за дзесяць асобаў зрабілі злачынствы, зьвязаныя з карупцыяй, незаконным абарачэньнем наркотыкаў ці зброі.

Парадку 6 чалавек раней судзімыя альбо ўчынілі правапарушэньні падчас адбыцьця пакараньня.

Акрамя таго, некаторыя катэгарычна адмовіліся пісаць прашэньне аб памілаваньні. Адпаведна, камісія разглядала больш вузкае кола, сказала Вольга Чупрыс, падсумаваўшы, што ў выніку Лукашэнка памілаваў 13 чалавек. Іх прозьвішчы не называюцца.

9 жніўня падчас «Вялікай размовы» прадстаўнік «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юры Васкрасенскі агучыў прапанову аб вызваленьні першай сотні чалавек, зьняволеных паводле палітычных артыкулаў.

Лукашэнка паабяцаў паглядзець сьпіс, але выставіў сваю ўмову — Васкрасенскі «пэрсанальна адказвае ўласнай галавой за кожнага».

Тады Васкрасенскі ўдакладніў, што ў прашэньні аб памілаваньні гаворка пра 93 «аблудных», яшчэ 6 чалавек — банкіры, якія кампэнсавалі шкоду і актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам, і адзін — экс-кіраўнік Магілёўскай філярмоніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG