Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымае прызнаньне Лукашэнкі тэрарыстам на міжнародным узроўні?


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Адказны за пытаньні юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве юрыст Міхаіл Кірылюк расказвае пра мэту і задачы Нюрнбэрскай канфэрэнцыі, аналізуе пэрспэктывы міжнароднага трыбуналу ў справах Беларусі і параўноўвае санкцыі зь пеняй, якую не адменіш, пакуль ня спыніш парушаць закон.

Сьцісла

  • Любая краіна можа перасьледаваць людзей, якія займаліся катаваньнямі.
  • Мы ня бачым актыўных дзеяньняў у міжнародным перасьледзе людзей, якія катавалі.
  • Калі я чую, як кіраўнікі заходніх дзяржаваў называюць захоп самалёта міжнародным тэрарызмам, то што яшчэ трэба, каб прызнаць Лукашэнку тэрарыстам?
  • Дакладчык АБСЭ зрабіў высновы, што беларуская прававая сыстэма сябе дыскрэдытавала, таму ёсьць падставы для стварэньня міжнароднага трыбуналу.
  • Мы памятаем, што санкцыі былі адказам на рэпрэсіі, а не наадварот.

— Народная антыкрызіснае кіраўніцтва арганізоўвае 11 кастрычніка ў Нюрнбэргу — горадзе, дзе прайшоў міжнародны трыбунал над нацызмам — прававую канфэрэнцыю аб злачынствах супраць чалавечнасьці і прызнаньні Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстам. Якая галоўная ідэя гэтай канфэрэнцыі, што вы ад яе чакае, чаго хочаце дасягнуць?

Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк

— Галоўная ідэя — выкарыстаць міжнародныя прававыя легальныя сродкі ўзьдзеяньня на рэжым Лукашэнкі. Прайшоў год ад пачатку пратэстаў у Беларусі і ад пачатку масавых рэпрэсіяў. Міжнародная супольнасьць аб гэтым выказваецца вельмі адназначна. Але мне здаецца, што, на жаль, гэтая справа не ідзе так хутка, як бы нам хацелася.

Таму тэму канфэрэнцыі можна падзяліць на тры часткі. Першае — гэта ўнівэрсальная юрысдыкцыя. Беларусь разам зь іншымі краінамі ў свой час падпісала Канвэнцыю супраць катаваньняў. Паводле яе, катаваньні зьяўляюцца настолькі небясьпечным злачынствам, што на іх не распаўсюджваецца агульны прынцып тэрытарыяльнасьці. Любая краіна можа перасьледаваць людзей, пра якіх ёсьць зьвесткі, што яны займаліся катаваньнямі. Таму тут нацыянальны прынцып замяняецца прынцыпам так званай унівэрсальнай юрысдыкцыі.

Мы чулі, што заведзены адпаведныя справы ў Літве, Польшчы, Нямеччыне — і на гэтым, на жаль, усё. Мы ведаем, што справы ёсьць, але мы ня бачым актыўных крокаў для перасьледу людзей, якія катавалі беларусаў. Сярод маіх кліентаў ёсьць ахвяры катаў. Яны падавалі дакумэнты ў Эўропе. Але мы пакуль што ня бачым, каб да беларускіх сілавікоў прыходзілі позвы.

— Чым вы гэта патлумачыце, чаму мы ня бачым актыўных дзеяньняў?

— Думаю, калі б беларускія амапаўцы атрымалі позвы, мы пра гэта ведалі б. Чаму іх няма? Гэта пытаньне, якое я і хачу паставіць перад праўнікамі і палітыкамі, якіх мы спадзяёмся склікаць на гэтай Нюрнбэрскай канфэрэнцыі. Чаго яшчэ не хапае, колькі яшчэ можна катаваць беларусаў?

Гэта адзін з кірункаў. Другі — чаму заходнія краіны не выкарыстоўваюць той жа Інтэрпол? Гэта я таксама хачу высьветліць падчас канфэрэнцыі.

Наступная тэма — гэта прызнаньне Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстам. Пасьля таго, як быў перахоплены цывільны самалёт Ryanair, частка палітыкаў рабіла гучныя заявы, што ў дзеяньняў беларускай улады ў гэтым інцыдэнце назіраюцца прыкметы міжнароднага тэрарызму...

— Міхал, але наколькі гэта рэалістычная задача — прызнаць Лукашэнку тэрарыстам? Хіба былі ў гісторыі выпадкі, калі чалавека, які фактычна кіруе дзяржавай, прызнавалі тэрарыстам?

— Кіраўніка дзяржавы — не. Але, напрыклад, у сьпіс тэрарыстычных арганізацыяў унесьлі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране — фактычна праўладную арганізацыю. Таму ў беларускім варыянце варта было б прызнаць тэрарыстычнымі АМАП альбо ГУБАЗіК.

Наколькі рэалістычна прызнаць тэрарыстам самога Лукашэнку? Заканадаўчыя практыкі ўвесь час мяняюцца. Да 11 верасьня 2001 году адносіны да тэрарызму радыкальна зьмяніліся. Выпадак з самалётам зьмяніў палітыку заходніх дзяржаваў да Беларусі. І калі я чую, як кіраўнікі заходніх дзяржаваў называюць гэта міжнародным тэрарызмам, то я як праўнік хачу лягічна запытаць: што яшчэ трэба, каб прызнаць яго тэрарыстам? Мне здаецца, што юрыдычныя падставы для гэтага ёсьць, але не хапае палітычнай волі.

Мая асноўная спэцыяльнасьць — гэта карпаратыўнае права. І я магу сказаць, што ў банкаўскіх дакумэнтах большая частка, якая прадпісвае штосьці праверыць, зьвязана менавіта з барацьбой з тэрарызмам і яго фінансаваньнем. Гэта вельмі моцны рычаг узьдзеяньня. Трапляньне ў сьпіс тэрарыстаў азначае поўны фінансавы каляпс.

Я разумею, што гэта няпроста. Але калі ёсьць хаця б мінімальны шанец гэта зрабіць, то гэтым варта займацца.

— Калі гаварыць пра міжнародны трыбунал, то як вы бачыце гэты мэханізм і ці ёсьць нейкі прагрэс у гэтым кірунку?

— Міжнародная супольнасьць праваабарончых арганізацыяў ужо зрабіла заяву ў Міжнародны крымінальны суд наконт злачынстваў супраць чалавечнасьці, якія адбываліся ў Беларусі. Гэта заява там цяпер знаходзіцца на разглядзе.

Другі пункт — юрыдычныя падставы для такога трыбуналу ёсьць. І гэта не мая выснова, а дакладчыка АБСЭ, які зрабіў высновы, што беларуская прававая сыстэма сябе дыскрэдытавала, ёй нельга давяраць расьсьледаваньне такіх злачынстваў, — таму ёсьць падставы для стварэньня міжнароднага трыбуналу. Ці будзе гэты трыбунал пад эгідай ААН ці пад эгідай Эўразьвязу ці ў рамках Міжнароднага крымінальнага суду — гэта ўсё пытаньне адкрытае.

Чым больш мэдыйны кейс, тым больш ён вядомы ў сьвеце — і тым больш шанцаў, што ён будзе прыняты да разгляду. Таму мы спадзяёмся на нашай Нюрнбэрскай канфэрэнцыі прыцягнуць увагу да гэтага пытаньня.

— У новай Беларусі пасьля падзеньня цяперашняга рэжыму так ці іначай паўстане пытаньне пакараньня сілавікоў за зьдзейсьненыя злачынствы. Тут ёсьць і палітычны, і юрыдычны, і маральна-этычны аспэкт — адсюль і розныя падыходы да прынцыпаў вырашэньня гэтай тэмы. Якое ваша стаўленьне? Якімі павінны быць маштабы пакараньня ў Беларусі пасьля падзеньня цяперашняга палітычнага рэжыму?

— Мне як праўніку найбольш адпавядае падыход, заснаваны на законе. Той, хто рабіў злачынствы, мусіць панесьці адказнасьць. Дараваць злачынцу можа толькі сам пацярпелы, ахвяра. Дарэчы, нават у гэтым выпадку судзьдзя паводле нашага Крымінальнага кодэксу можа даць больш лёгкае пакараньне, але можа і не зьмяншаць яго — маўляў, ахвяра даравала, але дзяржава — не.

За ўсе дзеяньні, якія ўчынялі сілавікі, прадугледжана адказнасьць у існым Крымінальным кодэксе, ня трэба ўводзіць ніякіх новых артыкулаў.

Таксама хачу выказаць сваё стаўленьне да цяперашняй дыскусіі вакол санкцыяў. Мы не акварыюмныя рыбкі, мы памятаем, што санкцыі былі адказам на рэпрэсіі, а не наадварот.

Калі нехта параўноўвае санкцыі з крымінальным правам, то я як камэрцыйны праўнік скажу, што санкцыі больш карэктна параўноўваць з эканамічным правам, бо гэта эканамічны сродак узьдзеяньня. І аналёгія такая: санкцыя — гэта пеня. Ня плаціш, не вяртаеш пазыкі — тады наступае пеня. І, пакуль ня плаціш, пеня набягае. Ніхто не праводзіць перамовы з пункту гледжаньня «адмяняйце пеню, і тады я вам заплачу». Усё адбываецца наадварот: спачатку ты плаціш, а потым ужо просіш адмяніць нейкую частку пені.

Таму я ня думаю, што хтосьці здыме санкцыі, пакуль у Беларусі не адбудуцца рэальныя зьмены. І гэта азначае, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца, у тым ліку для ўсіх беларусаў. Але калі мяне паставіць перад маральным выбарам, што мяне больш турбуе, — пакуты беларуса, які ня можа паехаць у Эгіпет, альбо пакуты беларуса, які знаходзіцца за кратамі, то мне падаецца, што пакуты апошняга больш вартыя і за яго варта змагацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG