Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі пяцярых беларусаў-уцекачоў


Служба бясьпекі Ўкраіны

Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала беларускую валянтэрку Алену Жаркевіч, якая дапамагала легалізавацца ва Ўкраіне беларусам-уцекачам, і разам зь ёй яшчэ чатырох грамадзян Беларусі.

«Учора Алена дапамагала зь легалізацыяй нашага суайчыньніка, былога сілавіка, — аднаго з тых, хто першым адмовіўся біць пратэстоўцаў і звольніўся пасьля жнівеньскіх падзеяў. Пасьля звальненьня ён пасьпеў тройчы атрымаць „суткі“ і крымінальны тэрмін», — адзначаецца ў паведамленьні Беларускага дому ва Ўкраіне. Чатырох уцекачоў затрымалі ў доме, дзе жыла Жаркевіч. Яшчэ адну дзяўчыну затрымалі ў іншым месцы пражываньня ў Кіеве.

Блізкі сябра Алены Жаркевіч распавёў Свабодзе, што ў Кіеве ёсьць дом, дзе знаходзяць прытулак беларусы, якія ўцякаюць з радзімы ад рэпрэсій. Некаторыя зь іх нелегальна трапілі ва Ўкраіну. Алена Жаркевіч дапамагала беларусам легалізавацца ва Ўкраіне. «Дапамагала юрыдычна, вадзіла па інстанцыях», – удакладніў сябра, які пажадаў захаваць ананімнасьць.

«У гэтым доме – ён вялікі – жыве шмат людзей, беларусы, у тым ліку сем'і з малымі дзецьмі. І вось сёньня а сёмай раніцы туды прыйшла СБУ, пачалі задаваць пытаньні. Зазначу, што Алена (яна сама зь Менску) знаходзіцца ва Ўкраіне цалкам легальна. Але на кватэру, дзе яна жыла раней, тыдзень таму прыходзілі супрацоўнікі СБУ, пыталіся пра яе. Сёньня ўсіх, хто быў у доме ранкам, апыталі, і чатырох, разам з Аленай і былым сілавіком Ягорам, павезьлі на размову ў СБУ», – удакладніў беларус.

У Беларускім доме сьцьвярджаюць, што «праводзяцца размовы з клясічным выбарам — супраца або дэпартацыя».

У той жа час арганізацыя не ўдакладняе, калі затрымалі беларусаў. Вядома, што 15 верасьня ў Кіеве міграцыйная паліцыя праводзіла апэрацыю «Мігрант» для выяўленьня іншаземцаў, якія парушылі тэрміны знаходжаньня ва Ўкраіне. Як паведамілі ў паліцыі Кіева, правяралі гостэлы ў двух раёнах Кіева. Затрымалі 9 іншаземцаў, але іх грамадзянства не ўдакладнілі.

У Службе бясьпекі Ўкраіны затрыманьня беларусаў пакуль не камэнтуюць. «Зараз мы правяраем гэтую інфармацыю. Як толькі буду мець дакладныя зьвесткі, я паведамлю», — сказаў Свабодзе кіраўнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні са сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG