Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Гадавіна пачатку далучэньня Заходняй Беларусі да БССР; год таму — Лукашэнка заявіў пра закрыцьцё межаў зь Літвой і Польшчай


Савецкая марка 1940 году

Падзеі 17 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

17 верасьня 1949 году нарадзіўся Генадзь Карпенка, палітык, навуковец, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х.

Генадзь Карпенка
Генадзь Карпенка

У Генадзя Карпенкi напачатку атрымлівалася ўсё ці амаль усё.

Бліскуча абараніў доктарскую, зрабіў пяцьдзясят вынаходніцтваў, укаранёных у пятнаццаці краінах, быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук і ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй.

У 1987-м стаў дырэктарам Маладэчанскага заводу парашковай мэталюргіі й вывеў яго ў лік найлепшых прадпрыемстваў рэспублікі.

Лёгка заваяваў пасьведчаньне дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, дзе кіраваў камісіяй па навуцы й навукова-тэхнічным прагрэсе.

У 1992-м узначаліў Маладэчанскі гарвыканкам і за два гады пасьпеў правесьці ў горадзе эканамічныя рэформы, запачаткаваць музычны і тэатральны фэстывалі, карэнным чынам (адзіны ў краіне прыклад!) зьмяніць гарадзкую тапаніміку, ператварыўшы яе з убогай стандартна-савецкай у беларускую — з вуліцамі Вялікі Гасьцінец (замест Леніна), Грамадоўскай, імя Францішка Скарыны, Язэпа Драздовіча...

У 1996-м Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, накіроўваў працэс імпічмэнту прэзыдэнта.

У 1998-м ён стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту (ценявога ўраду), створанага перад заканчэньнем легітымнага тэрміну кіраваньня прэзыдэнта.

Ён быў чалавекам утульным і камфортным, але ўмеў быць і бескампрамісным.

Генадзь Карпенка мысьліў у агульнанацыянальных катэгорыях. Ён быў адным з самых таленавітых лідэраў апазыцыі.

Ён мог стаць другім прэзыдэнтам краіны і разьвярнуць яе да дэмакратычнай эўрапейскай супольнасьці.

Таму яго й няма сёньня з намі. Ён, хоць ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе, раптам загадкава згас, выпіўшы кавы зь нікому невядомай «журналісткай».

Празь месяц бясьсьледна зьнік адзін зь яго найбліжэйшых паплечнікаў — Юры Захаранка, яшчэ праз паўгоду другі — Віктар Ганчар.

Генадзю Карпенку ішоў усяго пяцідзясяты...

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.458-459.

У гэты дзень год таму

  • Лукашэнка заявіў пра закрыцьцё межаў зь Літвой і Польшчай, узмацненьне мяжы з Украінай.
  • Шэраг незалежных інтэрнэт-выданьняў выйшлі без фотаздымкаў на знак салідарнасьці са зьняволенымі фотажурналістамі.
  • У Беларусі — 12 новых палітвязьняў. Усяго іх ужо 70 чалавек.
  • Супраць уласьнікаў будынку, дзе разьмяшчаўся штаб Бабарыкі, завялі крымінальную справу.
  • Эўрапарлямэнт не пагадзіўся лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам і прапанаваў санкцыі.

Гэты дзень у гісторыі

1590 — Ліда атрымала герб.

1787 — у Філядэльфіі прынятая Канстытуцыя ЗША.

1939 — Чырвоная армія пачала паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну.

1939 — польскі прэзыдэнт, урад, замежныя дыпляматы пры ўрадзе, галоўнакамандуючы, прымас ды іншыя асобы пакінулі Польшчу і перайшлі да Румыніі, дзе былі інтэрнаваныя.

1993 — апошнія расейскія вайсковыя злучэньні пакінулі Польшчу.

У гэтыя дні нарадзіліся

1857 — Канстанцін Цыялкоўскі, расейскі навуковец у галіне касманаўтыкі.

1891 — Аркадзь Смоліч, дзеяч нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі, адмысловец у галіне геаграфіі, эканомікі, картаграфіі, міністар сельскай гаспадаркі БНР.

Аркадзь Смоліч
Аркадзь Смоліч

1912 — Максім Танк, народны паэт Беларусі.

Максім Танк
Максім Танк

1922 — Уладзімер Калесьнік, беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец, крытык, пэдагог.

1959 — Сяргей Дубавец, літаратар і публіцыст, першы рэдактар адноўленай у 1991 годзе газэты «Наша Ніва».

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

У памяці

1999 — Віктар Вуячыч, сьпявак, народны артыст Беларусі.

2013 — Віктар Маркавец, мастак, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Віктар Маркавец
Віктар Маркавец

Мяне нязьменна кранае Віктараў краявід старадаўняга Віцебску з маёй невялікай мастацкай калекцыі. Гэтыя дзьвінскімя паплавы і незруйнаваныя храмы калісьці нагадалі бунінскаму герою «Жыцьця Арсеньнева» гішпанскае Таледа, а мне прыводзяць на памяць словы Напалеона Орды пра нашу ліцьвінскую цывілізацыю, што пасьлядоўна зьнішчалі расейскія калянізатары.

Сам Віктар, дарэчы, лічыў, што гістарычны ляндшафт ёсьць мэтафізычнай прастораю матэрыяльных і духоўных скарбаў, чыя значнасьць ніколі не абясцэньваецца і ня ведае межаў у часе.

Маркавец быў сябрам дысыдэнцкай суполкі менскай інтэлігенцыі «На паддашку». У ягонай майстэрні на старой, яшчэ ня зьнесенай вуліцы Дзімітрава адбываліся нелегальныя імпрэзы кшталту вечарыны памяці Івана Луцкевіча, якая ў 1981 годзе сабрала некалькі дзясяткаў маладых удзельнікаў. На пачатку дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» там праходзілі амаль усе паседжаньні Сойму.

Віктар стаў адным з заснавальнікаў незалежнай мастакоўскай суполкі «Пагоня» і заслаўскага аб’яднаньня «Мастак».

З намі ягоныя працы: жывапіс (найперш геніяльнае «Сьвята ў Докшыцах»), габэлены, маляваныя дываны, бо Віктар належаў да шанавальнікаў спадчыны Язэпа Драздовіча і Алены Кіш.

Ён стварыў партрэты Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы — таленавітай артыстычнай натуры і адчайнай патрыёткі.

Цэлую сэрыю прысьвяціў Кастусю Каліноўскаму, якім усё жыцьцё захапляўся і натхняўся. Уражваюць глыбінёю і шматстайнымі значэньнямі «Прадзедава сяўня» і шматлікія «імпрэсіі Заслаўя», а таксама карціны «На доле. Звон» (своеасаблівы рэквіем разбураным храмам і зламаным лёсам) і «Апошнія ліхтары». Віктар называў іх карцінамі-рэчавідамі і, паводле мастацтвазнаўцаў, пераводзіў гэтыя творы з жанру пабытовага натурморту ў статус архетыпаў сакральнай значнасьці. Рэчавіды — бо свае артэфакты мастак уяўляў сьведкамі гістарычнага шляху народу.

Добра вядомая ў літаратурных і мастацкіх колах супраца Віктара Маркаўца з паэтам Алесем Разанавым.

Яе плёнам сталіся авангардныя праекты «Яйкаквадраты», «Ісвы», «ZBANABZ», «Функцыянальныя кантэксты».

Віктару часам рабілася цесна ў мастацтве, і тады ён поплеч з жонкаю-мастачкаю Тацянай Гаранскай ствараў у Менску арт-кавярню «Добрыя мысьлі», будаваў у Заслаўі царкву ў гонар Сабору Беларускіх сьвятых. Творцаў з розных сфэраў прыцягвала Віктарава лецішча ў Вайшкунах на загадкавым возеры Балдук.

Калега Адам Глобус напісаў, што Маркавец «быў спакойным, як зямля, жывапісцам сьветлай раніцы».

Якраз такая мэтафізычная раніца на краявідзе, зь якім я спадзяюся сустрэць яшчэ нямала дзён.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.646-647.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG