Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васкрасенскі: Камісія памілавала 13 асуджаных з 20 разгледжаных


Юры Васкрасенскі, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 15 верасьня падпісаў указ пра памілаваньне 13 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітвязьнямі. З інтэрвію дзяржаўнаму каналу «Беларусь-1» кіраўніцы камісіі па памілаваньні Вольгі Чупрыс вынікае, што камісія разгледзела ўвесь сьпіс, пададзены Васкрасенскім. Аднак ён сьцьвярджае, што толькі частку — 20 чалавек.

Пра памілаваньне ста чалавек раней хадайнічаў колішні прадпрымальнік і ў мінулым палітвязень, а цяпер прыхільнік улады Юры Васкрасенскі.

У эфіры «Настоящего Времени» Вакрасенскі пашкадаваў, што Сьвятлану Ціханоўскую не злавілі сьледчыя органы Беларусі за яе «дэструктыўную дзейнасьць», расказаў, што камісія разгледзела толькі 20 заяў пра памілаваньне (сямі адмовілі), а таксама патлумачыў, чаму ня здарылася амністыя, пра якую ён таксама нібыта прасіў Лукашэнку.

— Ці правільна я разумею, што вы асабіста пішаце лісты палітвязьням і прапануеце ім напісаць прашэньне аб памілаваньні?

— Так, правільна думаеце. У чэрвені мы напісалі лісты ўсім, хто знаходзіцца ў нашым сьпісе. З улікам таго, што мы ня можам прасунуць пытаньне, зьвязанае з амністыяй, мы прапанавалі варыянт — ісьці шляхам памілаваньня, бо нам важны вынік ці, як кажуць айцішнікі, KPI.

— Хто адмаўляецца?

— На пачатак чэрвеня ў нас у сьпісе было каля 630 чалавек. Мы напісалі кожнаму ліст, прыйшло ў адказ 200 лістоў ад людзей, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. Адпаведна, можна прыкладна сказаць, што адна траціна пагадзілася, дзьве траціны не пагадзіліся.

— А 200 лістоў, якія прыйшлі, там у іх была менавіта згода?

— Вядома. Мы ўключаем у сьпіс толькі па асабістым хадайніцтве зьняволенага, мы нават не бяром хадайніцтвы ад ягонага адваката.

— Юры, а вы пісалі Віктару Бабарыку, Марыі Калесьнікавай, Сьвятлане Ціханоўскай, то бок мужу Сьвятланы Ціханоўскай Сяргею Ціханоўскаму? Алесю Бяляцкаму, знанаму праваабаронцу?

— Так, так, так. Сьвятлане не пісаў, бо яна пакуль, на жаль, ня злоўленая сьледчымі органамі Беларусі за сваю дэструктыўную дзейнасьць.

— «На жаль», вы кажаце...

— Так. Бяляцкаму таксама пісалі. Усім, хто знаходзіцца ў сьпісе КСДС.

— Вось гэтыя чацьвёра, названыя мною, не адказалі вам. Адпаведна, ня хочуць пакаянных лістоў?

— Ну чаму «пакаянны ліст»? У нас многія лідэры апазыцыі да гэтага пісалі лісты, і, наколькі мне вядома, і Міхаіл Хадаркоўскі пісаў ліст Уладзіміру Пуціну. Таму гэта не пакаянны ліст, гэта ключ да выхаду на свабоду. Я б не разглядаў гэта перш за ўсё так, зыходзячы зь юрыдычнай сутнасьці працэдуры.

— Але гэта абавязковая ўмова?

— Так, бо гэта прапісана ў заканадаўстве датычна памілаваньня.

— Ведаеце, як гэта выглядае з боку: людзі, якія выказвалі свае палітычныя перакананьні, змагаліся за іх, аказаліся менавіта за гэта нялюбыя ўладзе, прычым легітымнасьць якой многія ставяць пад сумнеў, і цяпер, скарыстаю такі дзеяслоў, вы іх ломіце, прымушаеце адмовіцца ад сваіх перакананьняў.

— Я ня ведаю, як можна прымушаць адмовіцца ад перакананьняў чалавека, які ў гэтыя перакананьні верыць. Але 90% тых, хто апынуўся там, з майго гледжаньня, апынуліся абсалютна выпадкова, паддаўшыся агульнай гістэрыі год таму. Я ўжо шмат разоў казаў, што ў нас у штабе цяпер працуе каля 50 чалавек, усе яны галасавалі за Ціханоўскую. Таму гаворка ідзе не пра ламаньне, а гаворка ідзе пра перагляд сваёй пазыцыі і разуменьне таго, што нельга пілаваць сук пад назвай «Рэспубліка Беларусь», на якім ты сам сядзіш.

— Пачула вашую пазыцыю. Яшчэ скажу, што выглядае збоку, што мэта гэтага памілаваньня — гэта ня літасьць, а менавіта спроба выбіць тое самае раскаяньне.

— Не, бо беларуская ўлада цяпер моцная як ніколі, асабліва з улікам ейнай падтрымкі ў Крамлі і ў краінах далёкай дугі. Мы вельмі пасьпяхова сёньня правялі сустрэчы з кіраўніцтвам Пакістана, Ірана, таму беларускай уладзе нейкае прызнаньне…

— А вы ўжо кажаце «мы», калі гаворыце пра ўладу?

— Мы, бо я асацыюю сябе не з уладай, а з Рэспублікай Беларусь перш за ўсё. Там прызнаньне нейкае ўладзе не патрэбна. Паверце, калі б усякая ўлада захацела, яна б выбіла гэтае прызнаньне.

— А чаму ж тады проста не памілаваць, не патрабуючы ад людзей гэтага прыніжальнага для многіх пакаяньня?

— Па-першае, я не лічу яго прыніжальным.

— Вы, магчыма, не, але многія зь іх лічаць — тыя, якія адмаўляюцца. Вы ж кажаце, што дзьве траціны не адказалі на вашыя лісты.

— Па-другое, калі мы размаўляем аб прававой дэмакратычнай дзяржаве, мы павінны трымацца нейкіх юрыдычных працэдураў. Вось гэтая працэдура прадугледжвае напісаньні прашэньня аб памілаваньні. Таму гэта проста ідзе гаворка пра выкананьне юрыдычнай працэдуры. Бяз гэтага прашэньня камісія па памілаваньні ня можа пачаць разгляд канкрэтнага кейса.

— Чаму не амністыя, якая ня мае на ўвазе такіх лістоў і такіх прызнаньняў?

— Сапраўды, амністыя нават з указаньнем двух распаўсюджаных артыкулаў — 342, напрыклад, і 293 КК РБ (артыкул 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, артыкул 293 — Арганізацыя масавых беспарадкаў), калі б была амністыя ўжытая, то з гэтага сьпісу выйшла б каля 75% адразу аўтаматам. Але, на жаль, на цяперашнім этапе яга прызнаная немэтазгоднай — перш за ўсё дзякуючы нашым заходнім партнэрам, якія чыняць беспрэцэдэнтны ціск на Рэспубліку Беларусь.

— Не зразумела, патлумачце.

— Патлумачу. Калі б такога ціску і санкцый не было, то амністыя была б рэалізаваная. Але мы вымушаныя захоўваць аблічча, беларуская ўлада вымушана захоўваць аблічча, бо яна не паддаецца такому санкцыйнаму шантажу. Акурат таму амністыя была прызнаная немэтазгоднай на цяперашнім гістарычным этапе. Хоць мы выступалі паўгода за ейную рэалізацыю.

— А якая фінальная выніковая мэта для ўлады выпускаць палітычных вязьняў?

— Якая мэта для ўлады? Я не зразумеў сэнс пытаньня. Для ўлады няма мэты выпускаць палітычных вязьняў, бо ў нас няма палітычных вязьняў з пункту гледжаньня ўлады.

— Людзей, зьняволеных, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі. Навошта іх выпускае ўлада?

— Вось так больш карэктна. Бо, дапусьцім, усе, хто ўдзельнічаў у незаконным масавым мерапрыемстве, — парушыў заканадаўства, гэта відавочна.

— Дык вось якую мэту мае ўлада, калі выпускае гэтых людзей?

— З майго гледзішча, тое, што цяпер адбылося, — гэта першая ластаўка. Рэч у тым, што па кожным чалавеку рыхтуецца вялікая тэчка, характарыстыка зь месцаў зьняволеньня, зь месцаў вучобы, працы, думка міністэрстваў і ведамстваў. Таму камісія і так апэратыўна працавала, пасьпела разглядзець толькі першую партыю зьняволеных, наколькі я ведаю, каля 20. Сямі адмовілі і 13 падтрымалі. Дык вось мэта — прымірыць, з майго пункту гледжаньня, беларускае грамадзтва, паставіць кропку, перагарнуць старонку.

— То бок улада хоча прымірыць грамадзтва, якое відавочна расколатае, але амністыю абʼявіць не гатовая, бо заходнія краіны накладаюць санкцыі? Лёгіка такая?

— Так, у тым ліку таму, што любая ўлада моцная, толькі калі яе паважаюць, а не калі яе папіхаюць. Бо калі б нашыя заходнія калегі працягнулі б руку дружбы беларускай уладзе, калі б яны хоць нечым падтрымалі. Вось нават сёньняшні крок — памілаваньне, выпусканьне гэтых 13 чалавек, гэта ж цудоўна, што адбылася гэтая падзея. Чаму б яго не падтрымаць? Так, сказаць, недастаткова 13, трэба яшчэ, трэба ўсіх. Але чаму б не сказаць: «Рэспэкт такому гуманнаму жэсту»?

— Ці ставіцца перад тымі, хто выходзіць на свабоду, умова больш не крытыкаваць уладу, больш не выходзіць на пратэсты і гэтак далей? Ці нават стаць прыхільнікам улады, прынамсі ў публічнай плашчыні, як гэта, напрыклад, зрабілі вы, ці, напрыклад, Пратасевіч? Ці ёсьць такія ўмовы?

— Ніякіх умоваў не выстаўляецца, яны ўсе цяпер знаходзяцца на волі. Журналісты незалежныя, залежныя могуць зь імі зьвязацца і ўсё ўдакладніць. Беларуская ўлада нікога не прэсуе, таму хочаш — выступай за краіну, цяпер гэта ўсё адно і тое ж: краіна, улада, Лукашэнка, хочам мы гэтага ці ня хочам. Хочаш — выступай супраць, гэта тваё права.

Юры Васкрасенскі падчас выбарчай кампаніі 2020 году зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку. 12 жніўня яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражала да 8 гадоў зьняволеньня. 11 кастрычніка Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА. 12 кастрычніка яго вызвалілі.

Пасьля вызваленьня Васкрасенскі стаў прыхільна выказвацца пра дзейную ўладу, стварыў «круглы стол» для выпрацоўкі зьменаў у Канстытуцыю, ад імя якога дасылаў палітвязьням лісты з прапановай напісаць прашэньне аб памілаваньні. 16 верасьня 2021 году ў інтэрвію «Настоящему времени» ён сказаў, што з 630 палітвязьняў на гэтую прапанову пагадзіліся 200 чалавек. Астатнія або адмовіліся пісаць прашэньне, або праігнаравалі прапанову.

У верасьні 2021 году Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў Эканамічнага форуму ў польскім Карпачы. Арганізатары сьпярша сказалі, што запрасілі яго памылкова, потым МЗС Польшчы заявіла, што ўвогуле яго не запрашала. У той жа час польскі партал Onet з спасылкай на свае крыніцы ў МЗС паведаміў, што прыезд Васкрасенскага быў часткай польскай дыпляматычнай кампаніі, адна з задачаў якой — вызваленьне дзеячоў польскай меншасьці ў Беларусі — Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG