Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 верасьня. На вынясеньні прысуду бацька пабачыў фота дачкі, якая нарадзілася, пакуль ён быў у СІЗА

абноўлена

Яўген Харашкевіч з жонкай

У Беларусі суды не перастаюць выносіць палітычна матываваныя прысуды за мірныя пратэсты супраць кіраваньня Лукашэнкі, абразы чыноўнікаў і сілавікоў.

Затрымалі лідэра Беларускага незалежнага прафсаюзу

17 верасьня ў Наваполацку сілавікі затрымалі старшыню Беларускага незалежнага прафсаюзу Максіма Пазьнякова.

Як паведамляе прафсаюзная суполка, на гэты момант вядома толькі тое, што ён затрыманы найменей да панядзелка.

Прычыны затрыманьня ягоны адвакат высьвятляе.

Закрыты суд пакараў навапалачаніна 4 гадамі калёніі

Віцебскі абласны суд 16 верасьня прызнаў вінаватым 27-гадовага жыхара Наваполацку Яўгена Харашкевіча адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці
  • абраза прадстаўніка ўлады
  • падрыхтоўка і арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Паводле сукупнасьці пакараньняў судзьдзя Андрэй Прэйс адправіў Харашкевіча на 4 гады ў калёнію агульнага рэжыму і пастанавіў, што ён мусіць выплаціць агулам 2500 рублём дваім пацярпелым: Дзянісу Сьвяцкаму з Наваполацкага ГАУС і Натальлі Петуховай з акадэміі МУС, паведаміла «Вясна».

На абвяшчэньне прысуду Яўгену прынесьлі фота ягонай трохмесячнай дачкі Міланы, якая нарадзілася, пакуль ён быў за кратамі.

Падчас выбараў 2020 году Яўген Харашкевіч быў назіральнікам, скардзіўся ў пракуратуру на неапячатаную скрыню для галасаваньня.

Гамельчука асудзілі на 3 гады калёніі за гвалт супраць сілавікоў

У Гомлі трыма гадамі калёніі агульнага рэжыму пакаралі Віктара Прусава. Яго затрымалі падчас пратэставага маршу летась 27 верасьня і абвінавацілі ў гвалце супраць амапаўцаў, паведаміў «Новы час».

Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Таксама Віктар Прусаў павінен заплаціць пацярпеламу міліцыянту 1500 рублёў.

Асуджаны мае намер абскардзіць вырак.

Блогера Руслана Ліньніка асудзілі на 4 гады калёніі

У судзе Маскоўскага раёну Менску 17 верасьня агучылі прысуд ютуб-блогеру Руслану Ліньніку. Да суду яго 7 месяцаў трымалі ў СІЗА.

Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • паклёп на прэзыдэнта (ч. 1 і ч. 2 арт. 367),
  • абраза прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368),
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369),
  • паклёп (арт. 188).

Абразы і паклёпы нібыта зьмяшчаліся ў аўтарскіх відэароліках Руслана Ліньніка на ягоным YouTube-канале, які мае 80 тысяч падпісчыкаў.

Аштрафавалі журналіста і музы́ку Мікалая Янкойця

Затрыманьне адбылося яшчэ 15 верасьня, паведаміў тэлеграм-канал by_culture . Да суду Янкойць быў на Акрэсьціна.

17 верасьня Мікалая Янкойця аштрафавалі на 2900 рублёў за непадпарадкаваньне міліцыянту «на тэрыторыі Партызанскага РУУС», паведаміў тэлеграм-канал «Вясна назірае». Справу ў судзе Партызанскага раёну разглядаў Міхаіл Макарэвіч. Дома ў Янкойця правялі ператрус, але, па словах Мікалая, «нічога не знайшлі».

Летась у кастрычніку яго затрымалі і аштрафавалі за шэсьце на Кальварыйскай вуліцы, пісаў tuzinfm.by.

Гісторыка Андрэя Акушку арыштавалі на 13 сутак

Гісторыка, аўтара часопісаў «Наша гісторыя» і Arche Андрэя Акушку асудзілі на 13 дзён арышту за «дробнае хуліганства», паведаміла «Радыё Рацыя».

Сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам невядомая.

Працаўніка МТЗ затрымалі за леташнія пратэсты

16 верасьня аб 11 гадзіне на Менскім трактарным заводзе міліцыя затрымала за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах кранаўшчыка стрыжневага ўчастку Дзьмітрыя Колбіка, паведаміла «Вясна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG