Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Галіны Сямдзянавай і Ўладзімера Пузыні, год таму — Сьцяпана Латыпава ўзялі пад варту


Галіна Сямдзянава

Падзеі 18 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

18 верасьня 2012 году памёр Уладзімер Пузыня, музыка, майстар-рэстаўратар, пэдагог, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Уладзімер Пузыня
Уладзімер Пузыня

Магчыма, ён выратаваў мне жыцьцё.

Увесну 1991-га, пасьля крывавай карнай акцыі савецкіх войскаў каля Віленскага тэлецэнтру, я разам з Уладзімерам прыехаў у блякадную Літву на вечарыну салідарнасьці з суседзямі, што першымі вырываліся з камуністычнай імпэрыі. Па дарозе да гары Гедзіміна мы ўбачылі наперадзе вайсковы патруль.

Я безразважна зьняў з пляча Пузыні ягоную знакамітую сурму і, стаўшы на калена, навёў інструмэнт на патрульных. Тыя ўскінулі аўтаматы. Гэтак жа імгненна мой спадарожнік штурхнуў мяне на газон і прыкрыў сваім целам...

Такіх, як Уладзімер Пузыня, неба пасылае на зямлю тады, калі трэба зьдзейсьніць унікальнае і непаўторнае — зьвязаць парваныя ніці, не дазволіць перапыніцца традыцыі.

У 1970-я ён бярэцца за аднаўленьне нашых старажытных музычных інструмэнтаў, ужо, здавалася б, канулых у Лету. Дзякуючы яму ў нас зноў загучалі ліры, жалейкі, чароткі, згаданы ў Радзівілаўскім летапісе ХІІІ стагодзьдзя хорум, які высушваецца з гарбуза.

У 1981-м газэта «ЛіМ» паведаміла, што Пузыня вярнуў да жыцьця турыны рог, або сурму. Тую самую, чый голас вякамі клікаў ліцьвінаў на бітву.

Паэт Алег Мінкін адгукнуўся на навіну вершам «Сурма», што потым даў назоў яго першай кнізе:

Прарочыце вы крыкам хіжым, тлумным

Засільле вечнай сьцюжы і зімы,

Ды скрозь ваш гвалт мне чуцен звон забыты

Званоў Сафіі і прызыўна-сумны,

Працяглы сьпеў абуджанай сурмы.

Ад канца 1980-х, напэўна, кожная агульнанацыянальная дэмакратычная ўрачыстасьць пачыналася з выступу Ўладзімера Пузыні, які пяшчотна падносіў да вуснаў сваю неразлучную сяброўку. Яго сурма гучала і на разьвітаньні з Васілём Быкавым.

Створаная Пузынем у Менскім інстытуце культуры лябараторыя адраджэньня і вырабу народных інструмэнтаў «Беларуская хатка» сталася ўлюбёным месцам маладых музыкаў. Тут бывалі хлопцы зь цяперашняга праслаўленага гурта «Стары Ольса». Вядомы кожнаму беларусу «Палац» дагэтуль грае на адмыслова створаных для яго Пузынем ліры й жалейцы.

Калі б мая воля, я ўзнагародзіў бы яго самымі высокімі дзяржаўнымі адзнакамі.

Вікіпэдыя называе Пузыню музыкам і майстрам-рэстаўратарам (ён быў і таленавітым графікам). Але сказаць, што Ўладзімер даваў другое жыцьцё забытым інструмэнтам, — усяго частка праўды.

Ён аднаўляў беларускую душу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 632-633.

У гэты дзень год таму

  • У Смалявічах перад будынкам міліцыі 36-гадовы Сяргей Радчэня абліў сябе бэнзінам і падпаліў. Праз тыдзень ён памёр
  • Сын актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця шасьцігадовы Арцём знаходзіцца ў прытулку Фрунзэнскага раёну Менску.
  • Менчуку Сьцяпану Латыпаву, які абараняў ад сілавікоў мурал з выявамі «дыджэяў перамен», вызначылі меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
  • Cябра прэзыдыюму​ Каардынацыйнай рады і кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі выйшаў на волю.
  • Адказ Беларусі на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць у тым ліку працу замежных СМІ ў краіне, заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей.
  • Ціханоўская ў ААН: Гатовыя да дыялёгу. Прадстаўнік Беларусі ў ААН: Гвалту і зьніклых падчас пратэстаў не было.

Гэты дзень у гісторыі

1804 — у мястэчку Сьвіслач адкрыта першая ў Беларусі гімназія.

1814 — пачатак Венскага кангрэсу, які вызначыў новы эўрапейскі сьветапарадак пасьля напалеонаўскіх войнаў.

1915 — нямецкія войскі акупавалі Вільню.

1919 — уваход польскага войска на чале зь Юзафам Пілсудзкім у Менск.

Юзаф Пілсудскі (у цэнтры), Менск
Юзаф Пілсудскі (у цэнтры), Менск

1947 — створана Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне ў ЗША.

1973 — у ААН прыняты Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына і Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка.

1991 — Станіслаў Шушкевіч абраны старшынём Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня.

Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын. 1991
Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын. 1991

2009 — у Менску на тэрыторыі былых габрэйскіх могілак па вуліцы Сухой адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага каменя аўстрыйскім габрэям — ахвярам Менскага гета

У гэты дзень нарадзіліся

1896 — Аркадзь Астаповіч, беларускі графік.

1905 — Грэта Гарба, швэдзкая і амэрыканская акторка.

1917 — Вячаслаў Зайцаў, літаратуразнаўца, касмоляг, удзельнік інтэлектуальнай апазыцыі 1960-х — пач. 1990-х.

На пачатку 1970-х я, захоплены навуковай і ненавуковай фантастыкай, разоў дзесяць глядзеў дакумэнтальны фільм заходненямецкага рэжысэра Дэнікена «Ўспаміны пра будучыню», прысьвечаны нашым магчымым касьмічным братам па розуме.

У фільме — і гэта казытала пачуцьцё нацыянальнага гонару — браў удзел беларускі вучоны Вячаслаў Зайцаў, які ў кадры харызматычна даводзіў, што мы ў Сусьвеце зусім не самотныя.

З драматычным лёсам гэтага чалавека і зь ім асабіста я пазнаёміўся значна пазьней, калі пераехаў у Менск і пачаў працаваць у выдавецтве «Мастацкая літаратура», дзе Зайцаў аднойчы прачытаў бліскучую лекцыю пра тых самых іншаплянэтнікаў, амаль пераканаўшы мяне, што да іх ліку належаў, у прыватнасьці, легендарны шумэрскі ўладар Гільгамэш.

У біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменьнікі» гаворыцца, што Вячаслаў Зайцаў «быў паглыблены ў філязофска-тэалягічныя праблемы». Насамрэч ён быў проста апантаны імі. У атэістычнай краіне гэта не абяцала навукоўцу нічога добрага.

У свой час дацэнта Зайцава за ідэалістычныя погляды практычна выслалі зь Ленінградзкага ўнівэрсытэту ў Менск. Працуючы ў акадэмічным Інстытуце літаратуры, ён блізка сышоўся з Адамам Мальдзісам і Ўладзімерам Караткевічам.

Апошні, маючы на ўвазе галоўнае захапленьне Зайцава, часам паказваў на неба і пакепліваў: «Прызнавайцеся, і вы адтуль?» — але глыбока паважаў інтэлектуальнае дысыдэнцтва прыяцеля і прысьвяціў яму верш «Калі паміраюць...».

У сярэдзіне 1960-х гадоў у сібірскім альманаху «Байкал» Зайцаву ўдалося надрукаваць сваю ў нейкім сэнсе праграмную працу «Багі прыходзяць з космасу». Рэдактара звольнілі, а Вячаслаў трапіў у разрад «хаўрусьнікаў заходніх багасловаў».

Абарона ягонай доктарскай дысэртацыі «Францыск Скарына і гуманістычная думка ў Беларусі ХV— ХVІ стст.» была сарваная, а ў 1974-м, за два гады да пэнсіі, за публічную падтрымку калегаў, якіх улады перасьледавалі як нацыяналістаў, Зайцава пакінулі бяз працы.

Разгорнутая ім у тыя гады лекцыйная дзейнасьць і выпуск некалькіх дзясяткаў улётак, якія будуць кваліфікаваныя як «рэлігійна-містычныя», непазьбежна прывялі Вячаслава да арышту.

Дзіва што: ягоны Хрыстос, які прыйшоў з Космасу, быў перакананым антысаветчыкам. Справа закончылася экспэртызай у Інстытуце судовай псыхіятрыі, дзе вучонаму паставілі самы папулярны для іншадумцаў у СССР дыягназ — вялаплынная шызафрэнія.

Спатрэбіліся дзясяткі зваротаў мэдыкаў у «компетентные органы», каб праз тры гады прымусовае лекаваньне было нарэшце спыненае і Зайцава вызвалілі. Крымінальную справу закрылі толькі ў 1992-м, ужо пасьля яго сыходу.

Магчыма — да іншаплянэтнікаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.386-387.

У памяці

1970 — Джымі Гендрыкс, амэрыканскі гітарыст, сьпявак і кампазытар. У 2009 годзе часопіс Time абвясьціў Гендрыкса найвялікшым гітарыстам усіх часоў.

Джымі Гендрыкс
Джымі Гендрыкс

1992 — Ян Скрыган, беларускі пісьменьнік.

Міхась Лынькоў, Янка Відук (Скрыган) і Ілары Барашка на 1-м Усебеларускім зьезьдзе “Маладняка”. 25 – 29 лістапада 1925 г. З фондаў БДАМЛМ
Міхась Лынькоў, Янка Відук (Скрыган) і Ілары Барашка на 1-м Усебеларускім зьезьдзе “Маладняка”. 25 – 29 лістапада 1925 г. З фондаў БДАМЛМ

2011 — Галіна Сямдзянава, палітык, удзельніца нацыянальнадэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.

Галіна Сямдзянава
Галіна Сямдзянава

Яе імя ў маёй памяці найперш зьвязанае з трыма падзеямі найноўшай беларускай гісторыі.

24 жніўня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, што сабралася пасьля правалу маскоўскага антыдэмакратычнага путчу, дэпутатка Галіна Сямдзянава заносіць у Авальную залю Дому ўраду, дзе праходзіць паседжаньне, бел-чырвона-белы сьцяг.

Празь некалькі гадзін яна зганяе з трыбуны першага сакратара ЦК кампартыі А. Малафеева, які падтрымаў пучыстаў. Камуністычная большасьць Вярхоўнага Савету разгубілася. Дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, а ўвечары на плошчы абдымаліся і цалаваліся тысячы шчасьлівых людзей: Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце атрымала канстытуцыйную сілу, Беларусь — незалежная! Такія дні назаўсёды застаюцца ў гісторыі нацыі.

Ня згубіцца ў ёй і дзень 8 верасьня 1992-га. Тады, на чарговыя ўгодкі Аршанскай перамогі над маскоўскімі захопнікамі, тысячы беларусаў на чале з дэмакратычнымі дэпутатамі й сябрамі БЗВ — Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў — ужо на плошчы Незалежнасьці прымалі прысягу на вернасьць Беларусі. Галіна стаяла побач з Васілём Быкавым, старшынём БЗВ Міколам Статкевічам і гісторыкам Міхасём Ткачовым, і я бачыў на вачах у яе сьлёзы.

Яна нарадзілася ў сям’і савецкага афіцэра далёка ад Беларусі, скончыла інстытут у Куйбышаве, працавала ў абароннай прамысловасьці, а перад абраньнем у Вярхоўны Савет была на намэнклятурнай пасадзе старшыні Наваградзкага раённага камітэту народнага кантролю.

Як згадвае адзін з кіраўнікоў парлямэнцкай апазыцыі Сяргей Навумчык, зрабіўшыся дэпутаткай, Сямдзянава перад першай сэсіяй крытычна ставілася да БНФ.

Калі імкненьне да справядлівасьці й разуменьне, за кім гістарычная праўда, лічыць фэномэнам, то тут мы маем справу якраз зь ім. Зрабіўшы свой выбар, Галіна хутка аказалася ў шэрагу лідэраў незалежніцкай дэмакратычнай апазыцыі.

Яна была суаўтаркай канцэпцыі пераходу рэспублікі да рынкавай эканомікі, удзельніцай распрацоўкі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Стала аўтаркаю заканадаўчых прапановаў, скіраваных на стварэньне Беларускай арміі. Пра яе ўсё часьцей пачыналі гаварыць як пра магчымага міністра абароны.

Як старшыня Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў «Вяртаньне» Галіна дапамагла зноў ступіць на родную зямлю больш чым чатыром тысячам нашых землякоў з пагонамі.

Да 2010-га, дзесяць вельмі нялёгкіх для Беларускага Народнага Фронту гадоў, Сямдзянава працавала ў кіраўніцтве партыі БНФ, у тым ліку палову гэтага часу — намесьніцай старшыні.

Над сталом міністра абароны нэўтральнай і бязьядравай, дэмакратычнай Беларусі (некалі на гэтую пасаду абавязкова прыйдзе жанчына) павінен вісець партрэт Галіны Сямдзянавай.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.814-815.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG