Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці актывіста судзяць за адмову сьведчыць супраць блогераў Пятрухіна і Кабанава


Зьміцер Андрасюк перад пачаткам суду ў Берасьці

20 верасьня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця пачаўся суд над праціўнікам акумулятарнага заводу Дзьмітрыем Андрасюком.

Дзьмітрыя Андрасюка судзяць паводле артыкулу 402 КК «Адмова альбо ўхіленьне ад дачы паказаньняў»).

Дзьмітры знаходзіцца на волі, але гатовы да арышту, таму прыйшоў на суд з пакетам неабходных рэчаў. Справу берасьцейскага актывіста разглядае судзьдзя Аляксандар Семянчук.

У чым вінавацяць актывіста

Андрасюк праходзіў сьведкам па справе берасьцейскіх палітвязьняў, блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якіх у красавіку гэтага года асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму. Як распавёў Дзьмітры Андрасюк праваабаронцам, крымінальную справу на яго завялі за адмову адказваць на пытаньні судзьдзі, які разглядаў справу Пятрухіна і Кабанава, бо ён не паказаў службовае пасведчаньне судзьдзі.

«Я не меў намеру адмаўляцца і не адмаўляўся ад дачы паказаньняў. Саша [Кабанаў] і Сяргей [Пятрухін] тут ні пры чым – так здарылася, што мой першы ўдзел у крымінальным працэсе супаў з іх крымінальнай справай.

Для мяне гэта прынцыповае пытаньне. Я не абавязаны ні верыць, ні здагадвацца, ні разумець, ні фантазіяваць, хто перада мной стаіць – я хачу ведаць дакладна, хто да мяне зьвяртаецца. У любой сытуацыі».

Пракурор запытаў у суду пакараньне для Андрасюка ў выглядзе 3 месяцаў арышту. Прысуд абвесьцяць заўтра ў 9.30.

Судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Аляксандар Семянчук
Судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Аляксандар Семянчук

Дзьмітрыя Андрасюка абвінавачваюць у адмове даваць паказаньні ў крымінальнай справе супраць берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна (арт. 402 КК, «адмова альбо ўхіленьне сьведкі або пацярпелага ад дачы паказаньняў»). Пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф, папраўчыя работы тэрмінам да двух гадоў альбо арышт.

14 красавіка Кастрычніцкі суд Магілёва абвінаваціў блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Пятрухіна асудзілі яшчэ за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).

Судзьдзя Вольга Краўчанка пакарала мужчын трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Віны блогеры не прызналі. Рашэньнем суду кожнага з падсудных таксама абавязалі выплаціць па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле сьледзтва, зьняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.
Беларускія праваабаронцы прызналі блогераў палітвязьнямі.

Сяргей Пятрухін сёньня адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 3 на Віцебшчыне, Аляксандр Кабанаў — у ПК № 1 у Наваполацку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG