Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беласток — беларускі горад»: ці прачнуцца нацыянальныя дэманы?


Савецкая марка 1940 году

Як у Польшчы ўспрымаюць сьвяткаваньне ў Беларусі Дня нацыянальнай еднасьці 17 верасьня? Ці стаіць за антыпольскімі дэмаршамі Лукашэнкі Пуцін? Ці павялічваецца вайсковая пагроза Польшчы з тэрыторыі Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае былы часовы павераны Польшчы ў Беларусі, кіраўнік Цэнтру стратэгічнага аналізу Вітольд Юраш.

Юраш

  • Калі шчыра, то ніякай рэакцыі няма ў Польшчы на сьвяткаваньне ў Беларусі даты 17 верасьня.
  • Мала хто гэта заўважыў, людзі ня надта цікавяцца зьнешняй палітыкай.
  • А словамі Аляксандра Лукашэнкі мала хто наагул цікавіцца, бо зразумела, што ён скажа.
Вітольд Юраш
Вітольд Юраш
  • У 99.9% палякаў няма сумневаў, што мяжа паміж Польшчай і Беларусьсю знаходзіцца там, дзе яна ёсьць, і яна там і будзе знаходзіцца.
  • Горадня — гэта беларускі горад, Берасьце — гэта беларускі горад, Навагрудак — гэта беларускі горад. Тут ніякіх пытаньняў няма.
  • Да Другой сусьветнай вайны Горадня і Берасьце былі польскімі гарадамі, можна прыгадваць часы ВКЛ.
  • Але гэта ня мае ніякага значэньня для таго, што ёсьць, і што будзе.
  • Рабіць сьвята менавіта 17 верасьня — гэта правакатыўна і крыўдна.
  • 17 верасьня — гэта дзень нападу на Польшчу СССР, які тады быў саюзьнікам гітлераўскай Нямеччыны.
  • Не выпадае казаць пра «вызваленьне» Заходняй Беларусі.
  • Разам з Чырвонай арміяй ішлі аддзелы НКВД, якія забівалі людзей.
  • Але мы ня надта зьвяртаем на гэта ўвагу.
  • Мы прызвычаіліся да таго, што такі стыль сучаснай беларускай прапаганды.
  • Я вельмі шмат выступаў за дыялёг з рэжымам Лукашэнкі.
  • Але цяпер палітыка беларускіх уладаў і іх прапаганда такія, што нават я не выступаю за кампраміс з рэжымам у Менску, бо ня бачу ніякіх надзеяў на паразуменьне.
  • Наўрад ці можна ўзбудзіць польскія нацыянальныя жарсьці.
  • Уладзімір Пуцін значна мацнейшы за Лукашэнку і ён спрабаваў нацкаваць польскіх нацыяналістаў на Ўкраіну. У яго гэта атрымалася толькі часткова.
  • Пры ўсёй павазе да Аляксандра Рыгоравіча заўважу, што ён не такі моцны, як Уладзімір Уладзіміравіч. І ён гэта ведае.
  • Мы, палякі, адэкватныя.
  • Калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, то будуць гістарычныя сюжэты, па якіх меркаваньні беларусаў і палякаў будуць разыходзіцца.
  • Трэба ўлічваць адчувальнасьць суседа. Павага да суседа не азначае, што мы павінныя думаць так, як сусед. Але мы павінныя ўлічваць, як ён думае.
  • І гэтага бракуе ў выказваньнях Лукашэнкі, калі ён кажа, што Беласток і Вільня — гэта беларускія гарады.
  • Дыпляматычная нота ў адказ на «Беласток — беларускі горад» — гэта максымум, чаго можна чакаць.
  • Наконт таго, што Лукашэнка плюнуў палякам у душу — у нас такая ўнутраная палітычная барацьба, што ўсё плююць на ўсіх і мала хто на гэта зьвяртае ўвагу.
  • Больш небясьпечна тое, што адбываецца на мяжы.
  • Лукашэнка гуляе тую ж гульню, якую ў свой час гуляў прэзыдэнт Турэччыны Эрдаган — пасылае мігрантаў у Эўропу і ўзамен патрабуе палітычных саступак.
  • Я мяркую, што апрача іншага Лукашэнка такім чынам проста помсьціць.
  • Мы бачым, як гэта адбываецца ў Беларусі — ён помсьціць апазыцыянэрам у Беларусі, мігранцкім крызісам ён помсьціць Польшчы.
  • Доўгія гады Лукашэнка ўсё ж ведаў меру.
  • Большасьць польскіх экспэртаў заўсёды лічылі, што Лукашэнка — чалавек Масквы, стаўленік Масквы, марыянэтка Масквы.
  • Я мяркую, што гэта ня так, для Лукашэнкі Беларусь важная, ён успрымае яе, як сваё тварэньне.
  • Я нязгодны з думкай, што ён цалкам залежыць ад Масквы. Гэтая залежнасьць узмацняецца, але я ня думаю, што ён псыхалягічна залежыць ад Расеі.
  • Мы гаворым, што ў сучаснай Беларусі замала сувэрэнітэту.
  • Але я казаў, што альтэрнатывай зьяўляецца тое, што яго наагул ня будзе.
  • У траўні летась я напісаў, што калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі будуць масавыя выступы, то ўсё скончыцца гэтак жа, як і ў 2010 годзе.
  • Мяне многія папракалі, што я нічога не разумею, што сытуацыя кардынальна памянялася.
  • Яна сапраўды памянялася ў тым сэнсе, што на вуліцы выйшлі не 40-60 тысячаў чалавек, як у 2010 годзе, а 400 тысячаў.
  • Але ў выніку сілавікі здолелі здушыць гэтую рэвалюцыю.
  • І вынікам стала звужэньне беларускага сувэрэнітэту.
  • Няма доказаў таго, што міграцыйны крызіс робіцца з падачы Масквы.
  • Зразумела, Масква падтрымлівае Беларусь, хаця і выстаўляе рахункі.
  • Калі расейскія войскі будуць разьмешчаныя ў Беларусі, гэта найперш будзе пагражаць найперш Украіне і толькі ў другую чаргу — Польшчы і Літве.
  • Польскія экспэрты, якія займаюцца Беларусьсю, кажуць, што беларускае войска — гэта і так частка расейскага.
  • І таму, паводле іх, для Польшчы ўсё роўна, будзе першая гвардзейская армія РФ на мяжы з Польшчай ці пад Смаленскам.
  • А вайсковыя экспэрты лічаць інакш, яны мяркуюць, што з гледзішча бясьпекі Польшчы мае прынцыповае значэньне, дзе знаходзяцца войскі РФ.
  • Перадыслякацыя расейскіх войскаў празь Беларусь на польскую мяжу — гэта 4-5 дзён.
  • За гэты час можна перакінуць прынамсі амэрыканскія самалёты праз акіян, за гэты час можна прывесьці польскую армію ў баявую гатоўнасьць.
  • І я больш давяраю вайсковым экспэртам, чым палітолягам, якія займаюцца вызваленьнем Беларусі ад Лукашэнкі ўжо чвэрць стагодзьдзя.
  • Большасьць амэрыканскіх падразьдзяленьняў у Польшчы не знаходзяцца каля мяжы зь Беларусьсю.
  • Яны знаходзяцца на Захадзе Польшчы, бо амэрыканцы ня хочуць, каб у выпадку вайны іх сілы патрапілі пад першы ўдар расейскіх войскаў.
  • У выпадку вайны першыя некалькі дзён у Захаду будуць праблемы з авіяцыяй.
  • Расея нарошчвае свой вайсковы патэнцыял у Калінінградзкай вобласьці, нарошчвае свой патэнцыял у Беларусі, яна напала на Ўкраіну.
  • Калі нешта кажа, што NATO пагражае Расеі, а не Расея пагражае сваім суседзям — гэта хлусьня.
  • І няма іншага спосабу адказваць на гэты выклік Масквы, акрамя як нарошчваць свой вайсковы патэнцыял.
  • Зараз адбываецца «нуклерызыцыя» мовы Крамля, яны ўсё часьцей гавораць аб магчымасьці ўжываньня тактычнай ядзернай зброі.
  • У савецкія часы гэтага не было. Магчыма, савецкія генэралы яшчэ памяталі Другую сусьветную вайну.

Што было раней

  • 17 верасьня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на форуме «Сымбаль адзінства», заявіў: «У адносінах з усімі мы імкнемся да міру і сяброўства. Мы ніколі не квапіліся на чужы каравай ці кавалак зямлі. Нам свайго хапае. Мы нават не нагадваем ім, што Беласток і Беласточчына – гэта беларускія землі. І Вільня – гэта таксама беларускі горад і землі вакол. Мы ж пра гэта не гаворым»
  • Польшча ня будзе прымаць прашэньні аб прытулку ў парушальнікаў мяжы і забароніць ім уезд у Шэнген. 17 верасьня за такія папраўкі ў закон прагаласавала большасьць дэпутатаў Сэйму.
  • Матэвуш Маравецкі, кіраўнік польскага ўраду, заявіў 20 верасьня, што масавым наплывам мігрантаў, якія спрабуюць зь Беларусі нелегальна перасекчы мяжу Польшчы, кіруюць зь Менску і Масквы.

Што такое «Дзень народнага адзінства» ў Беларусі

Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».

Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».

У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG