Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь Беларусі выяжджаць не пляную». Экалягічны актывіст зь Берасьця тлумачыць, як трапіў пад арышт


Дзьмітры Андрасюк, архіўнае фота

Экалягічнага актывіста зь Берасьця Дзьмітрыя Андрасюка асудзілі на 3 месяцы арышту паводле артыкулу аб адмове сьведчыць. Напярэдадні абвяшчэньня прысуду ён расказаў, чаму стаў на тую прынцыповую пазыцыю, якая наўпрост вяла яго ў вязьніцу.

Дзьмітрыю Андрасюку 37 гадоў. Ён скончыў хімфак БДУ і па спэцыяльнасьці адпрацаваў ужо на некалькіх прадпрыемствах. Апошняе месца працы — у лябараторыі заводу «Цьветатрон», адкуль звольніўся 2,5 года таму. З таго часу ён беспрацоўны.

Дзьмітры — актывіст экалягічнага руху, ён далучыўся да пратэстаў супраць пабудовы акумулятарнага заводу, якія пачаліся ў Берасьці больш за 3 гады таму. За гэтую актыўнасьць Андрасюка чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці: у 2018 годзе двойчы штрафавалі на 20 базавых велічынь, праз год аштрафавалі ўжо на 40 базавых, а летась адправілі на 15 дзён пад адміністрацыйны арышт. Дзьмітры кажа, што пасьля таго знаёмства зь дзейнасьцю беларускіх судоў ён і зрабіў канчатковую выснову, якая ў верасьні прывяла яго на лаву падсудных ужо паводле артыкулу аб адмове даваць паказаньні як сьведка.

«Штрафы я спрабаваў аспрэчыць у законным парадку, даказваў у скаргах, што дзейнічаў адпаведна закону, што маю права на выказваньне сваіх думак, у тым ліку на мірным пікеце. Але ўсё марна.

Прычым скаргу на мой апошні штраф нават не прынялі для разгляду. У ёй упершыню назваў судзьдзю „асобай у чорным халаце“, што палічылі нібыта абразай суду.

Вось з таго часу я пэўна зразумеў, што судовай сыстэмы ў нас няма — ёсьць людзі, якія чамусьці завуцца судзьдзямі, хоць яны проста выканаўцы чужых загадаў, а для зручнасьці карыстаюцца кодэксамі», — мяркуе Дзьмітры Андрасюк.

Дзьмітры таксама лічыць недасканалай і заканадаўчую базу.

«Глядзіце: паводле Канстытуцыі, у нас нібыта падзел улады на выканаўчую, заканадаўчую і судовую. А паколькі Беларусь абвешчана дэмакратычнай краінай, значыць, галіны ўлады мусяць выбірацца. Па законе выбіраецца прэзыдэнт, які выбудоўвае выканаўчую ўладу. Выбіраецца парлямэнт — гэта заканадаўчая ўлада. А судзьдзяў ніхто не выбірае, і гэта нават не прапісана ў законе!

Я на свае вочы бачыў закон БССР, дзе было прапісана, як судзьдзяў выбіраць, а ў сучаснай Беларусі нават гэтага няма. Дык якая гэта галіна дэмакратычнай улады? І чаму я абавязаны верыць кожнаму чалавеку ў чорным халаце, што ён судзьдзя, калі ён нават не паказвае мне сваіх дакумэнтаў?» — тлумачыць сваю пазыцыю Дзьмітры Андрасюк.

«Паводле Канстытуцыі маю права азнаёміцца з усімі дакумэнтамі»

Пазыцыю што да паўнамоцтваў судзьдзяў Дзьмітры Андрасюк упершыню выказаў на судзе над берасьцейскімі актывістамі Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным, які праходзіў летась у Магілёве. Дзьмітры ў гэтай справе быў прызнаны сьведкам. Ён запэўнівае, што ад сваіх абавязкаў не адмаўляўся. Прыгадвае, як падчас сьледзтва даваў паказаньні, адказваў на ўсе пытаньні сьледчага.

«Гэта зафіксавана ў матэрыялах справы, — кажа Дзьмітры. — Сьледчыя, зь якімі я кантактаваў, без праблем паказвалі свае пасьведчаньні, называліся. А чаму з судзьдзём інакш, мне незразумела».

Мужчына ўспамінае, як позвай быў выкліканы ў магілёўскі суд на 11 лютага. Кажа, што напярэдадні адправіў у Магілёўскі абласны просьбу, каб яго азнаёмілі з дакумэнтамі судзьдзі, якая будзе весьці працэс. Спаслаўся на 34-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі і 72-і артыкул Кодэксу «Аб судзействе і статусе судзьдзяў».

«Паводле Канстытуцыі, я маю права быць азнаёмлены з усімі дакумэнтамі, якія мяне тычацца, а паводле кодэксу пра судзьдзяў, суд абавязаны гэтыя дакумэнты мне паказаць. І вось я прыехаў, цікаўлюся сваім зваротам, а яго, кажуць, яшчэ не атрымалі. „Як атрымаем, цягам 15 дзён будзе адказ“, — кажуць. А суд сёньня.

Тады складаю новы зварот, пакідаю яго ў канцылярыі, а сам разварочваюся і еду назад. Прычым паўтараю, што не адмаўляўся даваць паказаньні, але патрабаваў, каб спачатку мяне азнаёмілі з паўнамоцтвамі таго чалавека, які называе сябе судзьдзёй», — кажа Дзьмітры.

«Мне дастаткова было паглядзець на „корачкі“»

11 лютага Дзьмітры Андрасюк вярнуўся ў Берасьце, а ў Магілёве працэс над Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным працягваўся. 19 лютага берасьцейскія міліцыянты прымусова даставілі Андрасюка спачатку ў Маскоўскі РАУС Берасьця, а адтуль павезьлі ў абласны суд для ўдзелу ў працэсе над Кабанавым і Пятрухіным праз скайп.

«На маніторы ўбачыў судзьдзю Вольгу Краўчанка, ведаю, што гэтак яе звалі. Тады я папрасіў яе паказаць службовае пасьведчаньне. Мне дастаткова было толькі пабачыць „корачкі“, але яна і гэтага не зрабіла. Спаслалася на Крымінальна-працэсуальны кодэкс, паводле якога вядзе працэс, і адразу папярэдзіла мяне пра адказнасьць за адмову сьведчыць.

Я настойваў, каб яна паказала пасьведчаньне, і што тады дам паказаньні. Але нічога не зьмянілася. Ведаю, што ў выніку мае паказаньні зачыталі з матэрыялаў справы. Ну вось і ўсё», — расказаў пра той суд Дзьмітры Андрасюк.

У ліпені Дзьмітрыя выклікалі ў Сьледчы камітэт. Мужчына кажа, што на допыце сьледчая спакойна паказала пасьведчаньне, а ён даў усе патрэбныя паказаньні.

«Віны я адразу не прызнаваў і дагэтуль не прызнаю. Але пацьвярджаю, што ў судзе паказаньняў не даваў. Толькі не з прычыны адмовы. Проста да гэтага не дайшло. Судзьдзя не пацьвердзіла мне свае паўнамоцтвы, а я не абавязаны верыць на слова», — лічыць Андрасюк.

Суд за тую адмову ад дачы паказаньняў прызначылі на 20 верасьня. Паводле Дзьмітрыя, усё адбылося вельмі хутка. Судзьдзя, які разглядаў ягоную справу, таксама не паказаў пасьведчаньня, тады Дзьмітры папярэдзіў, што будзе маўчаць, і прамаўчаў увесь працэс.

«На ўсё хапіла недзе 40 хвілін. Замест мяне гаварыла папера, а там дакладна напісана, што ад дачы паказаньняў я не адмаўляўся, а проста патрабаваў, каб усё было па законе. І, адпаведна, апошняга слова ў мяне не было — а навошта? Усё зразумела», — кажа Дзьмітры.

«Баюся толькі за вочы»

На абвяшчэньне прысуду Дзьмітры Андрасюк ішоў з рэчамі, якія яму спатрэбяцца ў вязьніцы.

«Хутчэй за ўсё, гэта будзе Баранавіцкі арыштны дом. Ужо холадна, таму ўзяў цёплую вопратку, сродкі гігіены, канвэрты і пісьмовыя прылады, некалькі кніг. Я хоць і гарадзкі чалавек, але вырас у вёсцы, бытавыя абмежаваньні мяне не палохаюць. Адзіная праблема — вочы. За іх баюся. Мне трэба, каб была магчымасьць чытаць, а ў берасьцейскім ізалятары з гэтым было складана. Там асьвятленьне зусім дрэннае. Што будзе цяпер, ня ведаю», — сказаў перад судом Дзьмітры Андрасюк.

Аб сваёй экалягічнай актыўнасьці Дзьмітры не шкадуе. Кажа, што барацьба за экалёгію для яго стала сэнсам жыцьця. І змаганьне за закрыцьцё акамулятарнага заводу ў Берасьці, мяркуе Дзьмітрый, было плённым, бо станоўча паўплывала на вялікую колькасьць людзей, хоць пакуль не дало чаканага выніку.

«Чалавек мусіць жыць ў чыстым асяродзьдзі, дыхаць чыстым паветрам. У пэўным сэнсе я ніякі не патрыёт Беларусі, але і выяжджаць нікуды не пляную. Лічу сябе хутчэй патрыётам ўсё плянэты Зямля, зь якой нам нікуды ня зьехаць. Мы мусім яе берагчы, а значыць, берагчы і той куточак, у якім жывём», — лічыць Дзьмітры Андрасюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG