Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы не зрабілі працу над памылкамі». Як жыве дзяўчына, на якую даносілі 7 разоў


Ілюстрацыйнае фота.

Дзякуючы зьлітай базе званкоў ад «кібэрпартызанаў» многія даведаліся, што на іх даносілі суседзі і нават блізкія. Пагаварылі зь дзяўчынай, на якую прыйшло 7 даносаў.

Наста хадзіла на акцыі, вывешвала сьцяг са свайго акна. А з базы «кібэрпартызанаў» даведалася, што на яе прыйшло ў міліцыю ажно 7 даносаў.

«На дваровыя імпрэзы даносаў не было»

«Менавіта гэтых людзей я ня ведаю. Адна жанчынка — суседка па пад’езьдзе. Мяркую, што гэта яна некалькі разоў званіла ў ЖЭС і пагражала выклікаць міліцыю за налепкі ў падʼезьдзе, і адзін раз прыехаў бус з АМАПам, але мне пашчасьціла — гэта было, здаецца, 25-га, на сьвята. Мы ўключылі музыку, вывесілі сьцяг і пайшлі ў краму, каб яшчэ здалёк палюбавацца. Але ў гэты вечар дамоў не давялося вярнуцца, шукалі мяне па ўсім раёне, таму начавала ў сяброўкі», — прыгадвае дзяўчына.

Зрэшты, усе гэтыя даносы Наста называе «драбязой».

«На дваровыя сьвяты даносаў няма. На нашых сьвятах заўсёды было багата дзяцей, рознага смачнага, і, акрамя музыкаў, яшчэ розныя адукацыйныя мерапрыемствы. Дзякуючы менавіта дваровым сьвятам мы пашырылі ў некалькі разоў свой чат. І гэта было вельмі крута! Падумала, што колькі нашых людзей у чаце! У параўнаньні з гэтым тыя даносы — драбяза», — мяркуе Наста.

Адзін раз сусед дзяўчыны выклікаў на яе міліцыю, але тады яна пасьпела ўцячы.

«Уначы мы рабілі мурал, а сусед выклікаў у гэтую ноч міліцыю. Мы ўсё пасьпелі, я вярнулася дахаты і з вакна пабачыла, як прыехала міліцыя. Дык у гэтага мужыка-ябацькі доўгі час вісеў чырвона-зялёны сьцяг, а потым ён яго зьняў. Думалі — у пральку, але дагэтуль яго не вяртае», — кажа Наста.

«Ёсьць разуменьне, што рабіць далей»

На думку Насты, даносы — паказчык таго, што беларусы ня памятаюць пра сталінскія часы і пра Курапаты.

«Даносы — добры паказчык таго, што беларусы (дзякуючы ў тым ліку дзяржаўнай палітыцы) не зрабілі працу над памылкамі. Як у свой час зрабілі немцы. І гэта як яшчэ адзін доказ, што ў новай краіне перад намі стаіць багата задач, адна зь якіх — распаўсюд памяці пра Курапаты, пра рэпрэсіі. І вось ужо гэта будзе адзін з абавязковых пунктаў у маёй дваровай дзейнасьці. Не разьлічваю на тое, што прыйдуць гэтыя здраднікі і штосьці зразумеюць, але іхныя дзеці і ўнукі, як у школах, так і ў двары, прынясуць гэта дамоў», — разважае дзяўчына.

Наста кажа, што ў яе «ёсьць пазытыўны настрой і разуменьне таго, што трэба рабіць».

«Багата сяброў вымушаныя былі зьехаць. Ад гэтага троху сумна. Агульна, можа, такое адчуваньне і складаецца — мала актыўнасьці. Нават некаторыя кажуць, што не хапае трыгера. Але ў нашай супольнасьці ёсьць пэўнае бачаньне, што трэба рабіць, што трэба людзям (багата размаўляем з рознымі людзьмі) і як павінны далей разгортвацца падзеі. Таму, нягледзячы ні на што, у нас вельмі пазытыўны, энэргічны настрой!» — падсумоўвае Наста.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG