Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Верце і набліжайце лепшыя часы». Анархісты з «групы Аліневіча» чакаюць суду


Ліст Ігара Аліневіча з-за кратаў

Некаторыя зь фігурантаў «справы анархістаў» паведамілі родным у лістах, што скончылі знаёміцца з матэрыяламі справы.

Анархісты Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў праходзяць па адной справе — усіх іх вінавацяць ва ўчыненьні тэрактаў.

Затрымалі іх у канцы кастрычніка непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Ужо амаль год яны ў СІЗА КДБ.

Свабода паразмаўляла з маці Ігара Аліневіча Валянцінай і сястрой Дзьмітрыя Дубоўскага Юліяй і даведалася апошнія навіны ад зьняволеных.

«Наконт функцыянаваньня судовай сыстэмы ўжо даўно ілюзіі зьніклі»

«Адвакаты пад падпіскай аб неразгалошваньні, таму ні дакладнай даты заканчэньня сьледзтва, ні прозьвішчаў сьледчых, ні іншых дадзеных, у адрозненьне ад мінулага раза, сёньня я ня ведаю», — кажа Валянціна Аліневіч. (У 2011 годзе Аліневічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы ў тым, што кінуў кактэйль Молатава на тэрыторыю амбасады Расеі ў Беларусі. — РС)

Па словах жанчыны, у цяперашнім становішчы, калі ўсю інфармацыю старанна хаваюць ад родных абвінавачаных, пра новыя дэталі ў справе сына яна даведваецца ў асноўным зь ягоных лістоў.

У адным зь іх Ігар абмовіўся, што знаёміцца з матэрыяламі справы.

«І, хутчэй за ўсё, на мінулым тыдні яны [анархісты] ужо скончылі азнаямленьне, — кажа суразмоўца. — Потым пройдуць далейшыя працэдуры, і падобна, што суд ужо не за гарамі».

Фрагмэнт ліста Ігара Аліневіча з-за кратаў
Фрагмэнт ліста Ігара Аліневіча з-за кратаў

Паводле Валянціны Аліневіч, мяркуючы па прад’яўленым абвінавачаньні, хлопцам пагражаюць «вельмі вялікія тэрміны».

«А што будзе на самой справе, я нават не ўяўляю, лёгіка там не працуе... Паколькі ў нас не да законаў, думаю, што суд будзе ўсё ж такі закрыты».

Валянціна расказала, што разам з мужам тыдзень таму падала заяву на спатканьне з сынам. Адказу не атрымалі.

«Мінулым разам [10 гадоў таму. — РС] я ведала, што начальнік сьледзтва быў катэгарычна супраць прадстаўленьня спатканьня менавіта мне, такую магчымасьць далі толькі мужу. Можа, у іх больш павагі да яго было... Але, падобна, зараз яны ня хочуць даць сустрэчу нам абаім, — кажа Валянціна. — Яны [супрацоўнікі сілавых структураў] хаваюць свае твары, свае прозьвішчы і баяцца ўзяць адказнасьць на сябе нават у такіх справах, як адмова або згода на спатканьне».

«Усе высновы зробім пазьней, а пакуль трэба набрацца сіл і цярпеньня»

Адказу на заяву з просьбай дазволіць сустрэчу ў СІЗА пакуль не атрымала і сястра Дзьмітрыя Дубоўскага Юлія.

«Надзеі няма. Яшчэ ніхто ня здолеў сустрэцца да суду. А брата я ня бачыла 11 гадоў [пасьля масавых затрыманьняў анархістаў у 2010 годзе Дубоўскі 10 гадоў хаваўся ад перасьледу. — РС], — кажа Юлія. — Спадзяюся, дадуць спатканьне прынамсі пасьля прысуду. Трымаецца [Дзьмітры] годна. Я яму перадавала заспакаяльныя лекі, каб прыняў перад судом, але ён напісаў, што стараецца і без таблетак спраўляцца».

Па словах Юліі, Дзьмітры таксама, як і Ігар, ужо азнаёміўся з матэрыяламі справы. Пра гэта ён паведаміў у сваім лісьце ад 12 верасьня.

«... Вагончык наш, нават ня ведаю як сказаць, здаецца, хутчэй стаіць на месцы, чым коціцца, — напісаў Дзьмітры Дубоўскі ў адным з лістоў. — Толькі пасажыры не-не, ды і зьмяняюцца... Думаю, суд будзе цікавы, але і суровы, вядома ж, бачна і зразумела, што прыцягнута ўсё пад цяжкі артыкул. Час такі, аднак... Пакуль вывучаў справу, то не асабліва браўся за кнігі, тым ня менш вось прылаўчыўся ўсё ж раніцай аддаваць ім час. Прачытаў Сяргея Даўлатава „Зона“, цяпер чытаю ягоны ж „Кампраміс“.... Усім прывітаньне і веры ў лепшае! Усе высновы зробім пазьней, а пакуль трэба набрацца сіл і цярпеньня... З салідарнасьцю! P.S. „Няма сьведак больш страшных ці абвінаваўцаў больш бязьлітасьных, чым сумленьне, якое пасяляецца ў кожнай душы“».

«Ня падае духам, таму што іншага выйсьця няма»

Сваякі фігурантаў так званай «групы Аліневіча» неаднаразова падкрэсьлівалі, што лісты і перадачы зьняволеным перадаюць амаль заўсёды толькі ад блізкіх родных.

Сёньняшняя сытуацыя з карэспандэнцыяй, па словах Валянціны Аліневіч, не зьмянілася — «як было дрэнна, так і засталося». Яна мяркуе, што беларусы «ведаюць толькі частку айсбэрга». На яе думку, людзей, якія сядзяць у «амэрыканцы» і ў іншых турэмных установах, сёньня значна больш, чым пра гэта пішуць праваабаронцы і СМІ.

«Там пастаянна новыя зьняволеныя, няспынны рух. Я бачу гэта па перадачах — іх настолькі шмат, што пункт іх прыёму ў СІЗА КДБ перанесьлі ўнутр двароў. Гэта, як і прозьвішчы сьледчых і судзьдзяў — нельга паказваць шчасьлівай грамадзкасьці. А ўсё тлумачыцца тым, што, маўляў, паглядзіце, якія мы вам добрыя ўмовы стварылі — паставілі лаўку, пад паветкаю, ня трэба цяпер мокнуць...» — кажа Валянціна.

Па яе словах, Ігар, нягледзячы на цяжкія ўмовы ўтрыманьня, у лістах пастаянна турбуецца пра родных, стараецца іх падтрымліваць.

«Людзі, якія знаёмыя зь Ігарам, ведаюць, што ён аскет, чалавек, які ня будзе скардзіцца. Ягоны стан вызначыць вельмі цяжка нават маці, — прызнаецца Валянціна. — Лісты яго аптымістычныя. Ён ня падае духам, таму што іншага выйсьця няма».

«Будзьце моцнымі духам, верце і набліжайце лепшыя часы, яны абавязкова надыдуць»

Юлія Дуброўская таксама падкрэсьлівае, што, нягледзячы на будучыя выпрабаваньні, брат трымаецца. У доказ жанчына цытуе адзін зь ягоных апошніх лістоў:

«(...) Было б неяк спакайней на душы, калі б было разуменьне, што з гэтага махавіка можна вырвацца ў бліжэйшай пэрспэктыве, але гэтага ж ніхто ня ведае, мой лёс ужо цалкам у руках гэтай сыстэмы. (....) У любым выпадку ад гэтага ўжо нікуды ня дзецца і прыйдзецца неяк перажыць. Галоўнае, што па сваім унутраным стане магу сказаць, што праверку часам прайсьці гатовы, у астатнім ужо будзе бачыцца па абставінах. І ты там, сястра і ўсе астатнія, будзьце моцнымі духам, верце і набліжайце лепшыя часы, яны абавязкова надыдуць!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG