Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хрэн вам, а ня хуткая». Новыя сьведчаньні пра катаваньні ў турме на Акрэсьціна


Турма на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі сям’ю — Кацярыну і Аляксандра (імёны зьмененыя ў мэтах бясьпекі). Пасьля ператрусу і допыту ў Сьледчым камітэце іх арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Ён увесь тэрмін правёў у ЦІП на Акрэсьціна, яна трапіла яшчэ і ў ІЧУ Баранавічаў.

Маладыя людзі расказалі Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра ўмовы для «сутачнікаў» у жніўні: відэакамэры над «гаршком», мэтады лячэньня COVID-19 і адмову выклікаць хуткую дапамогу хлопцу з прыступам эпілепсіі.

Утрыманьне на Акрэсьціна Кацярына называе «сапраўдным катаваньнем»: сьвятло гарыць 24/7, будзяць а другой і чацьвёртай гадзіне ночы, у душ і на шпацыр ня водзяць, ад сваякоў ні лістоў, ні перадач, ні лекаў. Перадачы аддалі толькі пры вызваленьні, а лісты так і не дайшлі.

Камэры ў ізалятары перапоўненыя: мужчын на чатыры месцы — 20–22, жанчын — прыкладна 18. За 15 сутак праз камэру Аляксандра прайшло каля 60 чалавек — склад тройчы цалкам абнавіўся.

У Баранавічах у дзяўчат было 10 чалавек у дзесяцімеснай камэры, а ў хлопцаў — 20 чалавек на 10 «шконак».

Сям’я адзначае, што амаль палова затрыманых перахварэлі на ковід. Мэддапамога не аказваецца наогул. Калі жанчынам давалі парацэтамол, валідол (яго выкарыстоўвалі замест таблетак ад кашлю) і ватку з борнай кіслатой, каб сагрэць вуха, то мужчыны не атрымлівалі нават гэтага.

Кацярына ўзгадвае: калі ў сукамэрніцы пачаліся курчы ад недахопу кальцыю, дзяжурныя патэлефанавалі яе сваякам і папрасілі прывезьці лекі. Пры гэтым іншая зьмена на аналягічныя просьбы адмовіла.

У адной з камэр хлопцы каля 10 хвілін націскалі трывожную кнопку, бо ў аднаго здарыўся эпілептычны прыпадак і яму трэба было тэрмінова аказаць дапамогу. Замест хуткай прыйшлі двое дзяжурных, паглядзелі на хлопца з прыступам і сказалі проста «патрымаць яму язык і перавярнуць тварам уніз». Пры гэтым дадалі: «Хрэн вам, а ня хуткая».

Кацярына расказвае, што на Акрэсьціна ежа была агідная, зь ядомага — толькі супы і грэчка. У хлеба амаль заўсёды канчаўся тэрмін прыдатнасьці і ён быў зь цьвільлю. Пры гэтым два-тры разы на тыдзень давалі сьвежую гародніну. Але раз-пораз яе замянялі сапсаванымі бочкавымі памідорамі.

Акрамя таго, у арыштаваных адбіраюць грошы з асабістых рэчаў у лік аплаты за харчаваньне. Праз тое, што ў Кацярыны і Аляксандра з сабою не было наяўных, на тэчцы зь іхнымі справамі нават зрабілі адпаведную пазнаку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG