Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Веньямін: Грэх хлусіць, што праваслаўе забараняе вакцынацыю ад COVID-19


Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Веніямін

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Веньямін выступіў з адмысловым зваротам з нагоды павялічэньня выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю.

У сваім звароце ён зьняпраўдзіў некаторыя погляды на гэтую хваробу і спосабы засьцярогі ад яе.

У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Мы ведаем з гісторыі, што вакцынацыя ад розных хваробаў выратавала мільёны чалавечых жыцьцяў, а Праваслаўная царква заклікала з мудрай разважлівасьцю ставіцца да захадаў, што прымаюцца, каб абмежаваць распаўсюд інфэкцыйных захворваньняў.

Таму памылковым зьяўляецца сьцьвярджэньне, што прынцыповая адмова ад вакцынацыі як такой можа быць абумоўленая праваслаўным веравучэньнем. Выбар на карысьць прышчэпкі ці адмовы ад яе зьяўляецца індывідуальным рашэньнем кожнага чалавека, якое прымаецца на аснове асабістых перакананьняў, ведаў, жыцьцёвага досьведу, а таксама з улікам інфармацыі пра магчымыя наступствы вакцынацыі, атрыманай ад мэдычных супрацоўнікаў, прадстаўнікоў навуковай супольнасьці.

Разам з тым недапушчальным і грахоўным зьяўляецца распаўсюд ілжывых вучэньняў, якія атаясамляюць вакцынацыю з „прыняцьцем пячаткі антыхрыста“, роўна як і сьцьвярджэньняў аб тым, што шляхам вакцынацыі нібыта робіцца таемнае чыпаваньне чалавецтва».

Падчас апытаньня, якое правёў Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук у сакавіку сёлета, 42,8% рэспандэнтаў паведамілі аб адмоўным стаўленьні да вакцынацыі ад COVID-19, 43,7% адзначылі тады станоўчае стаўленьне да прышчэпак ад каранавірусу, а 13,5% не змаглі адказаць адназначна.

Адзін з аўтараў дасьледаваньня патлумачыў у верасьні такія лічбы сакавіцкага апытаньня «недастатковай інфармаванасьцю» рэспандэнтаў, бо масавая вакцынацыя ў Беларусі пачалася толькі ў красавіку, празь месяц пасьля апытаньня.

У Беларусі цяпер вакцынаваліся 18.5% насельніцтва, 15% атрымалі дзьве дозы вакцыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG