Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol расказаў новыя акалічнасьці падзеяў вакол сьмерці Рамана Бандарэнкі


Пасьля прыпыненьня Генпракуратурай справы аб забойстве Рамана Бандарэнкі ініцыятыва былых сілавікоў ByPol расказала пра новыя акалічнасьці падзеяў вакол сьмерці Рамана Бандарэнкі.

24 верасьня ByPol апублікаваў дапоўненае расьсьледаваньне гібелі Рамана Бандарэнкі. У ім збольшага паўтараюцца імёны, агучаныя пасьля папярэдняй праверкі яшчэ ў студзені.

З новага — фігура кіраўніка менскага АМАПу Дзьмітрыя Б. Сюжэт відэа ByPol будуецца вакол запісу тэлефонных размоў, як сьцьвярджаецца, Дзьмітрыя Б. з Натальляй Э. (імаверна, прэсавай сакратаркай Лукашэнкі), а таксама камандзірам групы АМАПу, якая была на месцы, Русланам К.

Таксама, у параўнаньні з папярэдняй праверкай, у сьпіс імёнаў «групы Натальлі Э.» дадалі імя, як сьцьвярджаецца, «асабістай лекаркі Лукашэнкі» Алены К., аб прысутнасьці якой у раёне «плошчы Пераменаў» ByPol паведамляў у лютым, ужо пасьля публікацыі папярэдняй праверкі.

Такім чынам, кола падазраваных, паводле ByPol, выглядае наступным чынам:

Група «неабыякавых грамадзянаў» пад кіраўніцтвам Натальлі Э.

  • Натальля Э.
  • Дзьмітры Б.
  • Алена К.
  • Ганна Э.
  • Дзьмітры Ш.
  • Павал В.
  • Жанэт В.

Дзьве групы сілавой падтрымкі

  • Байцы СОБР С., Ц., А., Б., С.
  • Група АМАПу пад кіраўніцтвам Руслана К. (у адрозьненьне ад папярэдняй праверкі, імёны байцоў АМАП не называюцца).

2 лістапада 2020 году, за 9 дзён да інцыдэнту з Раманам Бандарэнкам, паводле апублікаванага ByPol запісу тэлефоннай размовы, Натальля Э. абмяркоўвае зь Дзьмітрыем Б. сілавую падтрымку «паляваньня». Згадваецца ў тым ліку «плошча Перамен» — двор дому на вуліцы Чарвякова, дзе жыў Раман. Паводле ByPol, 2 лістапада «група Э.» паехала ў Новую Баравую, дзе нечакана сустрэла адпор мясцовых жыхароў. Пасьля гэтага Э. з Б. дамовіліся пра больш шчыльную падтрымку.

6 і 7 лістапада ў тэлефонных размовах, апублікаваных ByPol, вядзецца пра важнае заданьне ў каардынацыі з кіраўніком менскага АМАПу Дзьмітрыем Б., намесьнікам міністра ўнутраных спраў Аляксандрам Б., старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй К. і Натальляй Э. ByPol робіць выснову, што гэтыя людзі — блізкая да Лукашэнкі група па асаблівых даручэньнях. ByPol таксама сьцьвярджае, што згаданае важнае заданьне — гэта адключэньне вады ў Новай Баравой, але наўпрост у агучаных запісах размоў сутнасьць заданьня не гучыць.

10 лістапада Натальля Э. звоніць Дзьмітрыю Б., каб дамовіцца пра сурʼёзны рэйд на наступны дзень, «імкнучыся рэабілітавацца ў вачах гаспадара», які раскрытыкаваў яе за недастатковую актыўнасьць, сьцьвярджае ByPol.

11 лістапада здарыўся інцыдэнт з Раманам Бандарэнкам. Пасьля прымяненьня сілы Дзьмітрыем Ш. перад пагрузкай у мікрааўтобус СОБРу Рамана Бандарэнку адзін з собраўцаў рэзка ўпусьціў галавой аб зямлю. ByPol сьцьвярджае, што гэта Яўген Ц. У папярэдняй праверцы ягонае імя таксама называлася, але з пазнакай «меркавана».

23:32. Руслан К. паведаміў Дзьмітрыю Б., што ў дзяжурную частку адвезьлі пʼянага затрыманага: «Пакуль везьлі, ён заснуў». Гэта можа сьведчыць, што на момант званка Бандарэнка ўжо быў у вельмі цяжкім стане ад чэрапна-мазгавой траўмы, бо, як вядома, алькаголю ў крыві Рамана не знайшлі, гаворыцца ў расьсьледаваньні ByPol.

У 23:04 для Бандарэнкі ўпершыню выклікалі з пастарунку хуткую дапамогу. Праз пару хвілін зноў пазванілі ў «хуткую» і паведамілі, што ён траціць прытомнасьць, алькаголем ня пахне. Гэтыя матэрыялы ByPol публікаваў і раней. З новага — званкі на раніцу наступнага дня.

12 лістапада ў 7:54 дзяжурны АМАПу дакладае Дзьмітрыю Б., што амапаўцы забралі Бандарэнку зь мікрааўтобуса СОБРу ўжо ў цяжкім стане. Празь дзьве хвіліны Дзьмітры Б. звоніць начальніку менскай міліцыі Міхаілу Г.: «Я думаю, там Шакута недзе прыклаўся». «Нашыя яго і пальцам не краналі», — вынікае з апублікаванага ByPol запісу размовы.

ByPol таксама апублікавала запіс, на якім, як сьцьвярджаецца, камандзір групы АМАП Руслан К. і Дзьмітры Б. дамаўляюцца даць паказаньні, зь якіх вынікае, што Бандарэнку не забралі ў собраўцаў, а знайшлі на вуліцы каля прыпынку ў непрытомным стане. Руслан К. у наступным званку сказаў, што даў паказаньні яшчэ і пра тое, што ад Бандарэнкі чуўся пах алькаголю.

З вышэйпададзенай інфармацыі ByPol робіць выснову, што група пад кіраўніцтвам Натальлі Э. пры падтрымцы СОБРу ўступіла ў канфлікт зь мясцовымі жыхарамі, у якім адзначыўся Дзьмітры Ш. У выніку байцы СОБРу схапілі Рамана Бандарэнку і празь нейкі час перадалі яго АМАПу ў цяжкім стане. АМАП даставіў яго ў Цэнтральны РУУС.

У ліку падазраваных, названых ByPol:

  • Дзьмітры Ш., які першы 11 лістапада прымяніў да Рамана Бандарэнкі фізычны гвалт.
  • Яўген Ц., баец СОБРу, які, як сьцьвярджае ByPol, перад пагрузкай Рамана ў мікрааўтобус выцяў яго галавой аб зямлю.
  • Астатнія чальцы каманды СОБРу (С., Ц., А., Б., С.), якія былі з Бандарэнкам у мікрааўтобусе цягам 20 хвілін да перадачы ў цяжкім стане амапаўцам.

«Сьмерць Рамана Бандарэнкі, безумоўна, ляжыць на сумленьні асабіста дыктатара і ягоных прыдворных слуг, — падсумовае ByPol, — а таксама іншых згаданых карнікаў».

«Але непасрэдна крымінальную адказнасьць за гібель Рамана панясуць шараговыя верныя псы рэжыму, якія бяздумна выконваюць усякі аддадзены ім загад, у тым ліку заведама злачынны», — сьцьвярджае ByPol і адзначае, што адзіная акалічнасьць, якая яшчэ мае значэньне для вызначэньня крымінальнай адказнасьці — «як хутка і наколькі шчыра» кожны зь выканаўцаў «адважыцца сказаць праўду пра падзеі 11 лістапада на „плошчы Перамен“».

Пакуль жа, лічыць ByPol, Генпракуратура хавае забойцаў Бандарэнкі.

ByPol — гэта ініцыятыва былых сілавікоў, якія адмовіліся служыць Лукашэнку і пайшлі ў адстаўку, арганізаваўшы за мяжой шэраг расьсьледаваньняў дзеяньняў былых калег у задушэньні пратэстаў у Беларусі.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG