Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое рашэньне прыняў суд у Гомлі па зьмене рэжыму для грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ?


Суд над Натальляй Хершэ. Менск, 7 сьнежня 2020 г.

Суд Чыгуначнага раёну Гомля 24 верасьня павінен быў разгледзець справу «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмяненьні ўмоў рэжыму» для палітзьняволенай грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ. Гэтае паседжаньне значылася ў раскладзе суду.

Паводле нашых крыніцаў, справу судзьдзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэньні ў папраўчай жаночай калёніі, дзе Натальля адбывае тэрмін.

Рашэньне суду пакуль невядомае. У калёніі брату Натальлі Генадзю Касьяну сказалі, што не даюць такой інфармацыі, а сакратара суду не было на працоўным месцы. Генадзь Касьян мяркуе, што рашэньне будзе вядомае ў панядзелак.

«У калёніі лічаць, што Натальля пастаянна парушае правілы ўнутранага распарадку, і з гэтай прычыны яна пераведзена ў ПКТ. Але трымаць яе ўвесь час у ПКТ яны ня могуць, — кажа Генадзь. — Я думаю, што ёй будуць мяняць рэжым на больш жорсткі».

За што пакаралі грамадзянку Швайцарыі

Натальля Хершэ ў зьняволеньні больш як год. Яе затрымалі 19 верасьня 2020 году пасьля «Жаночага маршу». У сьнежні ёй прысудзілі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму за сарваную з супрацоўніка АМАПу балаклаву.

Турэмны тэрмін ураджэнка Воршы адбывае ў папраўчай калёніі ў Гомлі. Брат палітзьняволенай Генадзь Касьян за апошнія чатыры месяцы атрымаў ад сястры толькі адзін ліст, у якім тая напісала, што цікавіцца творамі Салжаніцына і спрабуе бавіць час з карысьцю для цела і розуму.

За час зьняволеньня Хершэ пасьпела пабываць у штрафным ізалятары і памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў.

З атрыманага ў верасьні ліста Генадзь Касьян зрабіў выснову аб тым, што ў ПКТ Натальлю не займаюць працай, і ў яе ёсьць больш вольнага часу для самаадукацыі. Падчас паўгадзінных прагулак яна займаецца спортам. Піша скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў калёніі і просіць брата даведацца, што адбываецца зь яе заявамі.

Вядома, што Натальлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць заяву аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але яна катэгарычна адмовілася рабіць гэта. Сваёй віны яна не прызнае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG