Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat — пра ролю КДБ у справе «вагнэраўцаў» і агентаў ФСБ сярод беларусаў ва Ўкраіне


Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам. Ліпень 2020.

Кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў міжнароднай групы Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што КДБ Беларусі кантраляваў затрыманых на беларускай тэрыторыі ў ліпені 2020 году прадстаўнікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пасьля іхнага перасячэньня расейска-беларускай мяжы.

«Відавочна, што ў Беларусі КДБ назірае за кожным замежнікам: рэгіструюць кожнага чалавека, пачынаюць сачыць за ім ад моманту перасячэньня мяжы. Можна было прадбачыць, што, пакінуўшы на 4-5 дзён 33 мужчын з вайсковым мінулым, апэрацыя сарвецца», — сказаў Хрыста Грозеў у інтэрвію ўкраінскаму радыё «НВ».

Хрыста Грозеў мяркуе памылковай рэакцыю ўкраінскіх уладаў на зрыў апэрацыі сваіх спэцслужбаў. «Тут могуць быць легітымныя, але памылковыя дзеяньні. Магчыма, адміністрацыя прэзыдэнта (Украіны) палічыла, што плюсоў ад гэтага запаволеньня больш, чым мінусаў і рызыкаў. Нам здаецца гэта нелягічным і памылковым рашэньнем, але ў той момант некаму яно здавалася правільным. Таму нельга казаць абавязкова пра тое, што нехта „зьліў“ гэтую апэрацыю. Хутчэй за ўсё, гэта была тактычная і стратэгічная памылка, але яна крытычная».

«Для мяне найбольшая памылка — напалову сарваную апэрацыю не пераўтварылі на вялікі плюс для Ўкраіны. Называючы апэрацыю апэрацыяй, публікуючы адразу ўсе тэлефанаваньні, тысячы словаў прызнаньняў наймітаў — гэта дала б доказную базу ў шматлікіх судовых справах, якія зараз ідуць, у тым ліку, у Гаазе і Страсбургу. Для мяне важней паказаць, наколькі прыніжальнай гэтая апэрацыя была для расейскіх спэцслужбаў, бо ўсё гэта прайшло паўзь іх, яны нічога не зразумелі», — дадаў Хрыста Грозеў.

10 верасьня часовая сьледчая камісія Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якая расьсьледавала сытуацыю з затрыманьнем «вагнэраўцаў» у Менску і перадачай іх Расеі, заявіла, што спэцслужбы Ўкраіны сапраўды спрабавалі выцягнуць «вагнэраўцаў» ва Ўкраіну, але рэалізацыю апэрацыі зьмянілі на пэўным этапе спэцслужбы Расеі і Беларусі.

У прыватнасьці, кіраўніца камісіі Мар’яна Бязугла паведаміла, што сярод 33 «вагнэраўцаў» была адна «асоба, якая працавала на спэцслужбы Беларусі».

Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33-х расейскіх грамадзянаў. Улады Беларусі заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею.

Агенты ФСБ — сярод грамадзян Беларусі

Кіраўнік аддзела расьсьледаваньняў Bellingcat заявіў, што ва Ўкраіне працуе «вялізная колькасьць» агентаў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, у тым ліку сярод беларускіх грамадзян, якія нібыта ўцякалі зь Беларусі ад крымінальнага перасьледу пасьля акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

«Частка зь іх была завэрбаваная ФСБ сярод супрацоўнікаў у вашых (украінскіх) спэцслужбах яшчэ ў пачатку вайны. Гэта першы сэгмэнт. Другі сэгмэнт — гэта людзі, якіх закідвае ФСБ сярод, напрыклад, эмігрантаў, уцекачоў зь Беларусі. Яны знайшлі Ўкраіну ў якасьці аднаго з месцаў, дзе могуць цяпер свабодна працаваць. Сярод іх укідваюцца такія памочнікі, якія рэальна зьяўляюцца агентамі ФСБ», — патлумачыў Хрыста Грозеў.

У той жа час кіраўнік аддзела расьсьледаваньняў Bellingcat паведаміў, што пакуль не завяршылі сваё расьсьледаваньне гібелі прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова.

«Мы працуем з групай журналістаў зь Беларусі, зь беларускімі партызанамі. Гэта вельмі маштабнае расьсьледаваньне, на якое спатрэбіцца яшчэ некалькі месяцаў, на жаль», — дадаў Хрыста Грозеў.

Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому.

У паліцыі назвалі дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. Улады дагэтуль не называлі прычыну ягонай сьмерці, матывуючы тым, што пакуль не завершаныя судова-мэдычныя экспэртызы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG